Падведзены вынікі работы ў ААТ «Малажынскі»

Грамадства

korova

Вынікі работы жывёлагадоўчай галіны за студзень-май
былі падведзены на базе ААТ “Малажынскі”.

ВЫТВОРЧЫЯ  ПАКАЗЧЫКІ

Як адзначыла ў сваім выступленні намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Наталля Купрыенка, валавая вытворчасць малака за пяць месяцаў склала 108%, за май – 108,9% і ў параўнанні з красавіком павялічылася да 113,5%.
Па такім паказчыку, як надой малака ў разліку на карову, лідзіруе ААТ “Камарынскі”, на другім месцы – ААТ “Брагінка”, на трэцім – “Чамярыскі”. Найменшая прадуктыўнасць кароў у ААТ “Брагінскі” (1226 кг). Калі па выніках работы за пяць месяцаў наш раён займаў у вобласці 16-е месца, то ў маі палепшыў свае пазіцыі і ўзняўся да 11-га (атрымана ад кожнай каровы па 423 кг малака, + 26 кг да ўзроўню 2014-га і +51 кг – да красавіка).
За студзень-май прададзена 8997,8 тоны малака, што складае 112,7%. Рэалізацыю павялічылі ўсе без выключэння сельгаспрадпрыемствы, у ААТ “Брагінка” яна дасягнула 137%, “Камарынскі” – 122%, “Імя Жукава” – 118%.
Найбольшую колькасць малака гатункаў “экстра” і вышэйшага паставіла на перапрацоўку ААТ “Імя Жукава” – 88,5%, найменшую – “Малажынскі” (55,1%). У маі лідарства перахапілі жывёлаводы “Пераможніка”, якія адправілі “экстры” і малака вышэйшага гатунку 99,2%. Як станоўчае неабходна адзначыць і павышэнне масавай долі тлушчу ў малацэ.
А вось па таварнасці малака за пяць месяцаў жывёлаводы не выйшлі на сярэднеабласны паказчык (89,9%), па раёне ён адпавядае 86,1%. Найвышэйшы – у ААТ “Імя Жукава” (89,1%). Затое за май тры гаспадаркі: ААТ “Брагінскі”, “Малажынскі” і “Камарынскі” маюць таварнасць звыш 90% (па раёне – 88,8%).
Пагалоўе малочных кароў на 1 чэрвеня бягучага года не зменшылася, а ў такіх гаспадарках, як ААТ “Брагінка”, “Імя Жукава” і “Пераможнік”, павялічылася.
Прадукцыя вырошчвання буйной рагатай жывёлы зменшылася і складае ўсяго 66,7% (па вобласці – 21-е месца). Невысокія атрыманы і сярэднясутачныя прывагі.

У  ГРАШОВЫМ  ВЫЛІЧЭННІ

Немеснік начальніка па эканоміцы Уладзімір Кавалёк прааналізаваў вынікі работы галіны з пункту гледжання фінансіста. Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі за пяць месяцаў знізілася на 9120,3 млн рублёў. Недабор прадукцыі жывёлагадоўлі “забяспечылі” ААТ “Брагінскі” і “Пераможнік” .
Найбольшую ўдзельную вагу ў структуры валавой прадукцыі займаюць ААТ “Малажынскі”, “Чамярыскі” і “Камарынскі” і ў цэлым забяспечваюць 62% аб’ёма. Акрамя таго, камарынцы дабавілі 3,3 працэнтных пункта.
Прадукцыйнасць працы напрамую залежыць ад дасягнутых вынікаў. Гаспадаркі, якія яе знізілі, не забяспечылі выкананне тэмпаў па кошце валавой прадукцыі. За студзень-красавік атрымана 66 487 млн выручкі, што на 21,1% больш. У сярэднім па раёне на 1 работніка – на 57,7 млн рублёў з тэмпам 119,5%. Найніжэйшыя паказчыкі выручкі (менш чым 50 млн рублёў) – у ААТ “Імя Жукава” і “Брагінскі”. У “Малажынскім” – 73,9 млн рублёў.
Ад рэалізацыі прадукцыі за гэты час атрымана 264 млн страт, тэмп росту сабекошту на 3,5 працэнтных пункта апярэджвае тэмп росту выручкі, у выніку чаго рэнтабельнасць продажу зменшылася на 4,2 п.п.
Ад рэалізацыі малака атрымана 32 934 млн рублёў (рост – 121%). Найбольшыя тэмпы росту выручкі ад рэалізацыі малака (больш чым 130%) маюць ААТ “Брагінка”, “Імя Жукава” і “Брагінскі”. Найбольшая выручка ў разліку на карову – у камарынцаў (8 млн рублёў), што нават вышэй сярэднеабласнога паказчыка. Стабільнай крыніцай даходаў сельгаспрадпрыемстваў з’яўляецца малако. Узровень яго рэалізацыі ад адной каровы сведчыць аб эфектыўнасці работы вяскоўцаў.
Сабекошт адной тоны прададзенага малака роўны 4 млн рублёў з тэмпам росту 106,5%. Сярэдняя цана рэалізацыі павялічылася на 5,4% і склала 4,4 млн за тону. Рэнтабельнасць пастаўленага на перапрацоўку малака – 10,7%. Яна павялічылася ў параўнанні са студзенем-красавіком мінулага года на 4,8 п.п. Найбольшая рэнтабельнасць рэалізацыі малака – больш чым 20% – у ААТ “Брагінка”, найменшая – у “Малажынскім” – 3%.
За студзень-красавік расход кармоў на вытворчасць 1 цэнтнера малака склаў 1,08 цнт кармавых адзінак, што менш у параўнанні з мінулым годам на 0,22 цнт, але перавышае нарматыў на 0,08 цнт. Па нарматыўным расходзе малако не атрымліваюць ні ў адной гаспадарцы.
Рэнтабельнасць рэалізаванай буйной рагатай жывёлы склалася на ўзроўні “мінус” 15,8% і знізілася на 17,2 працэнтных пункта. Станоўчая яна толькі ў ААТ “Чамярыскі”. Стратнасць больш за 20% маюць ААТ “Брагінскі”, “Імя Жукава”, “Малажынскі”, у цэлым па раёне гэта значная лічба – 3497 млн рублёў.
За студзень-красавік бягучага года на 1 цэнтнер прывагі буйной рагатай жывёлы зрасходавана 11,8 цнт кармавых адзінак, што перавышае нарматыў на 2,8 цнт. Найбольшы перарасход дапушчаны ў ААТ “Пераможнік”. У красавіку ён зменшыўся на 0,7 цнт кармавых адзінак (9,7 цнт).
У цэлым ад рэалізацыі малака і буйной рагатай жывёлы страты склалі 604 млн рублёў. З адмоўнай рэнтабельнасцю спрацавалі ААТ “Брагінскі”, “Імя Жукава”, і “Пераможнік”.

АТРЫМАЦЬ  І  ЗАХАВАЦЬ

Аб захаванасці грамадскага пагалоўя на семінары гаварыла галоўны ветэрынарны ўрач Галіна Каптураўскас. Яна адзначыла, што ў параўнанні з мінулым годам зменшыўся паказчык па невытворчым выбыцці, у маі – на 10 галоў. Палепшылася захаванасць маладняку. Вялікую ролю адыграла вакцынацыя сухастойных кароў супраць вірусных і інфекцыйных захворванняў, а таксама апрацоўка вітамінамі і макра-мікраэлементамі.

На раённы семінар, акрамя кіраўнікоў гаспадарак, галоўных спецыялістаў, былі запрошаны аператары па штучным асемяненні жывёлы. І гэта невыпадкова. У рамках асноўнага мерапрыемства праводзіўся адзіны дзень па ўзнаўленні статка. Справаздачу зрабіў галоўны заатэхнік-селекцыянер РСУП “Гомельдзяржплемпрадпрыемства” Іван Кучык, які зрабіў акцэнт на пытаннях узнаўлення статка, асабліва на комплексе з колькасцю 720 галоў, кадравым забеспячэнні, нямалаважна і мэтанакіраванае вырошчванне цялушак.

Як захаваць маладняк, наколькі важна тэхналогія яго кармлення і ўтрымання, як і апрацоўка прэпаратамі і вітамінамі кароў пасля ацёлу, расказала Галіна Каптураўскас.
Вынікі семінара-нарады падвёў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Кохан.

Кіраўніцтву ААТ “Малажынскі», «Імя Жукава», «Чамярыскі» рэкамендавана накіраваць на вучобу ў Рэчыцкі дзяржаўны аграрны каледж аператараў па штучным асемяненні. А спецыялістам адкрытых акцыянерных таварыстваў – узмацніць кантроль за кармленнем і ўтрыманнем маладняку, праводзіць своечасова яго вакцынацыю.

У тэрмін да 29 чэрвеня Брагінскаму філіялу РСУП «Гомельдзяржплемпрадпрыемства» неабходна ўкамплектаваць усім неабходным пункт штучнага асемянення на МТФ у Ленінску (ААТ “Малажынскі”), спецыялістам зааветэрынарный службы сельгаспрадпрыемстваў – адабраць цялушак для асемянення.

Даручана таксама распрацаваць мерапрыемствы па больш эфектыўнай рабоце комплексу ААТ “Малажынскі”. Адказваць за гэта будуць не толькі раённыя службы, але і зааветспецыялісты гаспадаркі.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *