МАЛОЙ РАДЗІМЕ ДЗЯКУЙ КАЖАМ МЫ…

Грамадства

 


 


 


 


 


 


Да гэтай вёскі ў мяне асаблівае пачуццё яшчэ з дзяцінства, хаця родам з суседняга раёна.   Нашы дзяражыцкія хлопцы часта  ездзілі туды  на  калгасных конях у час касавіцы (уборачныя плошчы дзвюх гаспадарак мяжуюць).  Шмат расказвалі пра Малажын, частавалі прывезенымі  адтуль яблыкамі, грушамі, і ў маім уяўленні  ўзнікала прыгожае сяло  з вялікімі садамі,  шырокімі вуліцамі, дамамі з разьбянымі налічнікамі… Захавалася яно на ўсё жыццё, таму, калі прыехала на працу ў Брагін і пачула ў выкананні малажынскага хору песню, у якой былі словы пра вёску, мясцовы калгас, пасля наведвання якога кожны”… и не только гордость за успехи, но и чувство зависти увёз …”, па-добраму пазайздросціла тым, хто тут жыве, працуе, так хораша спявае. У іх усё павінна быць лепш, чым у іншых. З такім настроем і ехала на свята на гэты раз.


Аб значнасці і размаху мерапрыемства сведчыла ўсё: ажыўленая гамонка вяскоўцаў, выстава народных умельцаў, гандаль кандытарскімі і кулінарнымі вырабамі на розны густ і кашалёк (быў арганізаваны таксама продаж прамысловых і дзіцячых тавараў), разгорнутая палатка ў выглядзе падвор’я камбіната бытавога абслугоўвання. Тут жа гатаваліся шашлыкі і юшка, апетытны пах якіх казытаў нос. А прама з уваходу на тэрыторыю Малажынскага цэнтра культуры і вольнага часу ўвагу прыцягвалі выцінанкі, малюнкі, цацкі, зробленыя выхавальніка  дзіцячага садка.


Метадыст раённага Дома культуры Любоў Дубатдзел, якая выступала ў ролі вядучай, пачала мерапрыемства з гістарычных звестак пра Малажын. Яны датуюцца канцом XVIII стагоддзя. Тады мястэчкам Рэчыцкага павета валодаў граф Ёсіп Юдзіцкі. У 1909-м густанаселеная і шматлюдная вёска Дзяражыцкай воласці налічвала 188 двароў, было і земскае вучылішча. Такой жа яна заставалася да 1926 года, стала да гэтага часу цэнтрам сельскага Савета. А пражывала тут 1000 чалавек. У 1929-м быў створаны калгас “Першамайск”, працавалі два млыны, крупадзёрка, кузня. У гады Вялікай Айчыннай вайны вёска была спалена. Зараз Малажын мае статус аграгарадка з насельніцтвам 530 чалавек (каля ста дзяцей).
Больш двух стагодзяў жыве сваімі клопатамі вёска,  і  кожны карэнны жыхар яе варты добрага слова. Адзін утрымлівае ў ідэальным стане сваю сядзібу, другі – майстар на ўсе рукі і творыць цуды. Ёсць выдатныя спевакі, рыбакі, музыканты, цікавыя суразмоўцы, кулінары. Аб гэтым лепш ведае старшыня Малажынскага сельскага Савета Ганна Раманчук. Хаця на гэтай пасадзе яна каля паўгода,  палюбіла  людзей. Ганна Пятроўна прызналася, што ў яе такое адчуванне, быццам усё  жыццё правяла тут.  Насельніцтва з разуменнем адносіцца да  патрабавальнасці ў пытаннях навядзення парадку і заўсёды ідзе насустрач. А прыкладам ва ўсім служыць Тамара Краўчанка, якая шмат гадоў была старшынёй сельсавета, патрыёт свайго краю. Яе дом – узорнага парадку. Мала таго, што ў  самой сядзіба патанае ў кветках, дык здолела заразіць пачуццём прыгожага сваіх аднавяскоўцаў. Гледзячы на яе, і суседзі займаюцца добраўпарадкаваннем. Уся вуліца, на якой жыве Тамара Сяргееўна, прыкметна адрозніваецца ад астатніх. “Збылася мая мара, – прызналася яна, калі вядучая запрасіла на сцэну, – каб  Малажын стаў прыгожым”. І расказала, як адна дзяўчынка папрасілася сфатаграфавацца каля яе дома, каб потым змясціць здымак у інтэрнэце. “Калі хочаце, каб і вашы сядзібы трапілі туды, – з жартам гаварыла Тамара Сяргееўна, – не лянуйцеся, упрыгожвайце іх”. Ганна Пятроўна ўручыла ёй, а таксама Івану Харко, чый дом з’яўляецца ўзорным,  падарункі.


Карэнны малажынец Міхаіл Калясан на сцэну ўздымаўся двойчы. Першы раз – сам, каб атрымаць падарунак як дбайны гаспадар, які ў пытаннях навядзення парадку займае актыўную пазіцыю,  другі – разам з жонкай Таццянай. У жніўні яны адзначылі сярэбранае вяселле, з гэтай нагоды і віншавалі іх ад душы, бо такіх сем’яў зараз  мала. На думку людзей, пра Калясанаў можна гаварыць шмат, і толькі добрае. Колькі любові, непрыхаванай пяшчоты і павагі адчувалася ў голасе Міхаіла Рыгоравіча, калі ён расказваў пра сваю каханую жанчыну, адзіную і непаўторную. У яе гонар выканаў папулярную песню.


Быў на свяце і яшчэ адзін момант, які сведчыў аб тым, што я – у Малажыне: выхад на сцэну Тамары Філон, былога эканаміста і старшыні прафсаюзнага камітэта калгаса. Яна дэкламавала  вершаваныя радкі, прызнавалася роднай вёсцы, калысцы дзяцінства, дзе шчасце знайшла, у шчырых пачуццях. Тамара Тарасаўна праспявала некалькі куплетаў лірычнай песні. Прыгожыя голас, пастава… Вось яны, таленты малажынскай зямлі. І яна, і Міхаіл Калясан – удзельнікі мастацкай самадзейнасці. А колькі такіх салістаў у вёсцы, самабытных, пявучых! Некаторыя і зараз, пакінуўшы родныя мясціны, удзельнічаюць у розных мерапрыемствах і пацвярджаюць славу калектыву.


Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кавалёк падзякаваў малажынцам за іх працу на зямлі,  высокія дасягненні і той уклад, які ўносяць у эканоміку гаспадаркі і раёна, добраўпарадкаванне тэрыторый і населеных пунктаў. Летась прывялі ў парадак Бераснёўку, цяпер неабходна ўзяцца і за астатнія вёскі Савета.


Для намесніка старшыні райвыканкама Ганны Бабрынёвай Малажын – малая радзіма. Яна шчыра вітала землякоў, са шкадаваннем гаварыла пра тое, што сучасныя тэхналогіі сюды даходзяць са спазненнем, таму яшчэ многа на сельгасвытворчасці ручной працы. Але ж ва ўсе часы людзі, якія тут жывуць, працавалі, адпачывалі, прыводзілі ў парадак свае сядзібы, паміж імі панавала атмасфера добразычлівасці, узаемапавагі і падтрымкі. Ад усяго сэрца падзякавала вяскоўцам за добрасумленную працу на сваіх падворках,  палях і фермах КСУП “Малажынскі”, за поспехі і высокія паказчыкі. Пажадала ўсяго найлепшага  і галоўнае, каб рабочых рук не станавілася менш, каб святы праходзілі з яшчэ  большым размахам.


Начальнік аддзела культуры райвыканкама Ліна Пятніцкая прыехала з падарункамі – двума камп’ютарамі для цэнтра культуры і вольнага часу. Магчымасць парадаваць вяскоўцаў у яе з’явілася дзякуючы кантактам з асацыяцыяй дружбы “Валь-дэ-Луар – Беларусь” і Сержам Дзюрандам.


Ушаноўвалі ў той дзень ветэранаў працы, найстарэйшых жыхароў, шматдзетныя сем’і, маладых бацькоў, у якіх нарадзіўся сын, захапляліся мужнасцю тых, хто пабываў у няволі і пасля вайны аднаўляў народную гаспадарку. Больш як сто гадоў існуе тут школа, у якой выкладаюць цудоўныя педагогі, адзін з іх – Васіль Аляксеевіч Супруненка. Паколькі мерапрыемства праводзілася ў Дзень ведаў, назвалі прозвішчы лепшых вучняў, удзельнікаў алімпіяд.


Не скупіліся вяскоўцы на апладысменты, калі вядучая расказвала пра цудоўную майстрыху Таццяну Давыдоўскую. Яе вырабы, а таксама Тамары Новік, красаваліся на выставе, прыцягвалі ўвагу прыгожымі ўзорамі і арыгінальнасцю.


Увесь час  прысутным дарылі добры настрой і цеплыню сваіх сэрцаў  салісты народнай студыі эстраднай песні РДК “Музычны лабірынт” Вячаслаў Гаршкоў, Раман Цеслянок, Сяргей Даўгулявец, вакальнай жаночай групы “Бліскавіца” Маіна Мацюшэнка, Ала Злыдзенка, Любоў Дубатдзел, Ірына Гаршкова.


Ніна СІНІЛАВА


Фотаздымкі  тут



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *