Сфарміравана 6 тыс. 301 участковая выбарчая камісія

Грамадства

У Беларусі сфарміравана 6 тыс. 301 участковая выбарчая камісія. Аб гэтым паведаміў  сакратар Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік.


Колькасны склад камісій — 68 тыс. 945 чалавек. Ад грамадзян шляхам падачы заяў у камісіі ўвайшлі 38,5 працэнта агульнай колькасці ўключаных, ад працоўных калектываў — 16,2 працэнта, ад грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый — 45,3 працэнта, у тым ліку толькі ад партый — 3,9 працэнта, сказаў сакратар ЦВК.


Сярод членаў участковых камісій — 3 тыс. 107 чалавек, або 4,5 працэнта, дзяржслужачыя. «Гэта значыць норма, што дзяржслужачых павінна быць не больш за трэць, поўнасцю выканана», — падкрэсліў сакратар ЦВК. Прадстаўнікоў моладзі ў камісіях — 8 тыс. 465 чалавек, або 12,3 працэнта, жанчыны — 49 тыс. 373, або 71,6 працэнта.


Мікалай Лазавік пракаменціраваў заявы кіраўнікоў некаторых палітычных партый аб тым, што прадстаўнікоў у склад участковых камісій яны вылучаюць шмат, а кандыдатур уключаюць няшмат. Сакратар ЦВК адзначыў, што прааналізаваў звесткі па 49-й выбарчай акрузе ў Гродзенскай вобласці і адзін раён — Кастрычніцкі горада Гродна. «Аб’яднаная грамадзянская партыя прадставіла ў гэту акругу 18 кандыдатур, з іх 10 мелі ў мінулым адміністрацыйныя спагнанні або нават прыцягваліся да адказнасці ў крымінальным парадку, 9 беспрацоўных. Які аўтарытэт можа быць у гэтых грамадзян сярод выбаршчыкаў? Таму і адсеў вялікі. Прапануюць шмат, але дастойных мала», — сказаў Мікалай Лазавік.


Ён нагадаў, што падбор кандыдатур у склад участковых выбарчых камісій праходзіць па адпаведных крытэрыях. «Члены камісіі павінны быць дастойнымі грамадзянамі Беларусі, ведаць і паважаць закон, карыстацца аўтарытэтам у сваёй акрузе», — падкрэсліў сакратар ЦВК.


Участковыя выбарчыя камісіі пачнуць работу адразу пасля фарміравання. На наступны дзень або ў той жа дзень яны правядуць арганізацыйныя пасяджэнні і пачнуць выкананне сваіх абавязкаў, паведаміў Мікалай Лазавік.


Асноўны дзень галасавання назначаны на 23 верасня.


БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *