Тэма тыдня. Дэнамінацыя: асаблівасці работы плацежных картак і банкаў

Тема недели

belta


З 1 ліпеня 2016 года ў Рэспубліцы Беларусь будзе праведзена дэнамінацыя беларускага рубля. Рашэнне аб гэтым замацавана ўказам №450 ад 4 лістапада 2015 года. Дэнамінацыя будзе праведзена шляхам замены існуючых у абарачэнні банкнотаў узору 2000 года на банкноты і манеты ўзору 2009 года ў суадносінах 10 000 і 1 беларускі рубель.

У Міністэрстве гандлю 29 чэрвеня адбылася відэаканферэнцыя з рэгіёнамі па пытаннях правядзення дэнамінацыі, у ёй прынялі ўдзел кіраўніцтва Мінгандлю, прадстаўнікі Нацыянальнага банка, Белкаапсаюза, суб’ектаў гандлю, прадпрымальніцтва.

Нацбанк канстатуе высокую гатоўнасць банкаў да дэнамінацыі

«Гатоўнасць банкаўскай сістэмы да дэнамінацыі вельмі высокая. Нацбанк даставіў банкам той аб’ём сродкаў, які ім патрэбны для работы ў першыя дні дэнамінацыі. Ён значны. Банкі толькі 1 ліпеня пачнуць дастаўку грошай у банкаматы, касы, на прадпрыемствы гандлю. Яны плануюць, што пачнуць дастаўку грошай узору 2009 года ў банкаматы каля 8 раніцы, гэта значыць каля 10 раніцы ўжо можна будзе здымаць новыя банкноты», — растлумачыў начальнік галоўнага ўпраўлення наяўнага грашовага абарачэння Нацбанка Сяргей Гайко.

Паводле слоў Сяргея Гайко, Нацбанк не бачыць праблем у пытанні гатоўнасці банкаў да дэнамінацыі. «Мы задаволілі ўсе патрэбнасці банкаў у дастатковай колькасці. У першую чаргу банкі будуць падмацоўваць свае аддзяленні для работы з кліентамі, пры гэтым 1 ліпеня шэраг банкаў будуць ажыццяўляць валютна-абменныя аперацыі ўжо з новым банкнотным радам. А 2 ліпеня ўжо ўсе банкі будуць працаваць па графіку выхаднога дня і з новым банкнотным радам», — адзначыў ён.

Адказваючы на пытанне аб рабоце кругласутачных абменных пунктаў, Сяргей Гайко расказаў, што атрымаць там новыя грошы ў ноч на 1 ліпеня не будзе магчымасці, таму што служба інкасацыі банкаў будзе працаваць з раніцы 1 ліпеня.

Нацбанк забяспечыў патрэбнасць рэгіёнаў Беларусі ў грашах новага ўзору

Начальнік галоўнага ўпраўлення наяўнага грашовага абарачэння Нацбанка Сяргей Гайко адзначыў, што да правядзення дэнамінацыі былі вывучаны патрэбнасці рэгіёнаў у грашовых сродках. «У Нацыянальнага банка хопіць грошай на ўсіх, таму рэгіёны, зразумела, забяспечаны ў тых патрэбнасцях, якія заявілі. Пры гэтым калі ў частцы банкнотаў мы маем больш-менш канкрэтную лічбу, якая неабходна і рэгіёнам, і банкам, то па манетах — гэта новы вопыт. Банкі, разумеючы сваю частку, заказвалі неабходны аб’ём манет, але кліенты пакуль з насцярожанасцю да гэтага ставяцца, і тых аб’ёмаў, якія неабходны, напрыклад, у гандлёвых сетках, мы пакуль не ведаем», — адзначыў ён.

Пры гэтым Сяргей Гайко ўдакладніў, што структурныя падраздзяленні самога Нацбанка забяспечаны новымі грашамі на працяглы перыяд часу.

«У ліпені мы поўнасцю будзем задавольваць нашы рэгіёны — дастаўляць туды і банкноты, і манеты», — падкрэсліў ён.

Гаворачы аб правядзенні размену грошай узору 2000 года на грошы ўзору 2009 года, Сяргей Гайко растлумачыў, што інфармацыя аб гэтым будзе размешчана на сайтах банкаў. «Паводле паведамленняў нашых банкаў, будуць адкрыты асобныя касы для размену. Акрамя таго, у большасці выпадкаў гэтыя аперацыі будуць праводзіцца ва ўсіх касах камерцыйных банкаў. Камісія пры гэтым не прадугледжваецца, Нацбанк рэкамендаваў працаваць без спагнання платы. Гэтыя аперацыі Нацбанк будзе ажыццяўляць і ў сваіх касах», — канстатаваў ён.

Беларускі гандаль гатовы да правядзення дэнамінацыі — Матуліс

Усе неабходныя арганізацыйныя мерапрыемствы праведзены, падрыхтаваны растлумачэнні, як працаваць у тых ці іншых пазаштатных сітуацыях і ўмовах. Асноўная нагрузка ляжа на касіраў, таму значная ўвага ўдзялялася іх навучанню.

Намеснік міністра гандлю Эдвард Матуліс заклікаў пакупнікоў з разуменнем ставіцца да выпадкаў, калі разлікі будуць крыху павольныя. Касірам можа спатрэбіцца дадатковы час для работы адначасова з грашамі старога і новага ўзораў.

Касавыя апараты, якіх у Беларусі чатыры віды, першы час могуць працаваць па-рознаму. У некаторых выпадках пакупнікі пры разліку банкаўскімі карткамі будуць атрымліваць чэкі (адзін касавы, другі — ад тэрмінала), у якіх будуць пазначаны сумы ў грашах старога і новага ўзору. Эдвард Матуліс падкрэсліў, што гэтага не трэба палохацца. Касавае абсталяванне будзе заменена на працягу паўгода, адведзенага на хаджэнне грошай двух узораў.

Усе аб’екты гандлю і грамадскага харчавання Белкаапсаюза гатовы да работы ва ўмовах дэнамінацыі

«Падрыхтоўка аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання Белкаапсаюза да дэнамінацыі вялася ў рамках агульнага плана, распрацаванага Міністэрствам гандлю. Усе аб’екты спажывецкай кааперацыі, аб’екты гандлю, аб’екты грамадскага харчавання гатовы да работы ва ўмовах дэнамінацыі», — падкрэсліў намеснік старшыні праўлення Белкаапсаюза Аляксандр Скрундзеўскі.

Ён расказаў, што былі праведзены нарады на розных узроўнях. «Праведзена вучоба, у першую чаргу з матэрыяльна адказнымі асобамі — касірамі, прадаўцамі, з запрашэннем спецыялістаў абслуговых банкаў. Гэта была вучоба па рабоце з новымі банкнотамі, па парадку пераліку грашовых сродкаў. Сёння ва ўсіх прадаўцоў і касіраў ёсць памяткі», — растлумачыў Аляксандр Скрундзеўскі. Акрамя таго, паводле яго слоў, Белкаапсаюз стварыў рабочыя групы, якія будуць працаваць непасрэдна ў рэгіёнах, каб аператыўна вырашаць праблемныя сітуацыі, калі яны ўзнікнуць.

Пераважная большасць тэрміналаў у Беларусі 1 ліпеня з 10 раніцы будзе прымаць карткі

Denaminacia

«Паводле існуючай у нас цяпер інфармацыі, з 10 раніцы 1 ліпеня пераважная большасць тэрмінальнага абсталявання ў нашай краіне будзе прымаць карткі», — сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення плацежнай сістэмы і лічбавых тэхналогій Нацыянальнага банка Аляксандр Сотнікаў.

Ён падкрэсліў, што ўсе банкі Беларусі правялі неабходныя мерапрыемствы, накіраваныя на тое, каб у аддаленым рэжыме змяніць праграмнае забеспячэнне. «У пераважнай большасці выпадкаў гэта зроблена ўжо цяпер», — адзначыў Аляксандр Сотнікаў.

Пры неабходнасці работнікі банкаў, абслуговых арганізацый 1 ліпеня будуць накіраваны ў арганізацыі гандлю і сэрвісу, каб уручную правесці настройку праграмнага забеспячэння тэрміналаў.

Прадстаўнік Нацбанка нагадаў, што ў ноч з 30 чэрвеня на 1 ліпеня банкаўскія плацежныя карткі працаваць не будуць. У гэты час банкі будуць праводзіць неабходныя рэгламентныя працэдуры па перанастройцы праграмнага забеспячэння для правядзення дэнамінацыі. Пры гэтым у кожным банку час адключэння і ўключэння картак будзе адрознівацца.

Большасць плацежных тэрміналаў будзе адключана ў перыяд з 23.00 30 чэрвеня да 8.00 1 ліпеня.

Пры ўзнікненні пытанняў з карткамі ў першую чаргу трэба звяртацца ў банк-эмітэнт

Адказваючы на пытанне, як дзейнічаць трымальнікам картак, якія сутыкнуліся ў першыя дні дэнамінацыі з праблемамі, Аляксандр Сотнікаў парэкамендаваў звяртацца ў банк-эмітэнт. «Пры ўзнікненні пытанняў з карткай першае месца, куды павінен звярнуцца трымальнік, — гэта той банк, які эмітаваў яго картку», — сказаў прадстаўнік Нацбанка. Толькі ў банку ведаюць аб нюансах функцыянавання сваёй інфраструктуры, дадаў ён.

Уся інфармацыя аб спецыфіцы функцыянавання кожнага банка-эмітэнта размешчана на яго афіцыйным сайце, многія банкі апавясцілі сваіх кліентаў шляхам СМС-паведамленняў, праз інтэрнэт-банкінг і гэтак далей. «Адзінай правільнай крыніцай інфармацыі для ўсіх трымальнікаў картак павінны стаць афіцыйныя сайты банкаў», — падкрэсліў Аляксандр Сотнікаў.

Прадстаўнік Нацбанка параіў трымальнікам картак спланаваць свае плацяжы, а таксама пракансультавацца ў сваіх банках на прадмет функцыянавання, у тым ліку дыстанцыйных каналаў абслугоўвання, інтэрнэт-банкінгу, мабільнага банкінгу.

Здачу ў магазінах з 1 ліпеня будуць старацца даваць новымі купюрамі

Намеснік міністра гандлю Эдвард Матуліс расказаў, што работнікам гандлю далі рэкамендацыю пры разліках з пакупнікамі па магчымасці максімальна даваць здачу новымі купюрамі, каб хутчэй вывесці з абароту старыя грошы. Замена купюр старога ўзору на новыя будзе праводзіцца таксама пры інкасацыі.

Адказваючы на пытанне аб акругленні цэн, Эдвард Матуліс звярнуў увагу на тое, што дэнамінацыя праводзіцца, калі ў абароце самы маленькі намінал — Br100, што кратна адной капейцы. З 1 красавіка цэны ў магазінах пачалі пазначаць у грашах старога і новага ўзораў. «Мы даволі доўгі час жывём ужо фактычна маючы акругленыя цэны», — сказаў намеснік міністра. Ён падкрэсліў, што акругленне не аказвае ніякага ўплыву. І баяцца таго, што яно адаб’ецца на цэнах, не трэба.

Мінгандаль чакае інфармацыі ад пакупнікоў аб тонкіх месцах у рабоце гандлю ва ўмовах дэнамінацыі

Намеснік міністра гандлю Эдвард Матуліс расказаў, што будзе арганізавана работа гарачых ліній. Паводле слоў Эдварда Матуліса, яму 2 ліпеня трэба будзе адказваць на пытанні грамадзян у час прамой тэлефоннай лініі. «Мы чакаем інфармацыі ад пакупнікоў, дзе ёсць нейкія тонкія месцы, каб мы маглі выправіць сітуацыю», — адзначыў ён.

Мінгандаль будзе праводзіць маніторынг цэн ва ўмовах дэнамінацыі, адсочваць работу гандлёвых аб’ектаў. Напрыклад, у частцы таго каб абавязкова забяспечвалася магчымасць разлічвацца карткамі. Намеснік міністра нагадаў, што аб’явы ў некаторых гандлёвых кропках аб тым, што банкаўскія плацежныя карткі не будуць абслугоўваць да 4 ліпеня, абсалютна незаконныя. «Ніякіх падстаў для гэтага няма», — падкрэсліў намеснік міністра.

Мінфін растлумачыў, як будуць працаваць касы арганізацый пасля дэнамінацыі

Як будуць працаваць касы беларускіх арганізацый пасля дэнамінацыі, расказала ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА начальнік галоўнага ўпраўлення рэгулявання бухгалтарскага ўліку, справаздачнасці і аўдыту Міністэрства фінансаў Беларусі Таццяна Рыбак.

З 1 ліпеня ў касы арганізацый будуць паступаць грашовыя знакі ўзору 2000-га і 2009 года. «Вартасныя паказчыкі ў прыходных і расходных касавых ордэрах, а таксама касавай кнізе з 1 ліпеня пазначаюцца ў дэнамінаваных беларускіх рублях», — адзначыла Таццяна Рыбак.

Напрыклад, калі ў касу арганізацыі ўнесена 2 млн рублёў узору 2000 года і 300 рублёў 50 капеек узору 2009 года, афармляецца адзін прыходны касавы ордэр, у якім пазначаецца сума 500 рублёў 50 капеек (2 000 000: 10 000 + 300,50).

МЗП пасля дэнамінацыі складзе Br230, тарыфная стаўка першага разраду — Br29,8

Урадам Беларусі ўстаноўлены памеры мінімальнай заработнай платы (МЗП), тарыфнай стаўкі першага разраду і дыферэнцыраваных даплат, якія будуць дзейнічаць з 1 ліпеня бягучага года з улікам дэнамінацыі.

Так, з 1 ліпеня бягучага года памер месячнай мінімальнай заработнай платы складзе Br230, памер тарыфнай стаўкі першага разраду для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, што атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый, — Br29,8, штомесячныя дыферэнцыраваныя даплаты работнікам бюджэтных арганізацый, якія тарыфікуюцца 1-17 разрадамі, — у дыяпазоне ад Br8,6 да Br7,5.


Базавая велічыня пасля дэнамінацыі складзе Br21

Базавая велічыня пасля дэнамінацыі ўстаноўлена ў памеры Br21 з 1 ліпеня бягучага года. Такое рашэнне змешчана ў пастанове Савета Міністраў ад 27 чэрвеня 2016 года №496.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *