Першая настаўніца мая

Грамадства

Uchitel_3

Першага верасня. З самай раніцы пасёлак упрыгожваецца яркімі букетамі і мудрагелістымі бантамі. Урачыстыя лінейкі збіраюць вучняў, педагогаў, бацькоў. У цэнтры асаблівай увагі, вядома, самыя маленькія. Крыху спалоханыя і збянтэжаныя, яны ўпершыню нясмела пераступаюць парог школы, садзяцца за парты і адпраўляюцца ў вандроўку па чароўнай краіне ведаў. Разам з першай настаўніцай…

Сапраўды, вялікая адказ-насць – прыняць ад бацькоў яшчэ такіх някемлівых, недасведчаных хлопчыкаў і дзяўчынак, дапамагчы ім прывыкнуць да зменаў у рэжыме дня, асвоіць новую для іх дзейнасць. Не толькі зацікавіць, але і падтрымаць у цяжкія моманты, натхніць, зрабіць усё магчымае, каб першы год вучобы стаў удалым стартам школьнага жыцця.
Зрэшты, Ірыне, выпускніцы Іялчанскай сярэдняй школы, настаўніцкія клопаты былі добра зразумелыя і блізкія з дзяцінства: яе маці Ніна Іванаўна Пінчук прысвяціла педагагічнай дзейнасці ўсё жыццё. І праверка сшыткаў, і планаванне ўрокаў – усё было перад вачыма дзяўчынкі. Як, дарэчы і прыклад інтэлігентнасці, высокай адукаванасці, чалавечай мудрасці і разважлівасці, вернасці аднойчы выбранай справе. Таму сумненняў і ваганняў у тым, па якой дарозе пайсці пасля школы, не ўзнікла. Рашэнне дачкі быць настаўніцай маці, безумоўна, падтрымала.
Вучоба ў Лоеўскім педагагічным вучылішчы – і вось яны, першыя крокі ў прафесію. І трывога ў сэрцы ад першага ўрока, і задавальненне ад першых працоўных вынікаў. Колькі патрэбна стараннасці, цярпення і вытрымкі! Але любыя цяжкасці перамагаюць шчырая любоў да дзяцей, вялікае жаданне ўбачыць у кожным з іх асобу, заваяваць аўтарытэт і давер.
Ужо з 1999 года Ірына Пятроўна Раманюк працуе настаўніцай пачатковых класаў у Брагінскай сярэдняй школе, завочна атрымала вышэйшую адукацыю ў Мазырскім педуніверсітэце. І за гэты час ніколькі не пашкадавала: яе прызванне – быць побач з дзецьмі. У адносінах да іх, як падказвае набыты працоўны вопыт, павінны ісці поруч дабрыня і патрабавальнасць, спагада і дысцыпліна. Вучні чацвёртага «В», дзе зараз выкладае Ірына Пятроўна, гэта адчуваюць. Як, дарэчы, і тое, што настаўніца імкнецца трымаць сябе з імі на роўных, таму ў класе заўсёды да месца і строгі дзелавы тон, і трапны жарт, і шчырая, даверлівая размова.
Звініць званок. Заняткі закончаны. Падыходзіць да завяршэння працоўны дзень. Настаўніцкія клопаты змяняюцца дамашнімі. Вечарам збіраецца ўся сям’я, а гэта – маладыя бацькі, іх дзве дачушкі і сын. Для Ірыны Пятроўны як маці, безумоўна, трайныя не толькі турботы, адказнасць і хваляванне, але і радасць, любоў, надзея. Старэйшы Максім, як і належыць хлапчуку, бойкі і жвавы. Сёлета ён пайшоў у пяты клас гімназіі г.п. Брагіна. Анастасія, дзяўчынка разважлівая і непасрэдная, стане вучаніцай ужо ў наступным годзе. А найбольшай увагі патрабуе, бясспрэчна, самая маленькая – Дар’я. Пакуль бацькі знаходзяцца на працы, за ёй прыглядвае бабуля. Галоўная мара маці – каб усе дзеці, такія розныя па характарах і аднолькава любімыя, раслі здаровымі, сталі надзейнай апорай для бацькоў, былі паспяховымі і шчаслівымі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *