Вынікі работы жывёлагадоўчай галіны раёна падвялі на базе ААТ “Пераможнік”

Сельское хозяйство

Пагалоўе буйной рагатай жывёлы (2900 галоў) сканцэнтравана тут на пяці фермах. Плошча ўсіх зямель – 5800 га, а ворыўныя займаюць 2400 га. Аб гэтым удзельнікам семінара расказаў дырэктар “Пераможніка” Уладзімір Прусянок. Ён праінфармаваў таксама, які валавы збор зерня сабралі сёлета, колькі выручкі атрымалі ад рэалізацыі малака.

Seminar_1

Затым усе накіраваліся ў Макрэц, на самую аддаленую ферму, падрамантаваную і прыведзеную ў парадак. І месца для яе выбрана цудоўнае, як і для вялікай кашары, у якой суха нават для гэтай пары. Як паказвае практыка, на такіх невялікіх вытворчых падраздзяленнях звычайна больш парадку і лепшыя вынікі работы. Для нованароджаных цялят пабудавалі клеткі-домікі, у якіх яны будуць утрымлівацца 21 дзень, а потым маладняк перавязуць на іншыя фермы. Усё зроблена згодна з тэхналогіяй і патрабаваннямі зааветслужбы. І не толькі для цялят, але і кароў. У прыватнасці, у хляве адгароджаны месцы для ацёлу, каб у першыя гадзіны жыцця цяля магло атрымаць каштоўны для яго прадукт – малодзіва. Захаванасць маладняку на Макрэцкай ферме стопрацэнтная.

Пра дойны статак (170 галоў) клапоцяцца чатыры даяркі і два даглядчыкі, у якіх ёсць уласныя коні. Кожны з іх падвозіць фураж і корміць пэўную колькасць жывёлы. Памяшканне разлічана на 200 галоў, хутка месцы, якія пустуюць, зоймуць нецелі. Даенне трохразовае. Пры наяўнасці падменнага аператара машыннага даення гэта нармальна, бо ў жанчын, якія тут працуюць, ёсць выхадны. На маю думку, трэба аддаць належнае Уладзіміру Міхайлавічу за настойлівасць пры падборы кадраў у апусцелых вёсках. Дакладней, за ўменне ўстанаўліваць кантакт з людзьмі, зацікавіць і ўгаварыць прыйсці працаваць у жывёлагадоўлю. У гэтым пераконваліся не раз, калі наведвалі гаспадарку і сустракаліся з даяркамі і даглядчыкамі. Для іх абсталяваны пакоі для адпачынку на ўсіх МТФ.

Вялікі аб’ём будаўнічых работ гаспадарчым спосабам выкананы і ў Зарэччы. Дырэкцыя сельгаспрадпрыемства выкарыстала шанс, які дало аграрыям тры гады таму кіраўніцтва вобласці. Тым, хто будаваў і рамантаваў жывёлагадоўчыя памяшканні сваімі сіламі, кампенсавалі матэрыяльныя затраты. У “Пераможніку” дзякуючы гэтаму з’явіліся кароўнік, памяшканне для цялят, дзе раней не было вады (яе падвозілі). Зараз тут устаноўлена помпа. На Зарэчанскай МТФ знаходзіцца 167 кароў, працуюць чатыры даяркі. Тры з іх – мясцовыя. Па словах Уладзіміра Прусянка, аператараў машыннага даення і даглядчыкаў сюды і на іншыя фермы падвозяць з навакольных вёсак, выдзеленая для гэтай мэты “Газэль” аб’язджае ўсе вытворчыя падраздзяленні.

Заключным аб’ектам, на якім пабывалі ўдзельнікі семінара, стаў малочны комплекс. Такія ёсць не толькі ў “Пераможніку”, але і ў іншых гаспадарках раёна.

Seminar_2Seminar_3

На плянарным пасяджэнні былі прааналізаваны вынікі работы жывёлаводаў раёна за 11 месяцаў мінулага года. Як вынікае з даклада намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалая Раманюка, валавая вытворчасць малака склала 111,2% да ўзроўню 2014 года, яе не знізіла ніводная гаспадарка. Як і надой ад кожнай каровы. Найбольшы прырост прадукцыі забяспечылі працаўнікі ферм ААТ “Камарынскі”, “Брагінка”.

У лістападзе ў раёне атрымана 1707 тон малака, або 119,4%. У лідарах – малажынцы (136,4%), чамярысцы (134%), камарынцы (122%). У разліку на карову з пачатку года надоена па 3849 кг (+305 кг), а ў ААТ “Камарынскі” – па 5291 кг (+949 кг), “Брагінка” – 4349 кг (+276 кг). Найменшая прадуктыўнасць кароў – у ААТ “Брагінскі”.

Павялічылася рэалізацыя малака дзяржаве, яго таварнасць. А вось вырошчванне жывёлы знізілася на 16,9%, ды і сярэднясутачныя прывагі атрыманы меншыя чым у 2014-м. Вялікую ўвагу Мікалай Аляксеевіч удзяліў кармленню жывёлы, забяспечанасці грамадскага пагалоўя сенажом, сіласам, канцэнтратамі.

Усе дасягненні і пралікі жывёлаводаў, ужо ў грашовым вылічэнні, прааналізаваў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання па эканоміцы Уладзімір Кавалёк. Ён адзначыў, што ў аграпрамысловым комплексе раёна атрымана прадукцыі ў супастаўных цэнах на 309,8 млрд рублёў. Яе вытворчасць знізілася і склала 81,4% да ўзроўню 2014 года, у грашовым вылічэнні – на 71,4 млрд рублёў менш. Такая ж сітуацыя назіраецца ў шасці гаспадарках з сямі. Павялічыла вытворчасць прадукцыі толькі адкрытае акцыянернае таварыства “Камарынскі” на 3,3%, або (на 1626 млн рублёў).

Уладзімір Іванавіч назваў сумы страт ад нізкай якасці прададзенага малака, падзяжу жывёлы, рэалізацыі прадукцыі. Ніводная гаспадарка раёна не выканала заданне па рэнтабельнасці продажу.

Былі заслуханы справаздачы іншых спецыялістаў раёна. Кожны з іх расказаў аб становішчы спраў у той галіне, за якую адказвае.

Вынікі семінара падвёў старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан. У час паездкі па тэрыторыі сельгаспрадпрыемства ён звярнуў увагу Уладзіміра Прусянка на неабходнасць захоўваць культуру земляробства, парадак на ўсіх аб’ектах.

Паколькі зараз вялікая ўвага ўдзяляецца падрыхтоўцы тэхнікі да веснавых палявых работ, кіраўнік раёна, прадстаўнікі інжынернай службы, іншыя ўдзельнікі семінара зазірнулі ў рамонтную майстэрню ААТ “Пераможнік”, дзе даводзяць да ладу пасяўныя агрэгаты і дыскатары.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *