І ТАННА, І ЯКАСНА

Грамадства

У КСУП “Брагінскі” патрабаванне кіраўніка дзяржавы вярнуцца да будаўніцтва на сяле гаспадарчым спосабам, каб удзешавіць кошт вытворчых памяшканняў, з поспехам ператварылі ў жыццё, прадэманстраваўшы ўзор творчага падыходу да вырашэння няпростай праблемы і ўменне эканоміць грошы


І  ХЛЕЎ ПАВІНЕН БЫЦЬ ЗРУЧНЫМ


Разам з намеснікам дырэктара сельгаспрадпрыемства А.А. Хадаском аб’язджаем новыя жывёлагадоўчыя памяшканні, якія з’явіліся ў апошнія гады. Практычна старых, з пачарнелым шыферным дахам, драўлянымі дзвярамі, якія чамусьці не хочуць закрывацца, бруднымі сценамі тут ужо не ўбачыш. Шыфер, праўда, на даху ёсць, але ўжо другі, які прапускае святло, эканоміць электраэнергію, хаця і больш дарагі.


— Акупаецца за кароткі тэрмін, — тлумачыць Анатоль Анатольевіч. – Днём святло амаль не ўключаем, хіба што вечарамі ў асенне-зімовы перыяд, калі дзень становіцца карацейшым, і то на непрацяглы час.
Сёлета КСУП ордэна Леніна “Брагінскі” правёў рэканструкцыю двух хлявоў у Вуглах, дзе арганізавана паточна-цэхавая сістэма вытворчасці малака. Ёсць радзільнае аддзяленне з бяспрывязным утрыманнем, цэх сухастою, аўтапаілкі з падагрэвам.


Дарэчы, пад вытворчае памяшканне прыстасавалі былы сенавал, дзе прадугледжаны добрыя ўмовы для жывёлы, у адпаведнасці з патрабаваннямі тэхналогіі. Пра развіццё жывёлагадоўлі ў гэтай гаспадарцы, вытворчую базу шмат расказвалася на старонках газеты, паўтарацца няма сэнсу. А вось аб тым, што хутка з’явіцца і што запланавана, спыніцца варта. Як прызнаўся дырэктар гаспадаркі А.І. Хадасок, аналага памяшканню, якое з’явіцца ў 2010-м годзе, няма, мабыць, не толькі ў нашым раёне, але і ў вобласці. Нешта перанялі ў суседніх раёнах, у перадавых сельгаспрадпрыемствах, а ў асноўным спраектавалі, пралічылі свой варыянт. Нічога незвычайнага тут не будзе, проста  ручную працу звядуць да мінімуму. Як нам расказалі, жывёла будзе знаходзіцца ў двух секцыях, справа і  злева, прадугледжаны выгульныя пляцоўкі, доступ да якіх свабодны, механізаванае гноевыдаленне і ачышчэнне кармушак. Утрыманне – бяспрывязнае. Будуць і паілкі з падагрэвам, празрысты шафер, як і ў існуючых памяшканнях.


Адкормліваць у такіх умовах плануюць маладняк буйной рагатай жывёлы.


ПАБУДАВАЛІ — ЗАРАБІЛІ


Цяпер пра тых, хто будуе гэтыя памяшканні. Анатолю Іванавічу Хадаску ўдалося прыцягнуць у сельгаскааператыў людзей, якія сталі аднадумцамі. Вось ужо сем гадоў працуе тут брыгада з пяці чалавек, якая задаволена і сваімі заробкамі, і становішчам. Прывабіць людзей высокай заработнай платай, аказалася, мала. Не ў грашах, сцвярджаюць, шчасце. Важна, каб цанілі і паважалі цябе як асобу. А калі ты яшчэ здольны і сумленны работнік, дык і ўдвайне.


Пяцёра знайшлі тут тое, што шукалі на працягу некалькіх гадоў у Расіі. Раней ездзілі  за доўгім рублём у белакаменную, дзе рызыкавалі не толькі здароўем, жыццём, не раз былі падманутымі, ды і бытавыя ўмовы, якія ім стварылі, камфортнымі назваць нельга было. А ў той час, пакуль вандравалі, у роднай Беларусі, практычна дома, адчувалася патрэба ў іхніх руках. За праяўленае старанне і выкананы аб’ём работы гатовы былі плаціць немалыя грошы. На той момант будаўнікі гэтага не ведалі. А калі даведаліся, не пашкадавалі, што засталіся працаваць на Радзіме. Упершыню, прызнаюцца, адчулі сябе людзьмі, а не бязмоўнымі рабамі, з якіх імкнуліся выціснуць усе сокі.


Цікавіцца чужылі заробкамі, па правілах добрага тону, не прынята. Але ж гэта не той выпадак, каб не спытаць у кіраўніка, колькі атрымліваюць члены невялікай брыгады, якая столькі пабудавала для сельгаспрадпрыемства. Анатоль Іванавіч, вядома ўсім, грошай на вецер не кідае, калі плаціць, дык ведае за што. Коратка зазначыў, што ўсё залежыць ад іх саміх. Не ўкладваюцца ў вызначаны для здачы аб’екта тэрмін – страчваюць 30 працэнтаў свайго заробку за кожны дзень пратэрміноўкі. Каму хочацца атрымаць менш, чым належыць? Нікому. Таму і выпадкаў, каб не паспелі дабудаваць памяшканне да ўстаноўленай даты, не было, хаця даводзіцца часам не пакідаць аб’ект амаль суткамі. А заробкі розныя – ад 800 да дзвюх тысяч долараў у месяц.


І ўсё ж, калі гаварыць пра цану, то будаўніцтва гаспадарчым спосабам абыходзіцца сельгаспрадпрыемству танна. Мяркуйце самі: кошт новага хлява – 121 млн 810 тысяч. Амаль такі ж, як і невялікай заасфальтаванай дарожкі вакол хлява.


І ЎСЁ Ж ГАЛОЎНЫ КЛОПАТ – ЛЮДЗІ


Калі не стварыць добрыя ўмовы для людзей, дык і ў самых зручных памяшканнях не будзе каму працаваць. КСУП ордэна Леніна “Брагінскі” жылля ўзводзіць шмат. За год-два вырастаюць цэлыя вуліцы, прычым, з кожным разам домікі ўсё прыгажэйшыя, з усімі выгодамі. Галоўнае, у іх цёпла, суха. Толькі ў 2009 годзе з’явіліся дзесяць такіх прыгажуноў. Выдзяляюць іх не толькі маладым спецыялістам, але і шматдзетным сем’ям, лепшым працаўнікам гаспадаркі. Сёлета навасёламі, напрыклад, стала сям’я загадчыка Вуглоўскай фермы С.У. Бараноўскага, у якой чацвёра дзяцей, настаўнікі мясцовай школы.


Дабротнае жыллё чакала і маладога ветурача, які прыехаў сюды на працу. Нават калі ў перадавога механізатара або даяркі ёсць уласны дом, усё роўна ад камфортнага жылля не адмаўляюцца. Ні ў якое параўнанне не ідзе ён з тымі, якія ўзводзяцца з сучасных матэрыялаў. Будуюць хутка, але пра якасць не забываюць. Кіраўнік гаспадаркі стараецца мець справу з тымі фірмамі, якія добра зарэкамендавалі сябе сярод спажыўцоў, даражаць сваёй маркай і гонарам.


Царкву з пяццю купаламі плануюць здаць у эксплуатацыю да чарговага юбілею гаспадаркі. А ён чакаецца ў будучым годзе. Багатая і слаўная гісторыя ў некалі перадавой камуны, потым – калгаса, а зараз – камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства. Пішуць яе шчодрыя людзі, кожны радок падмацоўваюць добрымі справамі, стараюцца перадаць у спадчыну ўсё самае лепшае. У тым ліку і багатыя духоўныя традыцыі, абрады, культуру. У будучыню глядзяць з верай і надзеяй, што і ў далейшым лёс да іх працоўнага калектыву будзе літасцівы.


Н. СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *