У брагінчанкі Кацярыны адабралі дзяцей

Грамадства

20 апреля_У брагінчанкі адабралі дзяцейСамы любімы, дарагі і блізкі чалавек для кожнага дзіцяці – маці. Яна клапоціцца, засцерагае, праяўляе ўвагу… І што гэта за падзея павінна здарыцца, каб увесь цяжар адказнасці па выхаванні сваіх крывінак ускласці на дзяржаву? Вайна? Голад? Цунамі? Дзякуй Богу, у нашай краіне ўсё спакойна. Сем’і, у якіх падрастаюць дзеці, атрымліваюць матэрыяльную дапамогу. Ды часам менавіта гэта, падтрымка з’яўляецца крыніцай існавання бацькоў, захопленых п’янымі кампаніямі, падманным задавальненнем. А дзеці вымушаны “павісаць” паміж прытулкам і родным домам, пакуль зацікаўленыя службы вырашаюць праблемы іх дабрабыту, імкнуцца ўсімі сіламі і сродкамі змяніць сітуацыю, абудзіць бацькоўскае сумленне.
У сям’і, якая пераехала ў Беларусь з Расіі, утрыманская пазіцыя стала нормай. Як, дарэчы, і бруд, што пануе ў доме, неахайнасць, гультайства, п’янства, жыццё за кошт грашовай дапамогі на дзяцей. Такі негатыўны прыклад бачыла перад сабой дачка Кацярына, якая з цягам часу і сама стала маці. Толькі са з’яўленнем на свет дзяцей умовы іх пражывання і выхавання не пераставалі выпускацца з поля зроку дзяржаўных службаў, што стаяць на абароне правоў непаўналетніх. Каб засцерагчы маладую жанчыну ад згубнага ўздзеяння спіртнога, прывучыць да парадку, дапамагчы змяніць погляд на жыццё, зроблена было шмат і нават празмерна. Спадзяваліся, што такая падтрымка абярнецца ўдзячнасцю, асэнсаваннем маці сваёй адказнасці. Ды ад гэтага, відаць, утрыманства толькі глыбей пускала свае корні.
Спачатку Кацярыне аказалі садзейнічанне ў афармленні пасведчання на права жыхарства, потым –  дакументаў на пацвярджэнне інваліднасці трэцяй групы (пры якой, дарэчы, не страчана працаздольнасць). Сям’і была аказана гуманітарная дапамога.  Не без удзелу зацікаўленых службаў ажыццяўлялася і падключэнне газу, электрычнасці да дома, які маладая маці купіла за невялікія грошы ў Бурках, каб пераехаць туды з Брагіна з двума дзецьмі. Але з клопатамі па прывядзенні жылля ў належны стан Кацярына не спяшалася. Відаць, спадзявалася, што і астатняе за яе зробяць іншыя. Самастойна – ні кроку нават да змен у быце. Так і заставалася пражываць у райцэнтры разам з дваімі дзецьмі і маці, у якой на выхаванні таксама непаўналетні сын. У абаіх жанчын – сужыцелі. У доме  ніколі не назіралася  дастатковых запасаў паліва, усё часцей можна было заўважыць адсутнасць прадуктаў харчавання і наяўнасць спіртнога, зямельны ўчастак пуставаў, вакол –  антысанітарыя. Старэйшая дачка Кацярыны часта не наведвала дашкольную ўстанову па “ўважлівай” прычыне – педыкулёз.
Дайшло да таго, што сям’і нават дапамагалі наводзіць чысціню ў доме. А вынік? Гэтая падзея ўжо вечарам “святкавалася” ў кампаніі за сталом. Вядома ж, з напоўненымі чаркамі.  І тут, думаю, ужо не варта ўзгадваць пра павучанні і гутаркі педагогаў, псіхолагаў, іншых спецыялістаў, якія не сціхалі на працягу пяці гадоў.
Аб усім гэтым з болем, роспаччу і трывогай за лёс дзяцей гаварылі на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх прадстаўнікі ўстаноў, якія так спадзяваліся на ўзаемны кантакт, зрухі да лепшага, спрабавалі зрушыць сітуацыю з месца. Не атрымалася… Рашэнне тут было аднагалоснае: дзяўчынак, адной з якіх яшчэ няма і годзіка, патрэбна змяшчаць на дзяржаўнае забеспячэнне.
На ўсе папрокі ў свой адрас маці толькі прамовіла: “Сама вінаватая…”. І дадала: “Я дзяцей усё  роўна вярну”.  Але для гэтага патрэбна і прывесці ў парадак набыты дом, і развітацца з сужыцелем, які зачастую праяўляе агрэсію, і не паддавацца ўплыву сябровак-выпівох – зрабіць усё, каб у сям’і панаваў дабрабыт, спакой, бяспека. Дадзеныя словы без справы – нішто, паколькі паабяцаць лёгка, а каб перамагчы сябе, патрэбны штодзённыя намаганні.
Праз лічаныя дні, дарэчы, аналагічнае рашэнне прынята і ў адносінах маці Кацярыны: у сацыяльны прытулак змешчаны яе непаўналетні сын-школьнік. Абедзьве жанчыны цяпер – абавязаныя асобы.
На працягу шасці месяцаў, як і належыць, усе зацікаўленыя службы будуць рабіць усё магчымае дзеля захавання сям’і. Да справы падключыліся таксама грамадскія аб’яднанні, айцец Ігар, настаяцель праваслаўнага  прыхода храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы.  Ужо распрацаваны адпаведныя планы.  Але, каб выправіць сітуацыю, адных намаганняў спецыялістаў, грамадскасці мала – патрэбен крок насустрач сваім дзецям саміх маці. У іх ёсць шэсць месяцаў…
Валянціна БЕЛЬЧАНКА



1 комментарий по теме “У брагінчанкі Кацярыны адабралі дзяцей

  1. Поучительная история.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *