АДДЗЯЧЫЦЬ НІВА ЎРАДЖАЕМ

Общество

…СПАКОЙНА ідзе па полю камбайн. Жняярка захоплівае спелае, налітае сонцам калоссе. Здаецца, яго шорах стаіць над хлебнай нівай. Нягледзячы на тое, што матор заглушае гэты шум, хлебаробы чуюць мелодыю жніва…


Гарачая пара ўжо даўно закончылася, але ўдзельнікі ўборачнай час ад часу ўспамінаюць, калі даводзілася працаваць суткамі. Вядома, стамляліся, але ведалі, што ўбраць хлеб хутка і без страт – іх асноўная задача. Ды яшчэ і  паспяшацца на палеткі вяскоўцаў, прыйсці на дапамогу гаспадаркам свайго раёна, суседніх. Чужога хлеба не бывае.


Для старэйшых хлебаробаў гаспадаркі КСУП “Малажынскі” Аляксандра Пятровіча Аўраменкі і Мікалая Раманавіча Прышчэпава ўсе сельскагаспадарчыя кампаніі адказныя. Увосень важна якасна падрыхтаваць глебу, у час пасеяць  азімыя. Знаходзяць прымяненне працавітым рукам і ў будаўнічай брыгадзе. У зімова-стойлавы перыяд падвозяць кармы на жывёлагадоўчыя фермы. Месяц можна адпачыць, а затым прыступіць да падрыхтоўкі тэхнікі да веснавых работ.


Аб’ядноўвае гэтых людзей і тое, што шчыруюць у час жніва на адным камбайне. Сёлетняя ўборачная для экіпажа па ліку дваццаць другая. На КСЗ-10К намалацілі больш тысячы тон зерня, былі задзейнічаны на ўборцы рапса.


— Залатыя рукі ў нашых механізатараў, — сцвярджаюць у КСУП “Малажынскі”. – За якую справу ні возьмуцца, зробяць на “выдатна”. З тае пары, як Аляксандр Пятровіч пачаў працаваць на трактары, прайшло амаль 40 гадоў. Крыху пазней прыйшоў у гаспадарку і Мікалай Раманавіч.


Да механізатара на сяле адносіны асаблівыя. Яго лічаць асноўным працаўніком на зямлі, без якога немагчыма развіццё сельгаспрадпрыемства. Асабліва ганаровай была яна ў савецкія часы, не менш важнай застаецца і цяпер. Вось таму вясковыя хлопцы, з дзяцінства прыкіпеўшы душой да тэхнікі,  закончыўшы школу, звязваюць свой лёс з сельскай гаспадаркай. Тое, што выбар аказаўся правільны, жыццё не перастае даказваць. А ў саміх механізатараў, калі яны глядзяць з трактара ці камбайна на такія мілыя сэрцу мясціны, неабсяжныя прасторы, дагледжаныя палі, радасна на душы.


Т. ЦІШКЕВІЧ



Добавить комментарий