Грамадскае меркаванне – галоўны крытэрый ацэнкі работы міліцыі

Грамадства

Mliziya

У канцы чэрвеня штабам Міністэрства ўнутранных спраў  Беларусі праводзілася ананімнае анкетаванне жыхароў раёна з мэтай вывучэння грамадскага меркавання аб рабоце РАУС. У ім прынялі ўдзел 150 чалавек, у тым ліку рабочых – 18,9%, служачых – 13,7%, спецыялістаў вытворчай галіны – 17,8%, работнікаў сельскай гаспадаркі – 11,2%, пенсіянераў – 30,8%, вучнёўскай моладзі – 3,2%.

Аналіз атрыманых даных паказаў, што ў аснове меркаванняў грамадзян ляжыць задаволенасць узроўнем грамадскай бяспекі, а таксама работай міліцыі па аснаўных напрамках дзейнасці. Так, 88,7% апытаных адзначылі аператыўнасць рэагавання нарадаў міліцыі пры зваротах па тэлефоне на спецлінію 102. На пытанне “Ці звярнуліся б вы ў міліцыю ў выпадку рэальнай пагрозы вашаму жыццю, здароўю, маёмасці?” 79,3% рэспандэнтаў адказалі станоўча.

Анкетаванне паказала, што жыхары раёна займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю ў барацьбе з правапарушэннямі, паколькі 70% рэспандэнтаў гатовы асабіста аказаць дапамогу міліцыі ў барацьбе са злачыннасцю. У рознай ступені давяраюць міліцыі 91,3% апытаных, у тым ліку цалкам давяраюць 36%. Брагінчане сцвярджаюць, што супрацоўнікам РАУС пры рабоце з грамадзянамі характэрны праяўленні прафесіяналізму (43,9%), а таксама такіх якасцяў характару, як ветлівасць і ўвага (45,3%).

Разам з тым насельніцтва бачыць і адзначае недахопы ў рабоце раённага аддзела ўнутраных спраў. Кожны пяты апытаны звяртае ўвагу на тое, што барацьба з п’янствам на тэрыторыі раёна не прыносіць чаканых вынікаў. Людзям таксама не падабаецца, што ў грамадскіх месцах распіваюцца спіртныя напоі (23,3%), недастатковай з’яўляецца работа па прафілактыцы бытавога алкагалізму (14,8%), не выяўляюцца кропкі самагонаварэння (14,8%), аб’екты гандлю прадаюць спіртное ў вячэрні і начны час (11,9%).

У ходзе маніторынгу ад жыхароў раёна паступілі і прапановы па павышэнні ўзроўню грамадскай бяспекі. Так, большасць апытаных просяць кантраляваць у Брагіне хуткасць руху транспартных сродкаў, а таксама прыцягваць да адказнасці пешаходоў і веласіпедыстаў, якія парушаюць правілы дарожнага руху ў нецвярозым стане. Жыхары Камарына просяць прыняць меры да грамадзян, якія распіваюць спірныя напоі каля міні-кафэ “Вясёлы спадарожнік”. Усе прапановы і крытычныя заўвагі, якія паступілі ад насельніцтва ў адрас міліцыі, будуць улічаны ў арганізацыі работы яе супрацоўнікаў.

Дзякуем жыхарам раёна за актыўны ўдзел у апытанні і праўдзівыя адказы.

Валерый ЧЭКАН,

начальнік Брагінскага РАУС



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *