ААТ “Чамярыскі” аб’яўлена падзяка

Грамадства

13 апреля_ААТ ЧамярыскіЗа  дасягненне найлепшых вынікаў сярод сельскагаспадарчых арганізацый Гомельшчыны ў 2012-м  годзе калектыву  адкрытага акцыянернага таварыства “Чамярыскі”  аб’яўлена  падзяка.

З гэтай нагоды на штогадовую сустрэчу  кіраўніцтва Гомельскага аблвыканкама з дырэктарамі і старшынямі прадпрыемстваў і арганізацый вобласці, якія ўнеслі найбольшы ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна, быў запрошаны  наш зямляк Генадзь Краўчанка. Ён узначальвае “Чамярыскі” сем  гадоў, і менавіта з яго асобай звязваюць росквіт і высокія вытворчыя паказчыкі гаспадаркі, якую ведаюць сёння і ў рэспубліцы. Сярод запрошаных былі дырэктары ААТ “Саўгас-камбінат “Сож” Анатоль Татарынаў, “Гомельагракамплект” Аляксандр Стрыбук, “Гомельскі маторарамонтны завод” Віталь Варапай, КСУП “Саўгас-камбінат “Зара” Алег Слінько, в.а. дырэктара РУП “Беларуснафта” Аляксандр Ляйчонак і інш. (усіх – 24 кіраўнікі). Людзі паважаныя і аўтарытэтныя, быць у ліку іх – гонар.
Як чамярысцы завяршылі мінулы год, на старонках “Маяка Палесся” падрабязна расказвалася ў адным з сакавіцкіх нумароў, таму размову з Генадзем Іванавічам вялі больш пра тое,  чым жыве калектыў зараз і якія планы складае. У першую чаргу ў жывёлагадоўлі, бо летась яны мінусавалі па надоях малака ў разліку на карову. Сёння гэта адзіная гаспадарка ў раёне, якая плюсуе. Ад кожнай каровы атрымліваюць па 17,5 кілаграма малака (+0,4 кг). Узровень вытворчасці да 2012-га  складае 107-109%, рэалізацыя малака – 110-112%.
На заканамернае пытанне ”За кошт чаго такое прыбаўленне?”  дырэктар адказаў коратка: “Атрымалі больш расцёлаў (+50), наладзілі паўнацэннае кармленне”. Пад апошнім падразумявалася выдача дойнаму статку спецыяльных камбікармоў К-61, якія закупляюць у Калінкавічах.  Летась у  рацыёне рагуль быў і прывазны, і ўласнага прыгатавання, сёлета  вырашылі перайсці толькі на калінкавіцкі,  збалансаваны па ўсіх элементах. Гэта дазволіла  павялічыць і вытворчасць, і рэалізацыю малака.
У ААТ “Чамярыскі” шмат будуецца. Сёлета закончацца работы на ферме ў Новай Грэблі, дзе будзе ўтрымлівацца 320 дойных кароў. Адно памяшканне ўжо эксплуатуецца, тут знаходзяцца нецелі. Два хлявы для дойнага статка з’явяцца ў Чамярысах, трэцяе – для цялят груп дарошчвання.  Ці будзе каму працаваць у жывёлагадоўлі? Будзе, упэўнены Генадзь Іванавіч. Калі аператар машыннага  даення  атрымлівае ў месяц 10 млн рублёў заработнай платы (акрамя харчовых набораў на суму ад 400 да 700 тысяч), сваім рабочым месцам будзе даражыць. Гэта, вядома, лепшы. У асобных сярэднямесячныя сумы складаюць пяць-сем мільёнаў, бывае, што і два. Хаця  рэдка, але так званых “пайкоў” пазбаўляюць тых, хто парушае дысцыпліне або не зрабіў за месяц 24 выхады на працу.
Усе прагнозныя паказчыкі на гэты год плануюць выканаць. Якой  будзе  пасяўная і  колькі азімых давядзецца пусціць пад плуг, дырэктар дакладна  пакуль сказаць не можа, але ж ведае, што на гэтых  участках  размесціцца кукуруза на зерне. З гэтай мэтай набылі  высокапрадукцыйную сеялку,  якая загортвае насенне адразу  ў  24 радках, адначасова  ўносіць у глебу мінеральныя  ўгнаенні. Шырыня захопу – 17 метраў. Які эканамічны эфект дасць гэтая цуда-сеялка, пакажа час, але ўжо сёння вядома, што фосфарных угнаенняў  на кукурузныя плантацыі спатрэбіцца  менш. Лічыць грошы чамярысцы навучыліся.
Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *