Ураджай-2016: гаспадаркам Брагіншчыны неабходна пасеяць 6450 гектараў ранніх яравых

Сельское хозяйство

Перавага нашага паўднёвага раёна ў тым, што палявыя работы аграрыі пачынаюць аднымі з першых у рэспубліцы. Згодна з планам, гаспадаркам Брагіншчыны неабходна пасеяць 6450 гектараў ранніх яравых. Па словах галоўнага агранома ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Юліі Жынко, якой культуры аддаць перавагу, кіраўнікі і агранамічная служба вызначаюць на месцы. У залежнасці ад наяўнасці насення, урадлівасці зямель. Пры гэтым не забываюць народную мудрасць: сей авёс у гразь, будзеш князь.

Аляксандр Заранік
Аляксандр Заранік

У ААТ “Брагінскі” гэтая работа даручана аднаму з лепшых механізатараў Аляксандру Зараніку. Першы выезд у поле ён зрабіў 8 сакавіка. І хаця гэты дзень быў святочны, для хлебаробаў з пачаткам вясны існуе свой каляндар, у якім выхадныя не заўсёды абазначаны. Кіруюцца яны клопатамі пра будучы ўраджай і хлеб наш надзённы. Аляксандр Віктаравіч паспеў загарнуць у глебу насенне аўса на плошчы 200 гектараў, засяваючы ў дзень па 35-40 гектараў. Выпрацоўка будзе большая, калі механізатар перамесціцца з малаконтурных на шырокія палі.

Як праінфармавала Юлія Валер’еўна, акрамя гэтага, сельгаспрадпрыемствы рыхтуюць глебу пад яравую сяўбу, вывозяць і ўносяць арганічныя і мінеральныя ўгнаенні. Калійныя, напрыклад, унесены на плошчы 6035 га з плана 22 899 га, што складае 26%. Вядзецца падкормка азімых зерневых. Стан іх спецыялісты ацэньваюць як здавальняючы, таму неабходна зрабіць зараз усё, каб потым парадавацца важкаму коласу.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *