Сена з траў першага ўкосу прасуюць у ААТ «Імя Жукава»

Грамадства

Imay ZhukawaУ Конанаўшчыну, дзе за вёскай механізатары ААТ “Імя Жукава” ўпарадкоўвалі сена, мы ехалі разам з маладым аграномам Канстанцінам Бахвалавым. Па ім было відаць, што стомлены. А як, скажыце, павінен адчуваць сябе чалавек, які з чатырох да 10 гадзін раніцы паспеў ужо адпрацаваць змену? Рабочы дзень Канстанціна пачаўся з усходам сонца. Можна разважаць пра рамантыку вясковых будняў, яна, вядома, прысутнічае ў жыцці, але адна справа, калі чалавек у адпачынку і вольны распараджацца сваім часам як уздумаецца, другая – калі адказвае за канкрэтны ўчастак на вытворчасці. Зараз у гаспадарцы вя-дзецца фунгіцыдная апрацоўка пасеваў, і ён, аграном, павінен прасачыць, як выконваецца работа. Даручана яна Валерыю Барысенку, вопытнаму трактарысту. Справу маюць з хімічнымі прэпаратамі, а тут патрэбны асцярожнасць і дакладны разлік. У апошнія чэрвеньскія дні ўсталявалася спякота, таму Валерый выязджае ў поле ў 4.30, каб выканаць дзе дзённыя нормы і днём крыху адпачыць. Яго праца ацэньваецца высока, калегі зайздросцяць, але ж не згаджаюцца падмяніць, калі ўзнікае такая неабходнасць.

Рэдакцыйная машына імчыць па асфальце хутка, спяшаемся, бо неяк няёмка адчуваем сябе перад Канстанцінам. Ён ужо пабываў на сенажаці і сітуацыю ведае, а тут вымушаны быў ехаць яшчэ раз. Якое было наша здзіўленне, калі ўбачылі на праезджай частцы купку буслоў. Яны стаялі, апусціўшы галовы, нібы раіліся, разважалі аб нечым, і, здаецца, дарогу нам уступаць не збіраліся. З неахвотай сышлі з аблюбаванага месца і далучыліся да астатніх, якія хадзілі па палях. Няўжо падабалася стаяць у 30-градусную спёку на разагрэтым асфальце? Пытанне гэтае ўзнікла невыпадкова, бо такі ж малюнак убачылі, калі вярталіся назад. Зноў пярнатыя хадзілі па шашы, і нішто іх не палохала.

А людзі ў гэты час назапашвалі сена з траў першага ўкосу. Аляксандр Ганчар заняты прасаваннем, у асобныя дні яго падборшчык выдае па 70 рулонаў. Працуе ў гаспадарцы з 1996 года, як вярнуўся сюды пасля службы ў арміі. Гатовыя цюкі Мікалай Ганчар (на здымку) лёгка падхоплівае КУНам і ўладкоўвае ў кузаў трактара, а потым адвозіць на сенабазу ў Рыжкаў. Механізатары, якія касілі травы, у прыватнасці, Алег Раманюк і іншыя, рыхтуюць камбайны да жніва-2013. Першым будзе рапс, да ўборкі якога прыступяць тыдні праз два. Віды на ўраджай нядрэнныя, летась менавіта КСУП імя Жукава атрымаў у раёне найвышэйшую ўраджайнасць гэтай алейнай культуры. Як будзе сёлета, пакажа час.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *