Паэтычна-музычная гасцёўня запраcіла жыхароў раёна

Грамадства

LitarataryМы ганарымся славутымі землякамі, якія ўсё жыццё прысвяцілі Беларусі, яе народу. Сярод іх – Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк, якія знайшлі час прыехаць да нас 21 чэрвеня. Разам з імі была і намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Бібліятэка прапануе”Людміла Несцяровіч. Сустрэча адбылася ў раённым Доме культуры.

Эдуард Акулін – асоба ўнікальная. Цяжка падлічыць нават прыкладную колькасць людзей, перад якімі ён выступаў, як і колькасць тых, чыё стаўленне да беларускай літаратуры пасля сустрэч з ім стала больш пазітыўным .

Творчасць барда Акуліна, які піша і выконвае ўласныя песні, не існуе асобна ад яго служэння паэзіі. Эдуард – найперш паэт, і паэт вельмі цікавы. Ён нарадзіўся ў вёсцы Вялікія Нямкі, што на Веткаўшчыне, у 1963 годзе. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Гомельскім дзяржаўным універсітэце, потым была аспірантура Акадэміі навук Беларусі.

Працаваў вясковым настаўнікам, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Першацвет”, загадчыкам аддзела паэзіі часопіса “Полымя”, узначальваў філіял музея Максіма Багдановіча “Беларуская хатка”. Сёння Эдуард Аляксандравіч – намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Дзеяслоў” і галоўны рэдактар часопіса “Верасень”, а таксама намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Яго вершы перакладаліся на англійскую, французскую, італьянскую, украінскую, рускую, польскую, балгарскую, славенскую, сербскую, харвацкую, літоўскую і латышскую мовы.
Частка твораў Эдуарда Акуліна прысвечана яго калегам – Раісе Баравіковай, Міхасю Скобле, Вользе Іпатавай, Анатолю Сысу і многім іншым.

Вялікае месца займае любоўная лірыка. На гэта паўплывала гісторыя асабістага кахання. Доўгае ўзаемнае пачуццё, шчаслівы шлюб, добрая сям’я – усё гэта, бузумоўна, дапамагае паэту.

Мой грэх смяротны – гэта ты.
Я так хацеў цябе аддана –
Да першароднай яснаты
На дне світальнага тумана…

Эдуард Акулін – лаўрэат Першага нацыянальнага фестывалю беларускай бардаўскай песні ў 1993 годзе.
Леанід Дранько–Майсюк нарадзіўся ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці ў 1957 годзе. Яго творчы шлях пачынаецца адразу ж пасля заканчэння школы. Ужо ў гэты час ён друкуе свае вершы ў Столінскай раённай газеце.

У 1975 годзе юнак паступіў на завочнае аддзяленне паэзіі Літаратурнага інстытута імя Максіма Горкага ў Маскве. Дарэчы, многія выдатныя беларускія паэты і празаікі – выхаванцы гэтай установы.

У 1982 годзе Леанід Васільевіч працуе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў якасці рэдактара.

У 1984 годзе становіцца членам Саюза пісьменнікаў СССР.

Асноўныя тэмы творчасці Леаніда Дранько-Майсюка – Радзіма, паэзія і каханне.

Трэба адзначыць, што ён не толькі паэт, але і празаік, эсэіст. Гэта адзін з паэтаў, які надзвычай удала спалучае традыцыйна беларускую сімволіку з класічнай формай.

Лірыка пра каханне стала візітоўкай аўтара. Вялікая роля кветак у мастацкай карціне свету Леаніда Дранько-Майсюка. Жанчыны і кветкі побач. Амаль у кожным вершы пра каханне – кветкі, сцябліны, пялёсткі.

У Вашым голасе квітнеюць астры,
Якіх не бачыў я раней.
Мне зразумела ўсё  і ўсё не ясна…
У Вашым голасе  квітнеюць астры,
І кожнай кветцы  Бог сказаў: квітней.

Сённяшняя паэзія Леаніда Дранько-Майсюка адзначана мастацкім паглыбленнем нацыянальнага пафасу, актыўным пошукам Боскага ў чалавеку і на роднай зямлі.

Сустрэча прайшла на высокім узроўні. Усе, хто прысутнічаў, засталіся задаволеныя. Многія набылі творы аўтараў з аўтографамі.

Галіна КАРПЕНКА,
дырэктар Брагінскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *