АДЗНАКУ СТАВІЦЬ ЧЫТАЧ

Грамадства

Больш двух тысяч чытачоў былі разам з намі на працягу года: радаваліся і перажывалі, ганарыліся поспехамі і разважалі над праблемамі, шукалі выйсце са складаных сітуацый. І гэта дзякуючы менавіта вам, паважаныя, вашай увазе, неабыякавасці і падтрымцы мы зноў і зноў, насуперак усім крызісам і праблемам, нясём у свет сілу слова, усяляючы ў людскія сэрцы аптымізм і надзею. Стараемся не толькі данесці да кожнага навіны і падзеі, што адбываюцца ў раёне, і расказаць пра тых, хто побач, але і стаць у апазіцыю жорсткасці, бессардэчнасці, недасведчанасці, злу – усяму, што перашкаджае спакойна жыць і працаваць. Журналісту дадзена цудоўная магчымасць крануць сэрца, зачапіць за жывое. Ці атрымліваецца? Меркаваць толькі вам.


Каб раённае выданне адпавядала свайму статусу, было цікавым, насычаным  тэматычна і   жанрава, мы  павінны  прыслухоўвацца да прапаноў і заўваг сваіх падпісчыкаў. Выпадковы чытач наўрад ці зможа даць аб’ектыўную ацэнку. Таму мы шчыра ўдзячны ўсім, хто вырашыў застацца з намі і ў наступным годзе: будзем разам трымацца праўдзівага, дакладнага і карыснага.


Марыя Філон, пенсіянерка (в. Бераснёўка):


– “Маяк Палесся” прыходзіць у мой дом не першы год, ужо паспела падпісацца і на наступныя тры месяцы. Як вясковай жыхарцы і жонцы былога трактарыста мне больш блізкая сельскагаспадарчая тэма: люблю чытаць  пра людзей, якія працуюць на зямлі. Прыемна бачыць на старонках раённай газеты знаёмыя прозвішчы, твары. З мясцовага выдання даведваюся, чым жывуць землякі, якіх дабіваюцца поспехаў. Цікава, каго за працоўныя дасягненні ўзнагародзілі, каго заахвоцілі, паставілі ў прыклад, каго павіншавалі.


Вельмі добра, што ў апошні час актыўна прапагандуюцца  на старонках раёнкі духоўныя каштоўнасці, друкуюцца матэрыялы, прысвечаныя праваслаўным святам, ёсць магчымасць знайсці адказы на пытанні  рэлігійнай тэматыкі.


Не меншую ўвагу з прычыны стану здароўя прыцягваюць выступленні медыцынскіх работнікаў. Адзінае, што хочацца, – больш парад ад іх атрымліваць па прыёме тых ці іншых прэпаратаў, і каб падаваліся такія ці іншыя рэкамендацыі даходліва, зразумела для кожнага чытача, асабліва – для людзей пенсійнага ўзросту.


Людміла Галяк, загадчыца аддзялення тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:


– Якімі б яркімі і маляўнічымі ні былі рэспубліканскія выданні, раённая газета ўсё-такі бліжэй, бо гэта своеасаблівае лютэрка роднага краю. А ў апошні час яна, на мой погляд,  стала больш змястоўнай і  разнастайнай па тэматыцы. Толькі ў выйгрышы, думаю, застаецца ад спалучэння інфармацыйных матэрыялаў з нейкімі цікавымі фактамі, карыснымі парадамі. Такія старонкі (для жанчын, сямейнага чытання і інш.) дазваляюць і адпачыць ад працоўных будняў, і адцягнуць увагу ад праблем, і знайсці для сябе нешта карыснае.


Кожны брагінчанін, на маю думку, павінен быць у курсе, што адбываецца ў раёне. А дзе пра гэта можна прачытаць як не ў “Маяку Палесся”. У працоўныя дні бяру яго ў рукі двойчы: днём – на рабоце, вечарам – дома. Для спецыялістаў гэта, дарэчы, не толькі крыніца інфармацыі, але і магчымасць данесці сваё слова да шырокай аўдыторыі: нешта растлумачыць, паведаміць, нагадаць. Так што застануся ў ліку падпісчыкаў мясцовага выдання і ў наступным годзе.


Валянціна Лявоненка, медыцынская сястра Камарынскай участковай бальніцы:


– Колькі выпісваю раённую газету? Нават цяжка сказаць. “Маяк Палесся” заўсёды быў, ёсць і будзе жаданым “госцем“ у маім доме. Я ўвогуле люблю чытаць. А калі гэта выданне, з якога можна даведацца аб культурным, спартыўным, сельскім і іншым жыцці роднага краю, то цікавасць узрастае ўдвая. Мяне асабіста задавальняе і змест, і афармленне газеты. Так што калектыву хачу пажадаць толькі верных сяброў, новых падпісчыкаў і творчага натхнення.


Падрыхтавала  Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *