Фестываль дзіцячай эстраднай творчасці “Зорная карусель” прайшоў у Брагінскім РДК

Грамадства

Festyval_1

Актавая зала, як заўсёды, ледзь змяшчала ўсіх жадаючых атрымаць асалоду ад выступленняў таленавітых і харызматычных юных артыстаў. Іх неверагодная энергетыка, а таксама песні, танцы і вершы знайшлі шчыры водгук і захапленне ў сэрцах і шматлікіх гледачоў, і журы.

“Мы вельмі рады бачыць у гэтай зале знаёмыя твары, юных асоб, якія ўжо не першы год удзельнічаюць у нашым конкурсе, ну і, вядома, ад усяго сэрца вітаем новых зорачак, – прывітала ўсіх намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ліна Пятніцкая, якая да таго ж з’яўляецца і ініцыятарам фестывалю. Ліна Адамаўна падзякавала творчым калектывам, якія знайшлі магчымасць у чарговы раз завітаць у Брагін, пажадала ўсім радасці, поспехаў і перамог.

Аб тым, што конкурс дзіцячай творчасці – значная падзея ў культурным жыцці нашага раёна, што гэта калейдаскоп цікавых выступленняў, творчага натхнення і надзей, гаварыў і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ігар Самбук. Ён таксама выказаў упэўненасць, што з кожным годам традыцыі свята будуць мацнець і развівацца.

Festyval_2Festyval_3Festyval_4Festyval_5Festyval_6Festyval_7Festyval_8Festyval_9Festyval_12

Фестываль гасцінна прыняў удзельнікаў з розных куточкаў Гомельскай вобласці. За галоўны прыз – “Залаты ключык” – на гэты раз змагаліся шэсць калектываў, якія прадставілі свае праграмы з цікавымі харэаграфічнымі кампазіцыямі, парадавалі пеўчым талентам. Старанны падбор рэпертуару і сцэнічных касцюмаў, а таксама доўгія дні рэпетыцый не былі дарэмныя – выступленне кожнага канкурсанта журы ацаніла дастойна.

Як прызналася падчас цырымоніі ўзнагароджання Ліна Адамаўна, на гэты раз, адзначаючы лепшых у намінацыях, журы было аднагалоснае:

“Эстрадная песня” – Дзіяна Дарошка (цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Савецкага раёна г. Гомеля);

“Сучасны танец” – Брагінская дзіцячая школа мастацтваў (кіраўнік гуртка – Алена Цярэшчанка);

“Народны танец” – Брагінская дзіцячая школа мастацтваў (кіраўнік гуртка – Алена Цярэшчанка);

“Арыгінальны жанр” – Маргарыта Яравая (цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Савецкага раёна г. Гомеля);

“Канферанс” – Анастасія Тарасенка і Максім Цімошчанка (Красненская дзіцячая школа мастацтваў Гомельскага раёна);

“Выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва” – Мікуліцкі сельскі клуб (кіраўнік гуртка – Надзея Гананайка);

“Залаты ключык” (гран-пры) – Красненская дзіцячая школа мастацтваў Гомельскага раёна.

Festyval_10Festyval_13Festyval_11

З прадстаўнікоў Брагіншчыны ў лік лепшых таксама ўвайшлі Мікалай Чубса (Брагінская ДШМ), Ксенія Рылова і Віялета Міроненка (Камарынскі культурна-спар-тыўны цэнтр), Елізавета Равянок (Брагінскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі).

“Зорная карусель” – свята для дзяцей і дарослых, галоўнай мэтай якога з’яўляецца падтрымка і развіццё дзіцячай творчасці. Магчыма, гэта толькі першая прыступка ў вялікую кар’еру, але дзякуючы фестывалю, будучыя зоркі вучацца вытрымцы, стойкасці, уменню перамагаць і прайграваць… І няхай пакуль над імі не ззяюць сафіты, а ў глядзельнай зале ў асноўным бацькі і сябры – яны ўжо заявілі пра сябе і гатовы крочыць далей.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *