Першымі да ўборкі зерневых прыступілі хлебаробы ААТ “Малажынскі”

Сельское хозяйство

Zazhinki-1

На Пятра – з пірагом!” І хаця праваслаўнае свята апосталаў Пятра і Паўла будзе адзначацца 12 ліпеня, каравай з зерня новага ўраджаю да гэтага дня мы можам ужо пакаштаваць. Жніво сёлета пачалося на два тыдні раней, чым звычайна.

Убіраць хлеб – ганаровая, хаця і нялёгкая справа, на якую бласлаўлялі, адпраўлялі ў поле з песнямі і найлепшымі пажаданнямі. Існаваў нават абрад “Зажынкі”, які захаваўся да нашага часу. Жаночая вакальная група Брагінскага раённага Дома культуры на чале з дырэктарам Сяргеем Краўчанкам паказала яго для механізатараў і гасцей ААТ “Малажынскі”, якія першымі не толькі ў Гомельскай вобласці, але і ў рэспубліцы пачалі ўборачную кампанію. На 25 чэрвеня было намалочана 238 тон, сярэдняя ўраджайнасць – 33 цэнтнеры з гектара.

Жнуць спачатку азімы ячмень, бо ён мае найкарацейшы перыяд вегетацыі сярод каласавых. Каля вёскі Чырвоная Ніва на ўскрайку поля жанчыны ў прыгожых вышываных касцюмах з букетамі палявых кветак з нецярплівасцю чакалі герояў урачыстасці – камбайнераў і іх памочнікаў. Дзеля іх арганізоўвалася гэтае свята. І вось усе тры экіпажы ў зборы. Іх вітаюць вядучыя Анжэла Бондар і Юлія Гапоненка. Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Свірыдаў павіншаваў хлебаробаў з пачаткам жніва і пажадаў высокіх намалотаў, падкрэсліў, што сёлета віды на ўраджай добрыя.

Zazhinki-6Zazhinki-2

Zazhinki-3Zazhinki-4

Гэта пацвердзіў і дырэктар ААТ “Малажынскі” Аляксандр Краўчанка. Для маладога кіраўніка, які на гэтай пасадзе менш чым год, жніво-2014 – першае, таму і адказнае. Аляксандр Пятровіч верыць у сваіх механізатараў, бо ўсе яны – прафесіяналы. Калектыў сельгаспрадпрыемства прыклаў вялікія намаганні і сродкі, каб своечасова пасеяць. Цяпер неабходна зрабіць усё, каб убраць вырашчанае без страт. На гэта ўдзельнікаў уборачнай нацэльваў і начальнік інспекцыі па насенняводстве, каранціне і сродках аховы раслін Мікалай Дзегцярэнка, прасіў, каб камбайнеры не ганяліся адзін за адным, а сачылі за якасцю абмалоту.

Цяпер пра тых, хто ўбірае ячмень. Гэта тры экіпажы, адзін з якіх – маладзёжны ў складзе Андрэя Гуза і Аляксандра Шапавала, два – сямейныя: браты Аляксандр і Сяргей Рыжыкі, бацька і сын Іван Іванавіч і Іван Міхайлавіч Харко. Калі дырэктар сельгаспрадпрыемства жадаў ім, каб выйшлі пераможцамі спаборніцтва на рэспубліканскім узроўні, ён ведаў, пра што гаворыць. Андрэй Гуз ужо быў у іх ліку, займаў у 2012-м годзе другое месца сярод маладзёжных экіпажаў. Пажадаем жа, каб сёлета ён стаў лідарам.

Пакуль хлеб новага ўраджаю даспявае, механізатараў і гасцей частуюць караваем з мукі мінулага года. Затым жнеі накіроўваюцца ў поле, каб зжаць першы сноп і ўручыць Аляксандру Краўчанку. Ён – узначальвае калектыў, значыць, галоўны.

Zazhinki-7

Паліліся пад баян песні над полем, нават бусел, схіліўшы галаву набок, паглядаў на людзей і хацеў зразумець, што ж тут адбываецца. Пасля невялікага перапынку, жартаў і шчырых пажаданняў, адведаўшы квасу, камбайнеры накіроўваюцца да сваёй тэхнікі. Услед камбайнам ляцяць букеты яркіх кветак. У добры шлях, хлебаробы! Няхай спрыяе вам надвор’е, спраўджваюцца надзеі на багаты каравай, поўняцца засекі зернем.

Zazhinki-10Zazhinki-5Zazhinki-8Zazhinki-9

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *