Механізатары сельгаспрадпрыемстваў заняты сяўбой і падсевам траў

Сельское хозяйство

sev3

Як арганізавана пасяўная ў гаспадарках нашага раёна, з якімі праблемамі сутыкнуліся аграрыі сёлета, на што скіраваны іх намаганні, мы папрасілі расказаць галоўнага агранома ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Юлію Жынко.

Юлія Валер’еўна паведаміла, што да сяўбы ранніх яравых культур у раёне прыступілі 12 сакавіка. На гэтую дату ў дыспетчарскай райсельгасхарчу была ўжо справаздача агранамічнай службы ААТ “Імя Жукава”, “Брагінка”, “Чамярыскі”, “Пераможнік” і “Камарынскі” аб першых засеяных гектарах. Да 6 красавіка адборнае насенне зерневых і зернебабовых было загорнута ў глебу, як і патрабавалася. Першымі справіліся з пастаўленай задачай механізатары адкрытага акцыянернага таварыства “Брагінка”.

Аб’ём палявых работ сёлета павялічыўся, таму што пасевы рапсу не вытрымалі выпрабавання халадамі, загінулі. Давядзецца большыя плошчы адвесці пад кукурузу, аднагадовыя. Дарэчы, каралева палёў зойме 16 332 гектары, з якіх 6050 – на зерне. Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання рэкамендуе зменшыць пасяўныя ўчасткі пад кукурузу і павялічыць пад шматгадовыя травы, каб можна было збалансаваць рацыён буйной рагатай жывёлы, увесці ў яго больш бабовых. Сяўбой і падсевам траў заняты зараз механізатары сельгаспрадпрыемстваў, якім патрэбна выканаць гэтую работу на 3543 гектарах.

Першае насенне кукурузы лягло ў падрыхтаваную глебу 14 красавіка. У адкрытых акцыянерных таварыствах ёсць 24 сеялкі, для каралевы палёў. Работа на палетках спорыцца.

Намаганні вяскоўцаў сканцэнтраваны зараз на падкормцы азімых зерневых, якая праводзіцца другі раз, вывазцы і ўнясенні арганікі. ААТ “Імя Жукава”, да слова, наразае грэбні, каб прыступіць да пасадкі бульбы на плошчы 65 гектараў. Застаецца дачакацца першых усходаў, каб прыступіць да наступнага этапу сельгасработ – догляду пасеваў.

Падрыхтавала Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *