Тэма тыдня: Прэзідэнт падпісаў указ аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння

Тема недели

lukashenka

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 11 красавіка падпісаў указ нумар 137 «Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння».

Дакумент накіраваны на ўдасканаленне пенсійнага забеспячэння ў сацыяльна-дэмаграфічных умовах, што змяняюцца. Указам прадугледжваецца з 1 студзеня 2017 года паэтапнае штогадовае павышэнне на 6 месяцаў агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі — 58 гадоў; аналагічнае павелічэнне (на 3 гады за 6 гадоў) узросту, які дае права на льготныя працоўныя пенсіі і пенсіі за выслугу гадоў; суразмернае агульнаграмадзянскаму паступовае павышэнне гранічнага ўзросту знаходжання на ваеннай службе ваеннаслужачых.

У адпаведнасці з указам рэкамендавана кіраўнікам арганізацый (незалежна ад форм уласнасці) больш шырока прымяняць практыку ўдзелу наймальнікаў і работнікаў у праграмах добраахвотнага страхавання дадатковай пенсіі.

Мінпрацы і сацабароны: павышэнне пенсійнага ўзросту прадугледжана для ўсіх катэгорый грамадзян

Павышэнне пенсійнага ўзросту прадугледжана для ўсіх катэгорый грамадзян у мэтах забеспячэння аднолькавага, роўнага падыходу. Такая інфармацыя змешчана ў каментарыі да ўказа Прэзідэнта ад 11 красавіка 2016 года нумар 137 «Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння», апублікаваным на сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Адначасова з павышэннем агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту прадугледжваецца павышэнне пенсійных узростаў для назначэння льготных (датэрміновых) працоўных пенсій па ўзросце і за выслугу гадоў у адпаведнасці з законам ад 17 красавіка 1992 года «Аб пенсійным забеспячэнні», ад 6 студзеня 2009 года «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый», ад 15 чэрвеня 2006 года «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь», ад 14 чэрвеня 2003 года «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь», а таксама для назначэння штомесячнага грашовага забеспячэння па ўказе Прэзідэнта ад 30 лістапада 2006 года нумар 705 «Аб штомесячным грашовым забеспячэнні асобных катэгорый дзяржаўных служачых». Пенсійныя ўзросты, што даюць права на названыя віды пенсій і штомесячнае грашовае забеспячэнне, павышаюцца штогод з 1 студзеня на 6 месяцаў, але не больш як на 3 гады ўвогуле.

Указам таксама рэкамендуецца кіраўнікам арганізацый (незалежна ад форм уласнасці) з улікам існуючых фінансавых магчымасцей больш шырока прымяняць практыку ўдзелу работадаўцаў і работнікаў у праграмах добраахвотнага страхавання дадатковай пенсіі.

Праграмы, што прадастаўляюцца страхавымі арганізацыямі на фінансавым рынку Беларусі, даюць магчымасць фарміраваць дадатковую да дзяржаўнай пенсіі пенсійную выплату, г.зн. большы пенсійны дастатак. Фарміраванне дадатковай пенсіі магчыма непасрэдна самім грамадзянінам або яго работадаўцам (карпаратыўнае страхаванне).

Таксама ўказам рэгулюецца пытанне павышэння гранічнага ўзросту знаходжання на ваеннай службе, асобныя пытанні пенсійнага забеспячэння ваеннаслужачых.

Рашэнне па пенсійным узросце нельга было больш адкладаць

У Беларусі прынята рашэнне аб павышэнні пенсійнага ўзросту. Такім чынам, з 2017 года пенсійная сістэма ўступае ў наступную – гістарычную, інакш не скажаш – фазу свайго развіцця. Да гэтай новай рэальнасці трэба рыхтавацца ўсім – грамадству, эканоміцы, дзяржаве. У інтэрв’ю карэспандэнту БелТА намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў расказаў, каго закрануць навацыі ў першую чаргу, якія праблемы трэба вырашыць, чым абумоўлена павышэнне ўзросту выхаду на пенсію і якіх рызык гэта дасць магчымасць пазбегнуць.

Kosinec

– Валерый Валер’евіч, урадам былі прапанаваны тры варыянты. Аптымальным прызнаны той, які замацаваны ва ўказе Прэзідэнта аб удасканаленні пенсійнай сістэмы. З 1 студзеня 2017 года пенсійны ўзрост паступова – штогод на 6 месяцаў – павышаецца для мужчын да 63 гадоў, для жанчын – да 58 гадоў. Чаму захавана пяцігадовая гендарная розніца пенсійных парогаў? Трэба прызнаць, што гэта пытанне выклікала нават больш вострыя дыскусіі на форумах, чым уласна павышэнне пенсійнага ўзросту.

– У гэтых дыскусіях праціўнікі захавання пяцігадовай розніцы прыводзілі толькі адзін аргумент – дэмаграфічную статыстыку аб большай працягласці жыцця жанчын. А пры прыняцці гэтага варыянта былі ўлічаны палажэнні Канстытуцыі, нацыянальнага заканадаўства аб асаблівым клопаце дзяржавы аб жанчынах і іх павышанай сацыяльнай абароне. Што ж да дэмаграфіі, то працягласць жыцця мужчын расце – і нават больш высокімі тэмпамі, чым жанчын. Гэта пазітыўная тэндэнцыя захаваецца і ў будучым – такія прагнозы экспертаў.

– Вельмі многія людзі не разумеюць, што азначае на практыцы штогадовы паўгадавы крок…

– Жанчыны, якія нарадзіліся ў перыяд з 1 студзеня па 30 чэрвеня 1962 года, і мужчыны, народжаныя ў перыяд з 1 студзеня па 30 чэрвеня 1957 года, змогуць рэалізаваць сваё права на пенсію з ліпеня па снежань 2017 года – яны пойдуць на пенсію ў 55 гадоў 6 месяцаў і 60 гадоў 6 месяцаў адпаведна. Іх равеснікі, чый дзень нараджэння прыпадае на другое паўгоддзе 1962 і 1957 года, выйдуць на пенсію ўжо ў другой палавіне 2018 года — у 56/61 год.

Жанчыны, якія нарадзіліся ў першым паўгоддзі 1963 года, і мужчыны, якія нарадзіліся ў першым паўгоддзі 1958 года, змогуць выйсці на пенсію ў другім паўгоддзі 2019 года — ва ўзросце 56 гадоў і 6 месяцаў і 61 года 6 месяцаў. Тыя жанчыны і мужчыны, хто нарадзіўся ў другім паўгоддзі 1963 і 1958 года, выйдуць на пенсію ў другім паўгоддзі 2020 года — у 57/62 гады.

Жанчыны, якія нарадзіліся ў першым паўгоддзі 1964 года, і мужчыны, якія нарадзіліся ў першым паўгоддзі 1959 года, выйдуць на пенсію ў другім паўгоддзі 2021 года – ва ўзросце 57 гадоў 6 месяцаў і 62 года 6 месяцаў. Жанчыны і мужчыны, якія нарадзіліся ў другім паўгоддзі 1964-га і 1959-га, выйдуць на пенсію ў другім паўгоддзі 2022 года — у 58/63 гады. Паэтапнае павышэнне пенсійнага ўзросту завершыцца, калі ў другой палавіне 2022 года на пенсію выйдуць мужчыны, якія нарадзіліся ў другім паўгоддзі 1959 года, і жанчыны, якія нарадзіліся ў другой палавіне 1964 года.

Пры гэтым трэба звярнуць увагу, што ўзрост выхаду на пенсію будзе залежаць не толькі ад даты нараджэння, але і ад даты звароту за назначэннем пенсіі. Так, калі жанчына, народжаная ў другім паўгоддзі 1962 года (напрыклад у снежні), звернецца за назначэннем пенсіі не ў перыяд узнікнення права на пенсію (у снежні 2018 года), а пазней, скажам, у лютым 2019 года, то права на пенсію ёй можа быць прадастаўлена не раней, чым яна дасягне пенсійнага ўзросту, устаноўленага для жанчын у 2019 годзе (56 гадоў 6 месяцаў), інакш кажучы не раней за чэрвень 2019 года.

– Якія прадугледжа- ны гарантыі занятасці для работнікаў перад-пенсійнага ўзросту? І ці зрушацца “ўзроставыя” межы гэтых гарантый разам з павышэннем пен-сійнага парога?

– Ва ўказе №180 змешчаны так званыя ахоўныя нормы для работнікаў перадпенсійнага ўзросту – кантракты з мужчынамі і жанчынамі гэтага ўзросту павінны заключацца як мінімум да агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту 55-60 гадоў. Паколькі гэтыя нормы ўжо скарэкціраваны, узрост для гарантый па занятасці таксама павялічыцца.

– А ці захаваюцца пенсійныя льготы?

– Так, у Беларусі захоўваюцца дзеючыя пенсійныя льготы па раннім выхадзе на пенсію сацыяльна слабаабароненых грамадзян, за работу ў нездавальняючых умовах працы, а таксама дзяржслужачым і ваеннаслужачым. Пры гэтым пенсійны ўзрост для льготных (датэрміновых) пенсій павялічыцца суразмерна павышэнню агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. Тым самым будзе забяспечаны аднолькавы, роўны падыход да ўсіх катэгорый.

Наперадзе маштабная работа па рэалізацыі палажэнняў указа, бо пенсійны ўзрост і статус пенсіянера закранаюцца ў многіх сферах грамадскага жыцця і дзяржаўнага рэгулявання.

– На думку Прэзідэнта, не варта абмяжоўвацца прымаемымі ў дзяржаўнай пенсійнай сістэме мерамі, павышэннем пенсійнага ўзросту. Якія навацыі яшчэ нас чакаюць?

– Хутчэй не навацыі, а развіццё дзеючых падыходаў. У прыватнасці, размова ідзе аб добраахвотным пенсійным страхаванні. Мэтазгоднасць пашырэння практыкі ўдзелу наймальнікаў і работнікаў у праграмах добраахвотнага страхавання дадатковай пенсіі прадугледжана і ўказам аб удасканаленні пенсійнай сістэмы.
Інакш кажучы, работадаўцы, якія маюць фінансавыя магчымасці, павінны актыўней выкарыстоўваць такія падыходы. Немалаважная роля тут адводзіцца прафсаюзным арганізацыям.

– Адваротны бок сацыяльных гарантый – нагрузка на эканоміку.

– Любая пенсійная сіс-тэма непарыўна звязана з дэмаграфічнай сітуацыяй, рынкам працы і занятасцю, эканомікай краіны. Сёння перад Беларуссю, як, зрэшты, і іншымі еўрапейскімі дзяржавамі, стаіць задача адаптаваць пенсійную сістэму да дэмаграфічных змяненняў. Трэба настроіць сістэму такім чынам, каб, з аднаго боку, яна прадастаўляла сацыяльна прымальныя пенсіі, з другога – была пасільнай для эканомікі і не абмяжоўвала эканамічны рост.

Многае ўжо зроблена. Скажу больш – ужо некалькі гадоў ідзе пенсійная рэформа.

Так, з 1 студзеня 2009 года ў рэспубліцы ўведзена прафесійнае пенсійнае страхаванне (ППС) работнікаў, занятых у нездавальняючых умовах працы. Для датэрміновых пенсій такіх работнікаў работадаўцам фарміруюцца асобныя сродкі. Тым самым датэрміновыя пенсіі па ўмовах працы паступова выводзяцца за рамкі агульнай пенсійнай сістэмы. І значыць, агульныя пенсійныя сродкі не будуць траціцца на датэрміновыя пенсіі.

Істотна павялічаны мінімаль- ны стаж работы з выплатай узносаў, неабходны для назначэння пенсіі, – з 5 да 15 гадоў 6 месяцаў. Да 2025 года ён будзе паступова даведзены да 20 гадоў (павышаецца штогадова на паўгода). Тым самым практычна ўраўноўваюцца перыяды фарміравання права на пенсію і яе атрымання. Пры гэтым захаваны ранейшы 5-гадовы стаж для сацыяльна слабаабароненых катэгорый – шматдзетных маці з пяццю дзецьмі, інвалідаў з дзяцінства і іх бацькоў і інш.

На пяць гадоў павышаны пенсійны ўзрост для тых, хто не адпрацаваў мінімальнага страхавога стажу. З 2015 года ўведзена правіла аб вылічэнні памеру пенсіі з абавязковым улікам звестак аб заработку па даных персаніфікаванага ўліку. Гэта садзейнічае легалізацыі даходаў. Каб стымуляваць людзей зарабляць пенсію, узмоцнены ўплыў на яе памер кожнага года працяглага стажу, высокага заработку грамадзян.

– Прынятых мер аказалася недастаткова?

– Будучыя дэмаграфічныя змяненні будуць вельмі інтэнсіўнымі. Таму патрэбны больш сур’ёзныя меры. За апошнія дзесяцігоддзі ўзроставая структура насельніцтва Беларусі кардынальна змянілася. Удзельная вага людзей пенсійнага ўзросту ў агульнай колькасці насельніцтва павялічылася з 13,6% ў 1960 годзе амаль да 25% у 2015 годзе і, паводле ацэнкі, да 2030 года складзе 30%. Гэта будзе адбывацца на фоне зніжэння колькасці насельніцтва ў працаздольным узросце.

З улікам дэмаграфічных прагнозаў важна захаваць колькасць грамадзян у працаздольным узросце і стабілізаваць (інакш кажучы не павялічваць) колькасць пенсіянераў. Гэта дасць магчымасць не дапусціць зніжэння ўзроўню пенсій — без перакладання адказнасці, звязанай з празмернай нагрузкай па ўтрыманні пенсіянераў, на нашых дзяцей.

Хачу падкрэсліць: рашэнне наконт пенсійнага ўзросту нельга было больш адкладаць. Упусціўшы гэты момант цяпер, у далейшым мы не змаглі б павышаць пенсійны ўзрост плаўна і паступова.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *