За стараннасць і высокую выпрацоўку механізатары атрымалі падарункі

Сельское хозяйство

Podarki-1

Якім будзе гэты сельскагаспадарчы год, ці апраўдаюцца надзеі хлебаробаў на высокі ўраджай сельгаскультур, пакажа час. Увосень, на свяце “Дажынак”, будуць названы лепшыя гаспадаркі, уборачныя экіпажы, аграномы, інжынеры, а на рэспубліканскім узроўні яшчэ – раёны і вобласці. Гэтаму ўрачыстаму моманту папярэднічаюць месяцы напружанай працы. Нашы продкі нездарма казалі, што вясновы дзень год корміць. У кожнай гаспадарцы ёсць механізатары, якія ўносяць значны ўклад у будучы каравай. Іх і вырашана было адзначыць за стараннасць, высокую выпрацоўку.

Райкам прафсаюза работнікаў АПК закупіў падарункі, якія былі ўручаны разам з Ганаровымі граматамі прама ў полі. Да хлебаробаў накіраваліся начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Свірыдаў і старшыня райкама прафсаюза Віктар Балобан.

Першым наведалі адкрытае акцыянернае таварыства “Малажынскі”, у якога заўсёды найбольшыя пасяўныя плошчы, да ўсяго раскіданы на вялікай адлегласці. Дзе, на якіх палях гаспадарыць тэхніка Сяргея Чыгарэўскага і Аляксандра Карнічэнкі, без дырэктара Аляксандра Краўчанкі шукалі б, мусіць, доўга. Адзін з іх працаваў каля в. Бераснёўкі, другі – каля Рытава. Менавіта ім выказалі словы падзякі, якіх яны заслугоўваюць.

Podarki-3

У ААТ “Пераможнік” павіншавалі Сяргея Сідарка і Міхаіла Дарошчанку, неаднаразовых пераможцаў спаборніцтва як унутры гаспадаркі, так і на раённым узроўні. Пра Аляксандра Зараніка (ААТ “Брагінскі”) ўжо ўзгадвалася ў адным з рэпартажаў пра ход пасяўной кампаніі ў раёне. Прыемна, што яму ўручылі грамату, падарунак, як і Мікалаю Дзегцярэнку. У ААТ “Імя Жукава” такога гонару ўдастоены Сяргей Крысенка і Аляксандр Раманюк.

Podarki-4

Дырэктар “Брагінкі” Тамара Кудан паехала да механізатараў з прадстаўнікамі раёна, каб пераканацца, што ўсё ў іх у парадку. Сяўбу, як і ў папярэднія гады, вёў Руслан Нікалаеў, а гэта – гарантыя таго, што работа будзе выканана на патрэбным узроўні. Такі ўжо характар у маладога хлебароба, які не любіць шмат гаварыць, затое справай даказвае сваё высокае майстэрства і адданасць прафесіі. Разам з ім віталі Уладзіміра Панасевіча.

Лепшых трактарыстаў ААТ “Камарынскі” і “Чамярыскі” адзначылі за высокія вытворчыя паказчыкі восенню.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *