Дублін: каб вёска прыгажэла

Грамадства

Dublin-1

Многія сёння са шкадаваннем заўважаюць: губляюць сваё аблічча, страчваюць жыхароў, прыходзяць у запусценне беларускія вёскі. Некалі ўсе сем’і прачыналіся тут яшчэ на досвітку, каб справіцца па гаспадарцы. Пасля працы ці вучобы ў школе паўсядзённымі клопатамі на зямлі займаліся і дарослыя, і дзеці. Будавалі хаты, гулялі вяселлі, расцілі сыноў і дачок. Сельскі клуб быў месцам сустрэч і святаў, першых спатканняў. Жыццё ішло, як кажуць, поўным ходам.

А зараз?.. Ужо не тая, вядома, колькасць людзей насяляе жывапісныя сельскія мясціны – моладзь у пераважнай большасці выбірае горад. На лавачках каля дамоў, пад пышнымі кронамі дрэў найчасцей збіраюцца і аддаюцца ўспамінам, размовам пра блізкае і далёкае, прыемнае і балючае людзі сталага ўзросту. Чакаюць у госці сваіх дзяцей, унукаў…

Але варта паглядзець на сучаснае сельскае жыццё і з іншага боку: ці не тут, у нашых вёсачках, і застаюцца самыя дбайныя, духоўна багатыя, руплівыя і працавітыя жыхары? У кожнай знойдуцца адрасы гаспадарлівасці, узорнага парадку і рукатворнай прыгажосці.

Яшчэ, напрыклад, зусім нядаўна адзін з дамоў у Дубліне па вуліцы Новай звяртаў на сябе ўвагу хіба што сваім нязграбным выглядам. А сёння, праз чатыры гады, як яго купілі, старшыня Малажынскага сельскага Савета Ганна Раманчук прыкмячае: “З пераездам сюды з вёскі Юркавічы Марыі Міхайлаўны Аўраменкі сядзіба набыла другое жыццё. Зроблены рамонт, акультурана тэрыторыя, радуюць вока кветкі і “вясёленькія” фарбы на падворку. А жанчыне, заўважу, сёлета споўнілася семдзесят”.

Dublin-2
Марыя Міхайлаўна Аўраменка

Сама ж яна лічыць, што пакуль ёсць сілы, чалавек павінен упрыгожваць сваё месца, клапаціцца не толькі пра ўласны, але і пра агульны дабрабыт. Таму і ў сваім паважаным узросце заўсёды знаходзіцца ў гушчыні клопатаў, што датычаць добраўпарадкавання вёскі. Як, дарэчы, і мясцовая пенсіянерка Любоў Іванаўна Кур’ян з дачкой Наталляй. У дзень нашай сустрэчы з вяскоўцамі яны якраз абмяркоўвалі з Ганнай Пятроўнай, да чыёй прыбегнуць дапамогі, каб перакрыць дах – адпаведны матэрыял ужо купілі, але патрэбны мужчынскія рукі. Ёсць таксама ідэя аформіць менавіта каля іх сядзібы своеасаблівы “куточак кахання”. Кампазіцыя, па словах старшыні, амаль гатова, патрэбна толькі ўсталяваць.

Dublin-3
Кацярына Харытонаўна Цішунец

Некалькі год назад набыла дом у Дубліне і Кацярына Харытонаўна Цішунец, якая дагэтуль жыла ў вёсцы Грушнае. У чысціню і парадак на падворку гарманічна ўпісваецца яркае цвіценне гладыёлусаў, вяргінь, петуній, календулы і мноства іншых кветак – назваў усіх не ведае і сама. Праўда, з-за праблем са здароўем, як прыкмячае гаспадыня, даглядае цяпер усю гэтую “фларыстыку” дачка Алена, якая працуе эканамістам у КЖУП “Брагінскае”. Добра, што не пакідаюць у цяжкія хвіліны сваіх старэнькіх, хворых бацькоў дзеці. Так, дарэчы, і павінна быць.

Dublin-4
Юлія Сцяпанаўна Нікалаенка

А вось на сядзібе Цімафея Аляксандравіча і Юліі Сцяпанаўны Нікалаенкаў кветкі пасадзіла нявестка, якая прыязджала з Украіны. Зразумела, што у свае за восемдзесят гаспадарам, якія перажылі і вайну, і цяжкія гады аднаўлення краіны з руін і папя-лішчаў, даводзіцца сёння нярэдка звяртацца да родных і блізкіх, маладзейшых землякоў, каб у нейкіх справах дапамаглі. І гаспадары шчыра ўдзячныя, што іх без падтрымкі не пакідаюць. Сілы і здароўе ўжо не тыя, але дагледжаная сядзіба – як абавязковае. Па-іншаму жыць не прывыклі. Таму дагэтуль, як можа, завіхаецца на сваіх сотках Юлія Сцяпанаўна, каб зямельны ўчастак каля дома радаваў ураджаем і рознакаляровасцю кветак, а не буяў травой. З жывёлы і птушкі ў двары засталіся толькі куры ды сабака. А раней сям’я трымала і карову з бычком ці цялушкай, і каня, і індыкоў, і гусей, і качак… Адсюль выпусцілі ў вялікі свет дваіх дзяцей, якім далі вышэйшую адукацыю. Усё жыццё стараліся, каб не раслі яны ў нястачы.

Dublin-5
Валянціна Мікалаеўна Іваненка

Яшчэ ў 1990-м засяліліся ў адзін з пабудаваных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС катэджаў сям’я Пятра Уладзіміравіча і Валянціны Мікалаеўны Іваненкаў. Пасля трагічнай даты 1986-га яны былі вымушаны развітацца з роднай вёскай Ясяні, але Брагіншчыну не пакінулі. І ў будучым аб гэтым ні разу не пашкадавалі: душа супакоілася, у Дубліне, сярод землякоў, адчулі сябе як дома.

Dublin-6

Тут прайшло дзяцінства і трох сыноў, у аднаго з якіх ужо падрастаюць дзве дачкі. І зусім не дзіўна, што яны вельмі любяць бавіць час менавіта на падворку бабулі і дзядулі. Яшчэ б! Для ўнучак тут абсталявалі спецыяльны куточак з арэляй і пясочніцай. Ёсць і альтанка, і летні домік – усё прадумана да дробязяў для дружнага сямейнага адпачынку. Дамінуючую частку на зямельным участку займае расліннасць, дзе знайшлося месца і вінаграду, і клубніцам, і грэцкаму арэху, і алычы, і абрыкосам… Садавіной і гароднінай можна частавацца ўдосталь. Усё пасадзілі сваімі рукамі і зараз даглядаюць з цеплынёй і клопатам. Не менш пачэснае месца адведзена прыгажуням-кветкам, якія радуюць вока сваім цвіценнем з вясны да позняй восені. А насупраць дома, на скрыжаванні вуліц Новай і Школьнай, выдатна ўпісаўся ў вясковую рапсодыю драўляны калодзеж – па дамоўленасці старшыні сельсавета з трыма мясцовымі сем’ямі, тут з цягам часу будзе абсталявана своеасаблівая зона адпачынку з альтанкай, кветнікамі, малымі архітэктурнымі збудаваннямі. Пачатак гэтай справе паклалі менавіта Пётр Уладзіміравіч і Валянціна Мікалаеўна. Так што працяг будзе.

Dublin-7

Мяркую, у якойсьці ступені сельскія сядзібы сведчаць аб характары сваіх гаспадароў і нават адлюстроўваюць іх унутраны свет. Дагледжаныя і ўтульныя – аб імкненні да прыгожага, прагі да працы, а занядбаныя – аб абыякавасці, паняцці чалавека: як ёсць, так і добра. Хаця сакрэтаў падтрымання парадку ў сваім і агульным доме не існуе: галоўнае – мець жаданне, цікавасць, знайсці час і – не ленавацца. А падказка, як зрабіць лепш, заўсёды знойдзецца на суседскіх падворках.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *