У ААТ “Брагінка” ідзе сеў ранніх яравых

Сельское хозяйство

Мінулагодняй восенню Руслан Нікалаеў адзін пасеяў азімыя культуры ў сваёй гаспадарцы. Цяпер надышла чарга ранніх яравых зерневых.

Веснавую сяўбу ён вядзе з уласцівым пачуццём адказнасці і майстэрствам. І па-ранейшаму яго пасяўны агрэгат адзін у полі, хаця тэхнікі ў суботні дзень 20 красавіка ў ААТ “Брагінка” працавала шмат. Выконваўся ўвесь комплекс традыцыйных для гэтай пары работ. Мне падабаецца жыццёвая філасофія 30-гадовага механізатара, у аснове якой – акрэсленасць мэты і упэўненасць у сваіх сілах. Такія цвёрда стаяць на нагах, маюць на ўсё свой пункт гледжання. Нешматслоўны, канкрэтны ў думках і справах, на мае разважанні пра высокую выпрацоўку, тэрміны сяўбы адказаў коратка: “Рабоце трэба аддавацца цалкам, а гэта нялёгка”. 24 апреля_У ААТ Брагінка ідзе сеў ранніх яравых
Цёплы прыгожы красавіцкі дзень доўжыўся амаль да 21 гадзіны, пасля суботніка людзі адпачывалі, многія выехалі на прыроду, а я ў думках вярталася да маладога хлебароба, які дацямна засяваў хлебную ніву…
Новы энерганасычаны трактар “Беларус-3022” Руслану  выдзелілі ў 2008-м годзе, як і сеялку. Летась ён стаў пераможцам раённага спаборніцтва сярод трактарыстаў-машыністаў, за сумленную працу быў адзначаны граматай райвыканкама  і заахвочаны каштоўным падарункам. У ААТ “Брагінка” працуе з 2003-га, сюды перайшоў пасля рэарганізацыі калгаса “Путь к коммунизму”, дзе ў 1998-м пачаўся яго шлях у прафесію. На 22 красавіка Руслан Нікалаеў пасеяў 125 гектараў ранніх яравых, што складае 28% ад даведзенага гаспадарцы  плана.
А на суседнім участку вялася работа з арганікай. Атрад працаваў зладжна, як па камандзе. Трактары з раскідвальнікамі пад’язджалі адзін за адным, але ж Сяргей Карсак, які кіраваў “Амкадорам”, стараўся, каб яны не прастойвалі. Гэта яму ўдавалася. У імгненне вока прычэпы былі поўныя. Вылез з кабіны, выціраючы пот з ілба, на некалькі хвілін, каб сфатаграфавацца з братам Мікалаем  для газеты. “Брагінка” без Карсакоў – не “Брагінка”. Яны і цыбулю сеюць, і травы косяць, і бульбу вырошчваюць. Гэта будзе потым, а ў гэтыя дні неабходна арганізавана правесці пасяўную кампанію. Акрамя іх, на ўнясенні мясцовых угнаенняў былі задзейнічаны Мікалай Хінчынскі (ААТ “Брагінаграсэрвіс”), Аляксандр Камок.
Гэтае сельгаспрадпрыемства, акрамя ўсяго, гароднінаводчае. Цыбуля трывала прапісалася на палетках гаспадаркі, яе рэнтабельнасць – 50%. Спрабавалі вырошчваць і часнок, але ж ад гэтай ідэі адмовіліся. Сёлета горкай культуры, без якой не абыходзіцца амаль ні адна страва беларускай кухні, адвядуць 30 гектараў. Напалову зменшыцца і бульбяное поле (па 50 га “другога хлеба” будуць высаджваць чатыры гаспадаркі). Попыт дыктуе рынак, вырасціць не праблема, яна ў іншым – збыце. Навошта лішнія затраты, калі яны не акупяцца? Клопатаў хапае і без гэтага, вясна сёлета выдалася позняя, таму хлебаробы спяшаюцца пасеяць яравыя ў вызначаныя тэрміны. Няхай удача і спрыяльнае надвор’е будуць на іх баку.
Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *