ААТ “Камарынскі”: зерневымі і зернебабовымі занята звыш дзвюх тысяч гектараў

Сельское хозяйство

Камбайнеры і вадзіцелі адкрытага акцыянернага таварыства “Камарынскі” з першых дзён уборачнай кампаніі знаходзяцца ў ліку лепшых. Было так і ў папярэднія гады, але ж потым яны пакрысе здавалі пазіцыі, на фінішы жніва іх месцы займалі прадстаўнікі іншых гаспадарак. І не таму, што камарынцы працавалі горш. У суседзяў і бальнасць зямель, ураджайнасць вышэйшая, і ў экіпажы – не па адным, а па два чалавекі.

Аляксандр Мішчанка
Аляксандр Мішчанка
Валерый Касцючэнка
Валерый Касцючэнка
Аляксандр Бельчанка
Аляксандр Бельчанка
Валянцін Бельчанка
Валянцін Бельчанка

Хочацца верыць: сёлета ўсё будзе інакш. Тое, што марку працаўнікі гэтага сельгаспрадпрыемства будуць трымаць высока, няма сумненняў. Ды і хлебная ніва быццам злітасцівілася над імі, аказалася больш шчодрай на аддачу. Звыш 30 цэнтнераў зерневых з гектара для “Камарынскага” – добры паказчык. Павінны быць высокія намалоты. Адзінае, што трывожыць дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства Рыгора Анапрэенку, – паспець бы своечасова зжаць і абмалаціць вырашчанае. Зерневымі і зернебабовымі занята звыш дзвюх тысяч гектараў. Убіраюць іх шасцю камбайнамі айчыннай вытворчасці. Вось прозвішчы механізатараў, якім даручана гэтая ганаровая справа: Аляксандр Мішчанка, Валерый Касцючэнка, Аляксандр Бельчанка, Іван Давыдзенка, Віталь Сафіенка, Мікалай Цімошчанка і Андрэй Камскі. У раёне многіх з іх таксама ведаюць як прафесіяналаў высокага класа і па выніках работы неаднаразова адзначалі граматамі і падарункамі.

Так атрымалася, што некаторых з камбайнераў мы сустрэлі на зернетаку ў Красным. Пасля дажджоў выезд у поле крыху затрымліваўся. На перавозцы збожжа тут быў задзейнічаны і адзін з лепшых вадзіцеляў Валянцін Бельчанка. 22-23 чэрвеня разам з іншымі дэлегатамі ён удзельнічаў у рабоце пятага Усебеларускага народнага сходу. Такімі людзьмі можна толькі ганарыцца. На 19 ліпеня ён даставіў ад камбайнаў 800 тон зерня.

На выездзе з мехдвара на вочы трапіліся загружаныя зернем аўтамашыны. “Паралельна з уборкай стараемся выконваць і дзяржзаказ, – растлумачыў Рыгор Мікалаевіч. – На Рэчыцкі камбінат хлебапрадуктаў адпраўлена ўжо 800 тон збожжа”.

Кіраўнік сельгаспрадпрыемства сказаў, што такую ўраджайнасць зерневых і зернебабовых яны не атрымлівалі на працягу двух дзесяцігоддзяў. Ад душы хочацца парадавацца за вяскоўцаў, якія ў няпростых умовах стараюцца гаспадарыць эфектыўна. Няхай паспрыяе ім у гэтыя напружаныя дні жніва і надвор’е, дазволіць зжаць і абмалаціць у поўным аб’ёме тое, што вырасцілі з вялікімі затратамі матэрыяльных і людскіх рэсурсаў.
А пераможцы ў раённым спаборніцтве з ліку камарынцаў будуць. Магчыма, нехта выйдзе і на абласны ўзровень. Гарантыя таму – іх стаўленне да працы і свайго абавязку, добрая арганізацыя вытворчага працэсу і пачуццё адказнасці, якое ўласціва і кіраўніцтву, і радавым працаўнікам гаспадаркі.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *