Падзякай у сэрцах ветэранаў адгукнулася акцыя “У страі анлайн”

Грамадства

Veterany

Заўсёды жаданы, светлы і сонечны май. Кожны год ён радуе нас карагодам зеляніны і кветак, якім адклікаецца прырода на доўгачаканае цяпло. І вельмі сімвалічна, што менавіта з гэтым прыгожым вясновым месяцам супала наша Перамога. Сем дзесяцігоддзяў без злачынстваў фашыстаў супраць чалавецтва. Пад мірным небам вырасла не адно пакаленне. Ды, на жаль, пакідаюць нас ветэраны Вялікай Айчыннай – франтавыя раны, узрост, хваробы… Удзельнікаў вайны засталося мала. Але яны яшчэ побач, і тым больш каштоўныя сустрэчы з імі, клопат пра якасць іх паўсядзённага жыцця, увага з боку дзяцей і моладзі.

Менавіта юбілейнай даце – 70-годдзю Вялікай Перамогі прысвяціў сёлета некалькі акцый Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Адна з іх, “У страі анлайн”, дае магчымасць вэтэранам Вялікай Айчыннай вайны паразмаўляць паміж сабой і з моладдзю у рэжыме рэальнага часу. Такі дыялог на мінулым тыдні быў арганізаваны паміж жыхарамі г.п. Брагіна і г. Масты – да справы далучыліся першы сакратар РК ГА “БРСМ” Сяргей Даўгулявец і яго калега з Гродзенскай вобласці. З дапамогай сучасных тэхналогій нашы ветэраны Васіль Аляксандравіч Нікалаенка і Аляксей Мікалаевіч Марчанка змаглі не толькі пагутарыць, але і пабачыцца са сваёй зямлячкай, 95-гадовай Аляксандрай Дзянісаўнай Пятрэнкай, якая таксама прайшла франтавымі дарогамі. Ураджэнка в. Глухавічы, медыцынская сястра па адукацыі, яна доўгі час пасля вайны працавала ў Брагінскай бальніцы. Але стан здароўя вымусіў змяніць месца жыхарства, пераехаць бліжэй да сына.

У час размовы ветэраны цікавіліся справамі, самаадчуваннем адзін аднаго, дзяліліся ўражаннямі ад урачыстасцей, прысвечаных Перамозе. Кожны адзначыў увагу і клопат, якія адчуваюць да сябе з боку дзяржавы і мясцовай улады. І Васіль Аляксандравіч, і Аляксей Мікалаевіч дагэтуль пад уражаннем, што прымалі ў сваіх дамах напярэдадні светлай даты старшыню райвыканкама, які завітаў да іх з цёплымі віншаваннямі і падарункамі. Для ветэранаў такая глыбокая павага – вялікая маральная падпітка, якая дапамагае ім захоўваць бадзёрасць духу і жыццялюбства. Падзякай адгукнулася ў іх сэрцах і арганізаваная моладдзю акцыя, якая не толькі даставіла прыемныя хвіліны зносін, але і ўсяліла надзею на працяг такіх размоў.

Падобныя акцыі, сустрэчы сведчаць: нашы сэрцы і сёння б’юцца ў адзіным рытме, што звязвае дзень цяперашні з падзеямі мая 45-га стужкай гісторыі, аб’ядноўваючы лёсы дзядоў, бацькоў, дзяцей, унукаў – усіх пакаленняў.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *