Такая тэхніка аграрыям патрэбна

Сельское хозяйство

Адкрытае акцыянернае таварыства “Полымя”правяло на базе КСУП “Чамярыскі” семінар-вучобу “Дзень поля”, удзел у якім прынялі аграрыі Брагіншчыны і суседніх раёнаў.  Перад імі выступіў дырэктар гаспадаркі Генадзь Краўчанка. Менавіта механізатары “Чамярыскага” першымі ў раёне ацанілі вартасці прэс-падборшчыкаў фірмы KRONE BiG Pack, якія адрозніваюцца новай канструкцыяй і прэміраваны Нямецкім сельскагаспадарчым таварыствам. Па прапускной здольнасці, тэхнічных магчымасцях новая тэхніка ўнікальная. Запрасаваныя цюкі атрымліваюцца шчыльныя, стабільнай формы. Яны звязваюцца чатырма і  шасцю вузлавязальнікамі. Каб забяспечыць стопрацэнтную эксплуатацыйную надзейнасць, фірма пастаўляе высокапрадукцыйную сістэму ачысткі зжатым паветрам, якая ўтрымлівае ўсю зону вязання вузлоў у бездакорнай чысціні.


Механізатар вызначае патрэбныя прапорцыі цюкоў на пульце кіравання ў кабіне трактара ў час работы. Малыя (асобныя) звязваюцца двума шпагатамі, агульны – чатырма. Буйнагабарытны цюк абвязваецца шэсць разоў. І яшчэ адна немалаважная дэталь: малыя цюкі лёгка транспарціруюцца ў самае вузкае памяшканне. Развязка праводзіцца непасрэдна на месцы, што эканоміць час і сілы. Памер цюкоў можна прыстасоўваць да дзённай порцыі корму.


Падборшчыкі выкарыстоўваюць для прасавання сенажу, сена, саломы. Машыны можна аснасціць ратацыйным рэжучым апаратам, прыстасаваннямі двайной вязкі шпагатам або намоткі сеткі. Да шматлікіх пераваг можна дадаць мінімальныя страты раструшвання, зніжанае пылаўтварэнне, а яшчэ – нязначную магутнасць спажывання. Вядома,  якасць падбору масы лепшая, ды і цюкі не развальваюцца. У перавагах падборшчыкаў, а яны лідзіруюць на рынках многіх краін свету, разбіраліся інжынеры, аграномы, кіраўнікі.
Удзельнікі семінара  паглядзелі, як працуюць лушчыльнікі гэтай жа фірмы, чызельныя культыватары, дыскатары, пагрузчык. Дырэктар ААТ “Аграфінанс” Міхаіл Голуб расказаў, як можна аформіць тэхніку ў лізінг. Карысным было выступленне загадчыка лабараторыі апрацоўкі глебы РУП “Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве” Сяргея Нябышына.


Прэс-падборшчык фірмы КRОNЕ ў раёне ўжо ёсць, яго купіў КСУП “Чамярыскі”. Новы пагрузчык планаваў набыць КСУП імя Жукава. Аграрыі раёна стараюцца ўсё новае і перадавое ўкараняць у вытворчасць. Так было заўсёды. Каб атрымліваць высокія ўраджаі, павышаць культуру земляробства, рыхтаваць дастатковую колькасць кармоў, даводзіцца запасацца не толькі ведамі, але і сучаснай тэхнікай.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *