Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс!

Грамадства

ПАСХАЛЬНАЕ ПАСЛАННЕ
Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Паўла,
Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі
архіпастырам, пастырам, дыяканам, манахам і міранам
Беларускай Праваслаўнай Царквы

PASHA-3

Нябёсы дастойна няхай весяляцца, і зямля няхай радуецца, іняхай святкуе ўвесь свет, бачны і нябачны, бо паўстаў Хрыстос — радасць вечная.

Трапар 1-й песні Пасхальнага канона

 

Дарагія і ўзлюбленыя ў Хрысце Уваскрэслым Праасвяшчэнныя архіпастыры, пачэсныя прасвітары і дыяканы, набожныя інакі і інакіні, богалюбівая паства Беларускай Праваслаўнай Царквы, сардэчна віншую вас са святам свят — Пасхай Гасподняй!

У гэты спасіцельны для свету, светлазарны дзень мы, як і ўсе папярэднія нам з часоў апостальскіх пакаленні хрысціян, зноў і зноў з невымоўнай падзякай Богу, якая выліваецца з сэрцаў нашых, з духоўным лікаваннем вітаем адзін аднаго Пасхальным воклічам:

Хрыстос уваскрэс!

Толькі два словы, але якая неверагодная ў іх сіла! Гэтыя два словы ўскалыхнулі ўвесь свет, разбурылі браму пекла дашчэнту і стварылі вялікую і непераможную Хрысціянскую Царкву, падаючы ўсім яе дзецям жывую веру, духоўна-маральныя Евангельскія каштоўнасці і благадатныя духоўныя сілы, здольныя веруючага ў Хрыста чалавека ўзнесці на вышыню духоўнай дасканаласці.

У аснову нашай веры пакладзена гэтая светлая і радасная вестка — вестка пра Уваскрасенне Богачалавека, а разам з Ім — і пра ўваскрасенне чалавецтва. Без веры ва Уваскрэслага Хрыста няма хрысціянства!

З цвёрдым перакананнем і непахіснай верай у гэты напоўнены благадатнай сілай спасіцельны дзень мы зноў і зноў радасна ўсклікаем:

Хрыстос уваскрэс!

Уваскрэслы Хрыстос — краевугольны камень нашай веры (пар. Эф. 2: 20), у Ім — перамога праўды, перамога дабрадзейнасці, перамога жыцця, перамога бессмяротнасці! Пра свята перамогі жыцця над смерцю ясна гаворыць апостал Павел: «Бог … уваскрасіць і нас сілаю Сваёю» (1 Кар. 6: 14), бо ўсім нам дадзена ўваскрасенне з мёртвых.

Сэрцы нашы напоўнены сёння радасцю Уваскрасення Хрыстовага. І кожны можа падзяліцца гэтай радасцю пра Уваскрэслага Госпада нашага Іісуса Хрыста — і з бліжнімі, і з дальнімі: навучыцца быць з тымі, хто навокал нас, добрымі і міласэрнымі, сумленнымі і добразычлівымі, здольнымі і гатовымі пайсці з імі на любыя выпрабаванні; сагрэць святлом Божай любові састарэлых, адзінокіх, хворых і тых, хто па нейкіх абставінах пазбаўлены магчымасці падзяліць Пасхальную радасць з тымі, хто ў храме. Такія справы хрысціянскай любові перамяняюць і нас, і навакольны свет.

Жыць паводле праўды і запаведзяў Божых — пад сілу кожнаму шчыра веруючаму чалавеку.

Звяртаючыся да нас, Усемагутны Гасподзь заклікае: «Прыйдзіце да Мяне, усе струджаныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам; і знойдзеце спакой душам вашым. Бо ярмо Маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі» (Мф. 11: 28-30).

Спасіцель свету не патрабуе ад нас нічога непасільнага. Міласэрны Гасподзь, любячы Сваё стварэнне, заўсёды з тымі, хто веруе ў Яго, даючы ім моц, сілу і ўсё патрэбнае, каб несці жыццёвы крыж. Успомнім каштоўныя словы, якія Іісус Хрыстос уклаў у сэрцы ўсіх, хто ўвераваў, хто ўзлюбіў Яго, абяцаючы заўсёды быць з імі: «…і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэннявеку. Амінь» (Мф. 28: 20). Сёння, тут і цяпер гучаць звернутыя асабіста да кожнага з нас гэтыя словы, у якіх і надзея, і суцяшэнне…

Праасвяшчэнныя архіпастыры, узлюбленыя айцы, браты і сёстры, віншуючы ўсіх вас з найвялікшым святам Светлага Хрыстовага Уваскрасення, малітоўна жадаю вам невычэрпнай благадатнай дапамогі Божай у далейшым вашым служэнні на славу Святой Праваслаўнай Царквы, дзеля росквіту краіны нашай — Беларусі, на карысць і радасць усім нашым бліжнім і дальнім.

Уваскрэслы Хрыстос Спасіцель няхай умацуе нас у веры і хрысціянскай набожнасці. Благадатнае святло гэтай спасіцельнай Пасхальнай ночы няхай напаўняе сэрцы нашы любоўю ў Хрысце Уваскрэслым і радасцю яднання з Ім — радасцю чаканага намі бясконцага жыцця вечнага:

Хрыстос уваскрэс!

Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!

+ Павел,
Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

Пасха Хрыстова
2014 год
горад Мінск

church.by



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *