…І закружылі пары ў развітальным школьным вальсе

Грамадства

Bal-1

Юнакі — у касцюмах і гальштуках. Бывайце на гэты вечар, джынсы!

Дзяўчаты, як адна, быццам сышлі з вокладкі глянцавага часопіса. Нават незразумела, як сябе з імі паводзіць. І ведаеш, што расчуленыя настаўнікі больш не зробяць табе заўвагі.

Bal-3

Матулі не хаваюць сваіх слёз, і ты чамусьці адводзіш позірк, каб не выдаць сваё хваляванне.

І ты яшчэ не ведаеш, што гэты дзень запомніцца табе да драбніц. Праз гады прыгадаецца гэты вечар, сябры, напоенае водарам кветак паветра. Але гэта — потым. Школа развіталася са сваімі выхаванцамі, аддаўшы ім свае любоў, клопат, пяшчоту.

Bal-2

Школьны баль… Доўгачаканая, радасная, хвалюючая і крыху сумная хвіліна. Для выпускнікоў яна становіцца стартавай пляцоўкай у шырокі свет нязведанага. І хаця гэтых дзяўчат у святочных уборах і галантных юнакоў з гальштукамі яшчэ нельга назваць дарослымі, яны ўжо і не тыя бесклапотныя гарэзлівыя дзеці, якімі былі яшчэ некалькі дзён назад. Здаецца, толькі-толькі для іх празвінеў першы званок, і вось ужо закружылі пары ў развітальным школьным вальсе. У дарослае жыццё ўступіла яшчэ адно пакаленне школьнікаў. Многа надзей ускладаецца на іх — маладых, энергічных, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.

Bal-4

Бывай, дзяцінства! Наперадзе застаецца толькі адзін працяглы ўрок, назва якому — самастойнае жыццё.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *