Буркі: зямля ад клопатаў квітнее

Грамадства

“Вельмі люблю лілеі”, – прызналася Ала Повад. “За дзяцей перажываю”, – з нейкай трывогай у голасе зазначыла Любоў Раманюк. “Як жа цудоўна, калі газ падведзены ў дом”, – падзялілася радасцю Антаніна Раманюк…

Гэтыя жанчыны рознага ўзросту пражываюць на тэрыторыі Буркоўскага сельскага Савета, і аб’ядноўвае іх любоў да роднай зямлі і клопат аб ёй. Заўважаецца гэта па добраўпарадкаваных сядзібах, якія патанаюць у кветках.

– Добра працаваць, размаўляць з гаспадарамі, якія ўсведамляюць сваю меру адказнасці за парадак на зямлі, клапоцяцца аб ёй, – адзначае старшыня Буркоўскага Савета Надзея Каробкіна. Давайце завітаем на сядзібу Пятра Маісеевіча і Марыі Кузьмінічны Раманюкоў. Гэта тая сям’я, пра якую ў вёсцы кажуць: “За ўсё жыццё і не пасварыліся ні разу…”

Burki-1

Такую прапанову не падтрымаць мы не маглі. І вось ужо сустракае нас буйствам фарбаў не надта вялікі дом, у якім усе ў клопатах: дзверы зяць мяняе. Але ж некалькі хвілін знайшлі і для нас. Пётр Маісеевіч да выхаду на пенсію працаваў у мясцовай гаспадарцы загадчыкам майстэрні, галоўным інжы-нерам. Трох дачок выхавалі ў сям’і. Яны і зараз да бацькоў прыязджаюць, дапамагаюць. Нягледзячы на сталы ўзрост, Раманюкі трымаюць гаспадарку: на падвор’і – качкі, свінні, трусы. Ды яшчэ і паўгектара агарода. Ідэальны парадак і мноства кветак у двары і каля яго. Паспяваюць усюды – чым не прыклад для пераймання для маладых, што толькі пачынаюць сямейнае жыццё. А гэтая пара неўзабаве адзначыць і залатое вяселле.

Burki-2
Пётр Маісеевіч і Марыя Кузьмінічна Раманюкі

Любоў Раманюк сустрэла нас на ганку. Заклапочаная нечым, устрывожаная. Старшыня Савета, вядома ж, зацікавілася – што турбуе? Як аказалася, думае Любоў Рыгораўна пра дзяцей. Дваіх сваіх на ногі паставіла. І дваіх сірат-пляменнікаў… Вось аб апошніх і клопат жанчыны.

Burki-3
Любоў Рыгораўна Раманюк

А ўвогуле, Любоў Рыгораўна чалавек у раёне вядомы. Некалі яна часта станавілася гераіняй нашых публікацый. Даярка-чатырохтысячніца, кавалер двух ордэнаў працоўнай Славы, узнагароджана шматлікімі медалямі.

Каля дома – альтанка, ўся абплеценая паспелым вінаградам, з густам зробленая лавачка, клумбы – ёсць дзе адпачыць.

Асабіста мяне парадавала яшчэ і тое, што Любоў Рыгораўна – наша пастаянная падпісчыца.

Burki-5
Антаніна Аляксандраўна Раманюк (злева) са старшынёй Буркоўскага сельскага Савета Надзеяй Каробкінай

Сядзіба Антаніны Раманюк агароджана металапрофілем. “Сыны прыехалі, усё зрабілі”, – з гонарам у голасе адзначае гаспадыня. А іх у Антаніны Аляксандраўны тры, усе вадзіцелі. У родны дом завітваюць часта. І гасцямі, і гаспадарамі: дапамагчы маці з рамонтам, іншымі справамі. Вяргіні, ружы, астры – сапраўднае буйства колераў на невялікім падворку.

Такі ж цуд і на падворку Алы Повад, якая працуе бухгалтарам у ААТ “Імя Жукава“. “Позна прыехалі, адцвіло ўжо ўсё”, – жартам упікнула яна нас. Але ж хапала кветак вакол дома, каля агароджы, клапатлівая рука гаспадыні была прыкметна паўсюдна.

Burki-9
Ала Іванаўна Повад

Надзея Гананайка з Мікуліч зараз у водпуску па доглядзе дзіцяці. Яны с мужам рамантуюць дом, які выдзеліў ім сельскі Савет. “Работы тут хапае, – зазначае Надзея Каробкіна. – Але ж, у гэтай сям’і працы не баяцца. А яшчэ ў маладой гаспадыні залатыя рукі”. І сапраўды, вырабы з газет прывабліваюць вока сваёй дасканаласцю.

Burki-8
Надзея Гананайка з дзецьмі

Прыгожая наша зямля. І шмат жыве на ёй добрых людзей, якія клапоцяцца пра тое, каб захаваць гэтую прыгажосць, дадзеную Сусветам.

Галіна ШАЎЧЭНКА

Burki-7
Сядзіба Ганны Фёдараўны Фядун з МікулічBurki-6

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *