Інфармаванне выбаршчыкаў аб ходзе парламенцкай кампаніі ажыццяўляецца ў дастатковым аб’ёме

Грамадства

000057_773975

Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына лічыць дастатковым інфармаванне выбаршчыкаў аб ходзе парламенцкай кампаніі. Аб гэтым яна паведаміла журналістам.

«Я лічу, што інфармаванне ажыццяўляецца ў дастатковым (аб’ёме. — Заўвага БЕЛТА), а можа, мы нават часам і перабольшваем, калі ўвесь вечар на экране адна Ярмошына па ўсіх тэлеканалах. Усё ж такі, напэўна, трэба неяк разбаўляць, каб у выбаршчыкаў аскомы не было ад гэтага ўсяго. Таму я думаю, інфармаванне дастатковае. Сайт ЦВК, на маю думку, вельмі своечасова рэагуе і дае інфармацыю наконт тых працэсаў, якія праходзяць у рамках цяперашняй выбарчай кампаніі», — адзначыла Лідзія Ярмошына.

Паводле слоў старшыні Цэнтрвыбаркама, яна не мае права рэкамендаваць СМІ ўзмацніць або аслабіць асвятленне кампаніі па выбарах у парламент.

«Сродкі масавай інфармацыі самастойна праводзяць сваю рэдакцыйную палітыку, і адносна інфармавання ў мяне прэтэнзій няма. Больш таго, я абсалютна ўпэўнена, што пасля таго як пачнецца працэс перадвыбарнай агітацыі, узрасце роля палітычнай аналітыкі і ўся перадвыбарная тэматыка набудзе больш строга акрэслены палітычны характар».

Наконт інтарэсу выбаршчыкаў да цяперашняй парламенцкай кампаніі Лідзія Ярмошына адзначыла: «Сказаць, што ўсе выбаршчыкі ў адзіным парыве сочаць за маімі выступленнямі або публікацыямі ў прэсе, было б істотным пераборам. Вядома, ёсць пэўная частка людзей, якая цікавіцца палітыкай. Інтарэс да палітыкі іншых людзей, можа, значна зніжае гарачая пара, перыяд водпускаў і іншыя задачы, што стаяць на гэты момант перад той ці іншай сям’ёй. Але, думаю, у верасні, асабліва калі выбаршчыкі будуць бачыць рэальныя выступленні кандыдатаў, калі яны іх ацэняць, тады (я абсалютна ўпэўнена) павысіцца інтарэс да выбараў», — сказала кіраўнік ЦВК.

Яна таксама звярнула ўвагу, што пакуль ідзе працэс вылучэння прэтэндэнтаў і няма зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты, якія могуць весці агітацыю. «Выбаршчыкаў цікавяць не працэдуры, а людзі, якіх яны пакуль не бачаць», — лічыць Лідзія Ярмошына.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *