Падведзены вынікі агляду-конкурсу “Бяспечнае дзяцінства”

Грамадства

Konkurs-2

Самая яркая, радасная, светлая пара… Калі не думаеш аб дрэнным, верыш у цуды і кожны дзень спазнаеш нешта новае. Калі бестурботна, цікава, весела… І абавязкова павінна быць бяспечна. Паклапаціцца аб гэтым патрэбна дарослым.

Але як адвесці ад дзяцей бяду, навучыць іх беражліва адносіцца да жыцця, дапамагчы адчуць сябе абароненымі? Адзін са шляхоў вырашэння праблемы прапанавала Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.

Konkurs-3

Вядома, прадбачыць усе надзвычайныя сітуацыі немагчыма. Затое навучыць дзяцей арыентавацца і правільна сябе паводзіць у неспакойным свеце не проста важна, а жыццёва неабходна. І ў значнай ступені дапамагае ў гэтым агляд-конкурс “Бяспечнае дзяцінства” з удзелам устаноў дашкольнай адукацыі, ініцыятарам якога выступае МНС.

– Ідэя ставіць мэту прывіць выхаванцам веды, уменні і навыкі, удасканаліць формы і метады работы па асновах бяспечнай жыццядзейнасці праз гульнявое асяроддзе, стварыць аптымальныя ўмовы для прадухілення траўматызму і гібелі дзяцей, – тлумачыць інспектар групы прапаганды і навучання Брагінскага РАНС Ірына ЧАРНЯЎСКАЯ. – Умовы конкурсу спрыяюць і творчаму пошуку, і ўвасабленню арыгінальных задум, і распрацоўцы новых матэрыялаў, якія нясуць пэўную сэнсавую нагрузку ў афармленні гульнявой прасторы. У выніку важная для дзяцей інфармацыя падаецца даступна, цікава і незвычайна, з фантазіяй і выдумкай, а не ў выглядзе павучальных лекцый, што робіць заняткі з дашкольнікамі займальнымі. Атрыманыя такім чынам веды надоўга застаюцца ў памяці.

Konkurs-4

Сёлета праграма раённага этапа агляду-конкурсу, які працягваўся да 30 кастрычніка, уключала пяць намінацый:

  • “Куток бяспекі” – прадугледжвалася афармленне куткоў бяспекі для дзяцей і бацькоў у кожнай групе, а таксама, калі ёсць такая магчымасць, у асобным памяшканні.
  • “Наватары” – выхавальнікі дэманстравалі свой вопыт у навучанні дзяцей асновам бяспечнай жыццядзейнасці ў групах.
  • “Метадычныя і навучальныя матэрыялы дашкольнай установы па АБЖ” – быў ацэнены навучальны працэс па супрацьпажарнай тэматыцы.
  • “Гульнявая пляцоўка” – цікавыя ідэі ўвасобіліся ў так званым “Гарадку бяспекі”.
  • “Казачны куфар” – на суд журы была вынесена сумесная творчасць педагогаў, дзяцей і іх бацькоў.

Konkurs-1

Вынікі падведзены: першае месца ў раённым конкурсе заняў санаторны дзіцячы садок Брагіна, другое – дашкольная ўстанова Камарына, трэцяе – Буркоў.

Цяпер толькі застаецца спадзявацца, што ўсе матэрыялы, якія рыхтаваліся да агляду, будуць не проста ляжаць на паліцах, а прымяняцца на занятках і прыносіць карысць.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *