Даручана лепшым

Грамадства

Напярэдадні ішоў моцны дождж, таму выехаць у поле зернеўборачныя экіпажы  КСУП “Саўгас “Камарынскі” змаглі бліжэй да абеду. Вымушаны непрацяглы прастой тэхнікі выкарысталі для таго, каб яшчэ раз  агледзець  камбайны, пераканацца  ў  іх  спраўнасці, крыху адпачыць. Хаця  ў  такі  адказны  час   хочацца напружанай працы, якая не толькі не стамляе,  але  наадварот,  прыносіць радасць.  Убіраюць жа самае каштоўнае  —  хлеб.  Эканаміст адной з гаспадарак  неяк  сказала  мне, што   ў  час жніва людзі  становяцца  іншымі –  больш  адказнымі  і   дысцыплінаванымі.


Гэты кароткі перапынак даў магчымасць і нам пагутарыць з камбайнерамі і іх памочнікамі, ад якіх залежыць лёс ураджаю. Зручны момант выпаў: сабраліся разам у Красным, дзе размешчаны зерняток, у чаканні каманды выязджаць на хлебную ніву. Дзе яшчэ сустрэнеш удзельнікаў уборачнай амаль у поўным складзе!


Віталь Сафіенка працуе адзін, без памочніка. Намалаціў  на той  момант 170  тон рапсу і 30 – жыта. На камбайне вытворчасці “Гомсельмаша” ўбірае каласавыя трэці сезон. Механізатар вопытны, да гэтага вёў хімпраполку пасеваў. А ўвогуле, як падкрэсліў дырэктар сельгаспрадпрыемства Рыгор Анапрэенка, зерневыя даручаюць убіраць лепшым. Практычна і намалоты ва ўсіх аднолькавыя, ідуць у спаборніцтве з невялікім адрывам адзін за адным.


Экіпажу ў складзе старшага камбайнера  Івана Давыдзенкі і камбайнера Мікалая  Екімовіча пашанцавала: ім выдзелілі новы камбайн “Палессе” GS-12. Хаця давер такі неабходна заслужыць. Іван Уладзіміравіч каласавыя ўбірае з 1989 года: спачатку – на “Ніве”, а потым – на “Доне”. Дайшла чарга і да тэхнікі, аснашчанай складанымі прыборамі, з кандыцыянерам у кабіне. Ацаніць перавагі і магчымасці сельгасмашыны гомельскіх канструктараў яму прасцей.


Новы камбайн гэтай жа маркі і ў Уладзіміра Каваленкі. Як прызнаўся сам,  адзінаццаць гадоў  убіраў каласавыя з айчымам на “Ніве”, яшчэ да арміі зведаў і цяжкасці, і хваляванні, і асалоду ад работы на хлебным масіве. Гэтай вясной яму давялося рыхтаваць глебу пад сяўбу яравых, а зараз настаў час пажынаць плады працы, сваёй і калег.


Прыемна было сустрэцца і з пераможцам раённага спаборніцтва мінулых гадоў (2009, 2010 г.) сярод маладзёжных экіпажаў Аляксандрам Мішчанкам. У  час  падвядзення  вынікаў работы на справаздачным сходзе ім з Ігарам Кляпецам уручылі грашовую прэмію ў суме 700 тысяч рублёў за другое месца ў гаспадарцы. Аляксандр рамантаваў свой “Палессе 10К”, які выводзіць на хлебную ніву пяты сезон. Падзяліўся з намі добрай навіной. Кіраўнік абяцаў выдзеліць яму трактар з новым прэс-падборшчыкам. Няхай і на гэтым участку малады хлебароб будзе лепшым.


Пакуль гутарылі, якраз і абед падвезлі. Таццяна Шульга корміць механізатараў другі сезон. Рыхтуюць ежу ў рэстаране, на якасць страў людзі не скардзяцца. Сказала, што наведаецца да іх яшчэ ў 18 гадзін. На перыяд уборкі ўраджаю арганізавана двухразовае харчаванне.


Дырэктар КСУП “Саўгас “Камарынскі” Рыгор Анапрэенка з’явіўся на мехдвары нечакана. Пацікавіўся, чым кормяць, ці дастаткова мяса ў прыгатаваных стравах, ці сытныя і каларыйныя абеды, пажартаваў, узняў настрой. Пасля абеду, нагадаў, патрэбна выязджаць на поле, дзе пасеяна трыцікале. Такое ўказанне атрымалі механізатары раней і ад галоўнага агранома.


Тут жа, на зернетаку, мы сустрэлі аднаго з ветэранаў саўгаснай вытворчасці Паўла  Злабенку.  Вадзіцелем ён працуе з 1970 года, яго ГАЗ-53 служыць гаспадару надзейна. Павел Апанасавіч адвозіць зерне ў склад, ад камбайнаў, працуе з задавальненнем. Адчуваць сваю патрэбнасць у час жніва ў паважаным узросце – хіба гэта не шчасце, калі ёсць яшчэ і сілы, і жаданне прыносіць карысць! З вялікай павагай гаварыў пра яго і Рыгор Мікалаевіч.


У апошні час мы пачалі саромецца гучных і прыгожых слоў, калі размова ідзе пра сумленную працу хлебаробаў. Відаць, дарэмна, бо далучэнне да іх гарачых і нялёгкіх будняў, да лёсу хлеба, які паспеў на палях, вытрымаў спёку і ліўні, хочуць мець многія, хаця б ускосна. А калі яшчэ чалавек працаваў у гаспадарцы і памятае ўрачыстыя моманты зажынак, уборкі, пах зерня, ссыпанага з кузава аўтамабіля, работу без выхадных  і з  кароткім перапынкам на  сон, яго міжволі  цягне сюды.


На зернетаку мы сустрэлі былога начальніка Брагінскага цэха газавай гаспадаркі Пятра Вашчанку. Ён прыехаў, каб парадавацца за землякоў, пацікавіцца, як ідуць у іх справы, акунуцца ў атмасферу клопатаў  пра  вырашчаны ўраджай. І такі ён не адзін. Пабыць сёння сярод людзей, якія ўбіраюць наш галоўны скарб, пранікнуцца   іх  клопатамі  і трывогамі – ганарова.


За  дзень,  у  залежнасці  ад  надвор’я,  сюды паступае  больш  100  тысяч тон зерня.  Яго неабходна   перапрацаваць,   давесці   да   ладу. Займаюцца  гэтым   Сяргей  Каваленка, Сяргей Перапячаеў  і  Мікалай  Даўжанок.  Акрамя Краснага,  збожжа  дастаўляюць  і   ў   Кірава. Менавіта   там   устаноўлена   сушылка,  якую дэманстравалі   Прэзідэнту  Рэспублікі   Беларусь   Аляксандру  Лукашэнку   ў час  яго  візіту   на   Брагіншчыну   ў   2006-м   годзе.


Як  пройдзе  ўборачная кампанія, які валавы збор зерневых і зернебабовых атрымае КСУП “Саўгас “Камарынскі”, пакажа час. Жніво толькі набірае абароты. Мінулыя гады па такім паказчыку, як выхад зерня ў разліку на бала-гектар, гэтае сельгаспрадпрыемства было адным з лепшых не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Няхай так будзе і ў далейшым, бо працаўнікі гаспадаркі прыклалі для гэтага нямала намаганняў.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *