Тэма тыдня: Аляксандр Лукашэнка адобрыў новую Ваенную дактрыну Беларусі

Тема недели

211206-02

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў новую Ваенную дактрыну Беларусі па выніках праведзенага 22 студзеня пасяджэння Савета бяспекі. Ён даручыў пры неабходнасці ўнесці ў дакумент праўкі з улікам праведзенага абмеркавання. У бліжэйшы час праект закона, што прадугледжвае зацвярджэнне Ваеннай дактрыны, будзе ўнесены Прэзідэнтам на разгляд у парламент.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што новая Ваенная дактрына вызначае погляды беларускай дзяржавы на забеспячэнне ваеннай бяспекі і ўзброенай абароны.

Аляксандр Лукашэнка пацвярджае міралюбівую палітыку Беларусі і рашучасць адстойваць нацыянальныя інтарэсы

«Мы небеспадстаўна можам публічна пацвердзіць нашу міралюбівую палітыку і адсутнасць варожасці да іншых дзяржаў. Разам з тым заявіць аб рашучасці ў адстойванні сваіх нацыянальных інтарэсаў. У тым ліку, калі спатрэбіцца, з прымяненнем усёй ваеннай арганізацыі дзяржавы, — сказаў беларускі лідар. — Гэта значыць нам нічога чужога не трэба, але метра свайго не аддадзім. Гэта не намі прыдумана».

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што прамая ваенная пагроза Беларусі адсутнічае. «На першы план выйшлі выклікі іншага характару. Аднак, як сведчыць народная мудрасць, «порах трэба трымаць сухім». І гэта мудрасць захоўвае сваю актуальнасць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што новая Ваенная дактрына вызначае погляды беларускай дзяржавы на забеспячэнне ваеннай бяспекі і ўзброенай абароны.

Ён нагадаў, што з моманту зацвярджэння дзеючай дактрыны прайшло паўтара дзясятка гадоў, і за гэты перыяд абстаноўка ў свеце і вакол Беларусі кардынальна змянілася. У прыватнасці, абвастрыліся супярэчнасці сусветных і рэгіянальных цэнтраў сілы ў барацьбе за перадзел сфер уплыву і імкненне адстойваць свае геапалітычныя інтарэсы рознымі спосабамі.

«Актыўнае выкарыстанне механізмаў «каляровых рэвалюцый» для звяржэння законнай улады прывяло да павелічэння колькасці ўзброеных канфліктаў. Пры гэтым усё часцей дасягненне палітычных мэт адбываецца шляхам падрыву дзяржавы знутры», — адзначыў беларускі лідар.

«У стан хаосу ўведзены Ірак, Лівія, Емен, прадаўжаецца кровапраліцце ў Сірыі. Да гэтага часу не ўдалося нармалізаваць абстаноўку ва Украіне. Шэраг «гарачых кропак» знаходзіцца ў «замарожаным» стане і можа ўспыхнуць у любы момант», — канстатаваў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што тэрарызм захліснуў увесь свет, ад еўрапейскага кантынента да Злучаных Штатаў Амерыкі, а паток бежанцаў, якія бягуць ад вайны, актыўна накіроўваецца ў Еўропу.

«Узмацніліся супярэчнасці паміж Расійскай Федэрацыяй і дзяржавамі — членамі НАТА, калі не сказаць больш. І паміж імі апынуліся мы, як паміж молатам і кавадлам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што захоўваецца пагроза глабальнай і рэгіянальнай бяспецы, пры гэтым далейшая эскалацыя абстаноўкі можа мець непапраўныя наступствы як для Еўропы, так і ўсяго чалавецтва.

211206-04

Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што ўзніклі новыя з’явы, якія патрабуюць адэкватнага рэагавання. Так, на змену традыцыйным формам вайны прыйшлі іншыя, у тым ліку так званыя гібрыдныя. У іх значна павысілася роля інфармацыйных рычагоў уздзеяння на фарміраванне грамадскай думкі ў той ці іншай дзяржаве.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што аналіз сучаснай абстаноўкі вымушае скарэкціраваць падыходы да комплекснага забеспячэння нацыянальнай бяспекі, у тым ліку ў ваеннай сферы.

Ён адзначыў, што ў мінулым годзе была пастаўлена задача міністру абароны вывучыць усе варыянты сілавога рэагавання на сучасныя пагрозы з улікам доўгатэрміновага прагнозу, адлюстраваўшы гэта ў новай рэдакцыі Ваеннай дактрыны, што і было выканана.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў членам Савета бяспекі абмеркаваць, наколькі ўлічаны змяненні форм і спосабаў вядзення ўзброенай барацьбы ў дакуменце, як ацэнена з пункту гледжання забеспячэння бяспекі Беларусі цяперашняя ваенна-палітычная абстаноўка, варыянты рэагавання на тыя ці іншыя пагрозы краіне.

«Забеспячэнне стабільнасці і бяспекі — гэта галоўная ўмова ўстойлівага развіцця дзяржавы і наша важнейшая задача», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Народ не даруе, калі мы не забяспечым бяспечнае жыццё і суверэнітэт краіны

«У любога народа, тым больш нашага, беларускага, да ўлады заўсёды былі і ёсць прэтэнзіі: і цэны высокія, і мяса, малака мала або шмат, і шмоткі не такія, як імпартныя, і зарплаты, і пенсіі невысокія, агароджы зламаліся, дахі прадзіравіліся, снег не прыбрала ўлада з вуліц, машыны не ачысціла своечасова і г.д. І з цягам часу гэтыя прэтэнзіі адыдуць, яны проста забудуцца, або народ, як гэта заўсёды бывае, уладзе даруе. Але не даруе аднаго — калі мы яму не забяспечым бяспеку і абарону суверэнітэту і незалежнасці краіны. Вось тады ні шмоткі, ні мяса, ні малако — нічога не трэба будзе, калі не будзе кавалка зямлі, на якім будуць жыць нашы дзеці і ўнукі, — сказаў Прэзідэнт. — Таму, калі застанецца апошні рубель у бюджэце або кішэні дзяржаўнай, то патраціць яго трэба на бяспеку нашага народа, на бяспечнае жыццё народа. Гэта галоўнае».

211206-06

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў Украіну. «Спытайце сёння ў любога ўкраінца, які жыве там, не толькі ў Данецку, Данбасе, Луганску — што для іх галоўнае. У іх жа і жыцця фактычна няма, з пункту гледжання нашага народа. Там ніхто ўжо не гаворыць пра цэны, пра мяса, пра валюту, пра курс і г.д. Там усе мараць аб тым, каб ад іх усе адсталі і ў краіне была нармальная сітуацыя, каб быў мір. Усё астатняе, як кажуць украінцы, мы знойдзем самі, сваёй працай», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Таму, чаго б нам гэта ні каштавала, трэба захаваць мір на нашай зямлі, забяспечыўшы бяспечнае жыццё нашага народа і абараніўшы той кавалак зямлі, які дастаўся нам у спадчыну», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *