Вадзім Ярмоленка: выбар зрабіў свядома

Грамадства

Molodezh

Жаданне сустрэцца з Вадзімам Ярмоленкам у нас узнікла невыпадкова. Напярэдадні прафесійнага свята – Дня меліяратара – начальнік участка камунальнага дачэрняга ўнітарнага прадпрыемства меліярацыйных сістэм “Брагінскае ПМС” Васіль Карпенка, калі размова зайшла пра маладых спецыялістаў, выдзеліў менавіта яго. Пры гэтым падкрэсліў, што з гэтага маладога чалавека з цягам часу атрымаецца добры галоўны інжынер. Задаткі і арганізатарскія здольнасці ёсць, да ўсяго ініцыятыўны, прынцыповы. Яшчэ крыху вопыту набярэцца – і можна даручаць больш складаны ўчастак работы. Зараз Вадзім Сяргеевіч займае пасаду інжынера-гідратэхніка.

У тым, што адукаваны, добра падрыхтаваны, адчувалася ў час гутаркі. Дастаткова было некалькіх хвілін зносін, каб зразумець, чаму менавіта такім, як Ярмоленка, давяраюць кіраваць калектывамі і прадпрыемствамі, прымаць адказныя рашэнні на дзяржаўным узроўні. У іх іншы падыход да справы, склад мыслення, бачанне перспектывы, пры гэтым яны не баяцца цяжкасцей і могуць адстаяць свой пункт гледжання, пераканаць. Нягледзячы на невялікі стаж (працуе другі год), Вадзім знайшоў правільную лінію паводзін і ўзаемаадносін з людзьмі. У інтарэсах падначаленых не палянуецца паехаць у Камарын, дзе знаходзіцца бухгалтэрыя, каб высветліць, ці правільна налічана заработная плата.

Зараз меліяратары займаюцца толькі рэканструкцыяй і ўзнаўленнем існуючых сістэм, прыводзяць іх у рабочы стан. Такая задача пастаўлена перад галіной на 2011-2015 гг. Гэтымі днямі пад кіраўніцтвам інжынера-гідратэхніка клалі дрэнаж у Хойніцкім раёне. Работа “покорителей болот”, як іх вобразна называюць, мае сваю спецыфіку. У 8 гадзін ужо на аб’ектах, а ў спёку, калі на тэрмометры 30 градусаў і больш, выязджаюць на працу ў 4.00.

Свой выбар Вадзім Ярмоленка зрабіў свядома. Хаця і паступаў у сельскагаспадарчую акадэмію па мэтавым накіраванні, патрэбную колькасць балаў набраў без гэтага і быў залічаны. Вучыўся на меліяратыўна-будаўнічым факультэце, атрымаў добрую тэарэтычную падрыхтоўку. Веды, як і прафесія, адкрываюць перад ураджэнцам Брагіншчыны шырокія перспектывы. З прадпрыемствам ён заключыў кантракт на пяць гадоў, але ўжо зараз прапаноў аб далейшым працаўладкаванні паступае шмат, у тым ліку за межамі рэспублікі. Заўважылі кемлівага інжынера і ў абласным упраўленні, што таксама радуе.

Хацелася б, каб такія спецыялісты заставаліся на малой радзіме, па размове з Вадзімам адчувалася, што і ён не супраць. Нядаўна атрымаў новую кватэру, цяпер абсталёўвае яе. Перад маладым чалавекам – шырокі прастор. Няхай жа шчасціць яму ў жыцці, усё складваецца найлепшым чынам. Каб змог рэалізаваць свой патэнцыял, дасягнуць прафесійнага росту і майстэрства, прынесці карысць сваёй сям’і, родным, блізкім, бацькоўскаму краю. З такімі, як Вадзім Ярмоленка, мы звязваем будучыню Брагіншчыны.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *