КСУП “Брагінскі”: гэтыя людзі не падвядуць

Сельское хозяйство

Такая ўпэўненасць з’явілася ў нас пасля наведвання гаспадаркі, якая паступова выходзіць на ранейшыя пазіцыі.

Праўда, да гэтага яшчэ далёка, але ж падставы думаць і спадзявацца на лепшае ёсць. І не толькі таму, што, нарэшце, сельгаспрадпрыемства перастала мінусаваць па вытворчасці малака, арганізавана правяло пасяўную кампанію і ўключылася ў нарыхтоўку кармоў, хаця гэта немалаважна. А найперш дзякуючы так званаму чалавечаму фактару. Людзі настроены на самаадданую працу, разумеюць, што давядзецца крыху пацярпець і дачакацца таго часу, калі эканоміка гаспадркі стане на ногі і ў кіраўніцтва будзе магчымасць плаціць ім больш. Хаця і зараз іх не крыўдзяць. Па словах галоўнага агранома Юрыя Ясінскага, механізатары, занятыя на корманарыхтоўцы, атрымаюць у сярэднім па пяць мільёнаў рублёў за месяц. Гэта пацвердзіць потым трактарыст Мікалай Сіраж, які трамбуе сянажную масу: “Заработную плату нам павялічылі, мы гэта ўжо адчулі”.

Як падкрэсліў у размове з намі Юрый Гіляравіч, і ў час веснавой сяўбы, і зараз яны абыходзяцца сваімі сіламі. Ніякай прыцягнутай збоку тэхнікі не задзейнічана на палях гаспадаркі, а гэта – эканомія сродкаў. Пад увагу не бярэцца сельскагаспадарчая авіяцыя, з дапамогай якой праводзяць фунгіцыдную апрацоўку пасеваў азімых зерневых, дарэчы, лепшых, каб максімальна павялічыць валавы збор збожжа. Крылатыя памочнікі распыляць хімпрэпараты на плошчы 500 гектараў.

Справа ў тым, што сюды пачалі вяртацца механізатары, прычым, адны з лепшых, якія па нейкіх прычынах гады два таму пакінулі КСУП “Брагінскі”. Такім рады ўсюды, але ж выбар, дзе працаваць, за прафесіяналамі. Адзін з іх – Аляксандр Дзегцярэнка. “Восенню мінулага года ён узараў нам усе палі, – расказвае Юрый Ясінскі, – працаваў ноччу, адпачываў па тры-чатыры гадзіны, і пасля кароткага перапынку зноў садзіўся за руль трактара. Зяблевае ворыва мы правялі своечасова”. Лепшыя рысы характару бацькі пераняў сын Аляксандр, пра якога таксама гавораць з вялікай павагай.

Падбірае яе з валкоў на “Ягуары” Мікалай Дзегцярэнка, праслаўлены хлебароб. Ён нямала зрабіў для працвітання КСУП ордэна Леніна “Брагінскі”, пасля аварыі на ЧАЭС не прамяняў родныя мясціны на сталіцу. На адвозцы масы пастаянна задзейнічана ад 6 да 8 адзінак тэхнікі – і трактароў, і машын. Эксплуатуюць іх Аляксандр Дзегцярэнка, Аляксандр Нікіценка, Аляксей Бялеўскі, Анатоль Кацуба, Мікалай Коваль. Кожны з іх – цікавы чалавек і добры працаўнік. Такіх большасць, ды і прыходзяць у калектыў такія ж механізатары, з сур’ёзнымі намерамі. Сяргей Чыкін (на здымку), да слова, дабіваецца высокай выпрацоўкі, задзейнічаны на зграбанні сянажнай масы. Яму даверылі трактар МТЗ-82 у агрэгаце з граблямі нямецкай вытворчасці.

А паклалі ўсе травы ў валкі Сяргей Жураў і Павел Стрыбук. Павел Паўлавіч ужо на пенсіі, але ж згадзіўся дапамагчы сельгаспрадпрыемству ў напружаны час касавіцы.

Поўным ходам вядзецца разворванне нізкапрадуктыўных лугавых угоддзяў, падрыхтаваныя плошчы адразу ж засяваюцца шматгадовымі і аднагадовымі травамі. Структура зялёнага канвеера павінна дзейнічаць. Заслуга ў гэтым Аляксандра Дзегцярэнкі (старэйшага), які працуе з плугамі, і Аляксандра Зараніка. Ён дыскуе.

Сёлета ў “Брагінскім” плануюць стварыць паўтарагадовы запас кармоў. На 19 чэрвеня, увёў нас у курс спраў галоўны тэхнолаг, заканчваюць закладку пятай па ліку сянажнай ёмістасці. А ўсяго з траў першага ўкосу нарыхтуюць не менш дзесяці тысяч тон сенажу і 450-500 тон – сена. Назапашванне зялёнай масы ідзе не толькі з сенажацяў, пашы, але і няўдобіц. Для ўборкі на сілас пасеяна 1,5 тысячы гектараў кукурузы, пакуль каралева палёў у добрым стане. Калі нішто не пашкодзіць, ураджай будзе добры. Для грамадскага статка будзе нарыхтавана не менш 15 тысяч тон якаснага сіласу, з траў другога ўкосу – каля тысячы тон сена. Жывёла галадаць не павінна.

Добрыя віды на ўраджай рапсу, азімых зерневых, яравога ячменю. Папрацавалі вяскоўцы шмат, і вельмі хочацца, каб плён ад гэтага быў. Хопіць каціцца ўніз! Галоўныя спецыялісты, радавыя працаўнікі сталі апорай новаму дырэктару. Юрый Мішкавец у свойчас даказаў, што можа кіраваць калектывам, нават адстаючым, калі ўзначальваў “Дублінскі”. А тут сітуацыя іншая: ёсць добрая каманда прафесіяналаў, вера ў свае сілы, жаданне зноў стаць лідарамі. Ёсць разуменне людзей, якія сёння згодны атрымліваць за сваё старанне менш, каб толькі іх гаспадарка зноў стала моцнай і трывала стаяла на нагах. Галоўнае, каб існавала самастойна, а не была далучана да іншых.

Міжволі ўзгадаўся справаздачны сход, на якім прысутнічаў старшыня райвыканкама Аляксандр Ятчанка. Шмат крытыкі гучала тады ў адрас калектыву “Брагінскага”, вяскоўцы яе прызнавалі, згаджаліся са сказаным. Як паказаў час, вывады зрабілі. Хаця галоўны аграном і тады меў акрэсленую праграму дзеянняў. Куранят па восені лічаць. Няхай шчодрай на аддачу будзе ніва, каб мы ўсе зноў маглі парадавацца з хлебаробамі іх здабыткам і адчуць пачуццё задавальнення ад таго, што намаганні не прапалі дарэмна. Будуць хлеб, малако, будуць і песні, падарункі.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *