НАПЕРАКОР СУСТРЭЧНЫМ СУПЯРЭЧНЫМ ПЛЫНЯМ…

Общество

 У Брагіне адкрыта аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў


Падзея доўгачаканая, асабліва для тых, каму не пашчасціла ў жыцці быць здаровым і каго па волі лёсу медыкі аднеслі да ліку людзей “з асаблівасцямі фізічнага і разумовага развіцця”. За гэтай фармулёўкай — боль і пакуты, адчай і слёзы, нястрачаная надзея і адчайная спроба інвалідаў даказаць грамадству, што яны – такія ж, як усе. Толькі душу маюць больш ранімую, яна часцей, чым у іншых, баліць ад людской  знявагі, а часам і насмешак. Ды і даказваць, што таксама здольныя, таленавітыя, надзеленыя пэўнымі магчымасцямі, вымушаны на кожным кроку…


Спачатку быў праект, які называўся “Я такі, як усе”. У час яго абароны на міжнародным узроўні ў Слаўгарадзе ў зале стаяла незвычайная цішыня. А потым пайшлі інвестыцыі. Мясцовую ініцыятыву заўважылі, падтрымалі.


Каб будынак, у якім знаходзіцца аддзяленне, стаў такім,  які ён зараз, спатрэбіліся  намаганні  многіх  людзей. У 2008 годзе ўстанова “Брагінскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” выкупіла яго ў раённага спажывецкага таварыства за 5 310 000 рублёў. Якія работы давялося выканаць на працягу 2008—2009 гадоў, расказаў дырэктар ТЦСАН Сяргей Міхайлавіч Пархамец. Той факт, што на капітальны рамонт і пераабсталяванне будынка пад аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў прыцягнута звыш двухсот мільёнаў рублёў, сведчыць аб выніковай працы.  Бюджэтныя  сродкі  склалі 64 620 500 рублёў.  З  гэтай  сумы 42 696 600 рублёў выдзеліў Гомельскі абласны выканаўчы камітэт, 21 923 900 – камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама. Былі выкарыстаны і сродкі, атрыманыя ад пазабюджэтнай дзейнасці (8 510 000 рублёў).


Дабрачынныя арганізацыі Італіі, Германіі, Швецыі ў рамках праграмы CORE  выдаткавалі  100 893 900 рублёў. Паступалі асігнаванні ад Швейцарскага ўпраўлення па міжнародным супрацоўніцтве і прадстаўніцтва Хрысціянскага дзіцячага фонда ў памеры 26 600 000 рублёў і 1 000 долараў ЗША. Яны накіраваны на закупку абсталявання і мэблі.
Прадстаўніца рэлігійнага руху ў Германіі Інгрыд Ратхебер паклапацілася аб тым, каб у аддзяленні былі трэнажоры, падаравала і спецыялізаваны аўтамабіль “Сітраен” коштам 4 000 еўра для дастаўкі інвалідаў.


Сяргей Міхайлавіч выказаў падзяку  абласному выканаўчаму камітэту і камітэту па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама і райвыканкаму, начальніку ўпраўлення па працы і занятасці Л.М. Кулабухавай, дырэктару ААТ “Брагінскі камбінат бытавога абслугоўвання” Т.І. Салаўёвай, калектыў якога ажыццяўляў рамонт.


Загадчыца аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Л.П. Кузняцова ўвяла ў курс сваіх спраў і планаў, намалявала дзень заўтрашні тых, хто будзе сюды прыходзіць. Плануецца адкрыццё швейнай майстэрні і пяці дадатковых гурткоў, у інвалідаў з’явіцца магчымасць працаўладкавацца, арганізаваць свой вольны час, пашырыць кола знаёмстваў, у тым ліку і з дапамогай інтэрнэта.
Хаця афіцыйна адкрыццё аддзялення было назначана на 26 лістапада, яго работа пачалася значна раней. Якім быў будынак спачатку, як  наладжваліся сувязі і праходзілі сустрэчы з замежнымі партнёрамі, дабрачынныя акцыі, расказвалі слайды, падрыхтаваныя да гэтага дня.


Затым слова ўзялі госці. Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Р.І. Лысянок, дырэктар ААТ “Брагінскі камбінат бытавога абслугоўвання” Т.І. Салаўёва, намеснік галоўнага ўрача  УЗ “Брагінская ЦРБ” Н.У. Кірэня, пастар царквы “Благодать” Ю.А. Куніцкі, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Л.М. Кулабухава жадалі прысутным моцнага здароўя, поспехаў, удачы. Яны не хавалі сваёй радасці ад таго, што ў Брагіне з’явіўся дом, які павінен змяніць лёсы людзей з абмежаванымі магчымасцямі да лепшага. Наталля Уладзіміраўна Кірэня, як ніхто іншы, ведае, што значыць сацыяльна-бытавая, сацыяльна-працоўная і сацыяльна-псіхалагічная рэабілітацыя гэтай катэгорыі грамадзян. Яна ўрач, працуе з інвалідамі. На сустрэчу прыйшла з падарункам – прыгожай карцінай, віншавала ад душы і супрацоўнікаў, і наведвальнікаў аддзялення са значнай падзеяй у іх жыцці. Адкрыццё – яшчэ паўсправы, асноўная работа пачнецца ў бліжэйшы час, калі неабходна будзе працаўладкоўваць маладых інвалідаў, шукаць занятак па інтарэсах, развіваць здольнасці, улічваць схільнасці і пажаданні.


Больш за іншых хваляваліся і радаваліся віноўнікі ўрачыстасці. Ад іх імя словы падзякі мясцовай уладзе, работнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, дзённага аддзялення, спонсарам, будаўнікам адрасавала Аксана Сінілава. Яна прачытала верш Алены Багамолавай з сімвалічным зместам:


“Не жыць як набяжыць!
А жыць, як плыць
Наперакор сустрэчным
Недарэчным плыням!
А жыць, як узлятаць
Удзень – да сонца,
Уначы – да зор.
І лёс не здрадзіць!
Бог не пакіне…”


Няхай не здраджвае вам, дарагія, лёс, не пакідае Бог, заўсёды будуць побач чулыя і душэўныя людзі, здольныя раздзяліць чужы боль, зразумець і дапамагчы. Хочацца пажадаць ім, і ў першую чаргу супрацоўнікам дзённага знаходжання інвалідаў, вытрымкі і душэўнага спакою, удачы і маральнага задавальненя ад высакароднай справы.


Н. МІХАЙЛАВА



Добавить комментарий