Жніво-2015: вялікія надзеі ўскладваюць на маладых

Сельское хозяйство

Зерневыя і зернебабовыя займаюць у ААТ “Імя Жукава” 1530 гектараў, іх уборку вядуць восем экіпажаў. Летась найбольшай выпрацоўкі на жніве дасягнуў Сяргей Раманюк, які за штурвалам стэпавага карабля і сёлета, працуе з не меншым энтузіязмам.

B_2
Дзяніс Шкурко

Вялікія надзеі ўскладваюць у гаспадарцы на маладых. Для Дзяніса Шкурко гэтая ўборачная – чацвёртая. Два гады працаваў памочнікам камбайнера ў Алега Раманюка, апошнія два – самастойна.

Калі за высокія намалоты Дзяніс змагаецца адзін, то стрыечныя браты Сяргей і Барыс Герасіменкі аб’ядналі свае намаганні і нават выйшлі ў першыя дні гарачай кампаніі ў тройку лепшых, але ж вымушаны былі сысці з дыстанцыі. Не вытрымаў нагрузкі камбайн. Шкада, і ўсё ж адчайвацца не варта. У іх будзе яшчэ магчымасць праявіць сябе на іншых участках. Барыс, да слова, быў у ліку лепшых на веснавых палявых работах. У адкрытым акцыянерным таварыстве хлебароба характарызуюць са станоўчага боку, адзначаюць яго любоў да спорту, актыўную жыццёвую пазіцыю. Дзякуючы Барысу, ААТ “Імя Жукава” займае ў спартыўных спаборніцтвах не апошнія месцы.

Алег Раманюк
Максім Званок

Яшчэ пра аднаго маладога працаўніка хацелася б расказаць на старонках газеты: пра Максіма Званка. У гэтыя дні ён разам са сваім старэйшым калегам абслугоўвае сушыльны комплекс, перапрацоўвае збажыну. Вопыт прыйдзе з цягам часу, галоўнае, што ў Максіма ёсць рысы характару, якія найбольш цэняцца ў людзях: любоў да працы, пачуццё адказнасці, чалавечнасць.

Далучаюцца да ганаровай справы – уборкі хлеба – бацька і сын Станіслаў і Дзмітрый Каробкіны, якія не з’яўляюцца членамі калектыву, але ж пражываюць на тэрыторыі гаспадаркі. Вось ужо некалькі год запар яны ідуць у водпуск у адказны для вяскоўцаў час, каб разам з імі забяспечваць харчовую бяспеку краіны.

Ніна СІНІЛАВА



Пакінуць адказ