Год культуры вызначыўся вялікай творчай і даследчай работай

Праздники и будни

Гераічнае мінулае, яркія ўзоры жывапісу, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, жанравая разнастайнасць фальклорных твораў… Усё гэта – непарушны падмурак роднай Брагіншчыны. Нам пашанцавала жыць і працаваць на зямлі з багатай гісторыяй, народнай спадчынай, адметнымі абрадамі і звычаямі. Таму працу людзей, якія ахоўваюць гэту жыватворную крыніцу творчасці, прыгажосці і гармоніі, можна ў поўнай меры назваць падзвіжніцкай. Яны праводзяць культуру ў будучыню, перадаюць новым пакаленням здабыткі, узятыя з народных глыбінь. І ў другую нядзелю кастрычніка па добрай традыцыі сустракаюць сваё прафесійнае свята. Значыць, ёсць нагода адрасаваць некалькі пытанняў начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігару САМБУКУ.

sambuk_0001

– Ігар Васільевіч, на што былі сёлета скіраваны асноўныя намаганні калектыву пад Вашым кіраўніцтвам? Якія карэктывы ў дзейнасць унёс Год культуры?

– Ён патрабаваў ад нас не толькі найбольшай актыўнасці, але і свежых ідэй, нестандартных арганізатарскіх падыходаў, цікавых прапаноў па фарміраванні ў грамадзян патрыятычнай самасвядомасці на матэрыялах айчыннай гісторыі і мастацтва. Таму і вызначыўся вялікай творчай і выхаваўчай, даследчай і інфармацыйна-прапагандысцкай работай, насычанасцю культурна-масавымі мерапрыемствамі.

У першую чаргу на дастойным узроўні патрэбна было сустрэць 30-ю гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Дата, безумоўна, трагічная. Але мы ставілі на мэце, з аднаго боку, ускалыхнуць памяць і ўзгадаць балючыя паследкі бяды, а з другога – зламаць стэрэатым успрыняцця нашага раёна як “зоны”, даказаць, што веліч чалавечага духу і адданасць роднаму краю, стваральная праца на яго карысць мацней тэхнагенных катастроф.

Хроніка змрочных падзей, боль ад развітання з роднымі вёскамі, якім застаўся ў памяці маці і жонкі наш зямляк-пажарны Васіль Ігнаценка, сённяшні погляд на трагедыю відавочцаў – усё гэта легла ў аснову відэафільма, над якім працавалі калектыў гістарычнага музея з карціннай галерэяй і мастак-афарміцель цэнтральнай раённай бібліятэкі Уладзімір Шаўчук. Да журботнага юбілею быў таксама падрыхтаваны тэматычны буклет.

Стараліся ўразіць мясцовых жыхароў і іншымі мерапрыемствамі, прымеркаванымі да гістарычных дат. Такіх, як 75-я гадавіна пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 71-я – Вялікай Перамогі, 72-я – вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яркім і жанрава разнастайным, багатым на юныя таленты аказаўся традыцыйны фестываль дзіцячай эстраднай творчасці “Зорная карусель”, які пашырае свае гарызонты: у наступным годзе плануем сустрэць маленькіх артыстаў з Украіны. Пералік свят, мерапрыемстваў, творчых спраў, безумоўна, можна працягваць. І вельмі радуе, што пры іх падрыхтоўцы мы знаходзім разуменне і падтрымку актывістаў “Беларускага зялёнага крыжа”, іншых структур і арганізацый. А наколькі спраўляемся з пастаўленымі задачамі, меркаваць, вядома, людзям.

– Якім чынам сёлета Брагіншчына культурная заяўляла аб сабе на абласным, рэспубліканскім і міжнародным узроўнях? Ці багатым аказаўся “ўраджай” узнагарод?

– Вынікі нашай дзейнасці па захаванні гістарычнай памяці, адраджэнні духоўнай спадчыны, пераемнасці народных традыцый былі дастойна прадстаўлены на выставе дасягненняў “чарнобыльскіх” раёнаў, арганізаванай у Ельску 26 красавіка. З падзякай і дыпломам вярнуліся прадстаўнікі Брагіншчыны з фестывалю гумару “Аўцюкі-2016”. Высокую ацэнку кіраўніцтва вобласці, рэспублікі і гасцей свята атрымаў літаратурны падворак нашай бібліятэчнай сістэмы, што быў прадстаўлены ў Рагачове падчас сустрэчы Дня беларускага пісьменства.

І, нарэшце, літаральна на днях скарбонку поспехаў папоўнілі работнікі музея. Па-першае, менавіта ім разам з прадстаўнікамі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, Веткаўскага музея і лепшымі рамеснікамі вобласці выпаў гонар прадстаўляць наш рэгіён на мерапрыемствах у Маскве, наладжаных у рамках Дзён Гомельскай вобласці. Цяпер і расіяне ведаюць пра наш лялечны народны тэатр “Батлейка”. А па-другое, тэма адраджэння гісторыка-культурнай спадчыны Брагіншчыны легла ў аснову экспазіцыі “Мост сквозь времена”, з якой гэты ж калектыў пабываў на III Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”, што праходзіў у Магілёве і стаў своеасаблівай пляцоўкай дэманстрацыі лепшых дасягненняў беларускіх музеяў за апошнія два гады. Нашы землякі прэзентавалі тут два праекты: першы – звязаны з рэстаўрацыяй іконы “Дэісус”, другі – “Відэаздымка як інавацыйная форма вывучэння гісторыі свайго раёна”, за які і атрымалі дыплом трэцяй ступені ў намінацыі “За навацыі ў музейнай дзейнасці”.

– Амаль у кожнай установы культуры, нягледзячы на агульныя мэты і задачы, вырысоўваюцца і нейкія свае адметнасці…

– Гэта так. Калі, напрыклад, браць Мікуліцкі сельскі клуб, то тут большую папулярнасць заваявала дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, Асарэвіцкі дом народнай творчасці славіцца сваімі вышыўкамі, Кіраўскі сельскі клуб – папулярызацыяй народных традыцый, музей – перспектыўнымі ініцыятывамі, праектнай дзейнасцю… Дапамагае пашыраць кругагляд мясцовых жыхароў, раскрываць іх творчы патэнцыял работа сямейных клубаў, што дзейнічаюць на базе чатырох устаноў культуры.

– З якім настроем сустракаеце прафесійнае свята?

– Безумоўна, з аптымістычным. Без гэтага ў нашай справе нельга. І, вядома ж, з пачуццём глыбокай удзячнасці людзям – творчым, неабыякавым, духоўна багатым. У першую чаргу – ветэранам, для якіх праца культработніка стала справай усяго жыцця і чые вопыт, адданасць прафесіі, творчыя здабыткі мы і сёння цэнім. У іх ліку Васіль Ціханавіч Новік, Барыс Мікалаевіч Лявоненка, Валерый Анатольевіч Гусеў, Любоў Іванаўна Міхайлава, Тамара Міхайлаўна Глуўко, Ніна Ульянаўна Рассудоўская, Алена Аляксандраўна Леановіч, Уладзімір Несцеравіч Гардзіенка, Еўдакія Іванаўна Чумак, Марыя Мацвееўна Ясінская і інш. Не адзін дзясятак гадоў дзейнасць устаноў культуры ладзілася пад умелым, мудрым кіраўніцтвам Ліны Адамаўны Пятніцкай.

Прыемна, што і сёння ў нашай сферы працуе нямала таленавітых, энергічных, ініцыятыўных натур, сярод якіх – Любоў Дубатдзел, Анжэла Бондар, Ірына Ганчар, Алена Цярэшчанка, Юрый Піляк, Таццяна Смалякова, Алена Гардзіенка, Алена Скіцяева, Алеся Дзегцярэнка, Алеся Музычэнка, Марына Пашчанка і многія іншыя. Асаблівыя надзеі ўскладваем на маладых спецыялістаў: Карыну Вініцкую, Анжэлу Уласенку, Аляксандра Раманюка. Прыемна, што для многіх справа на ніве культуры становіцца сямейнай – гэта сведчыць аб яе прэстыжы.

– Ці чакаюць найбольш старанных, адказных і мэтанакіраваных узнагароды?

– Ганаровай граматай упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адзначана праца дырэктара Брагінскага гістарычнага музея з карціннай галерэяй Алесі Даўгулявец, дырэктара РДК Сяргея Краўчанкі і бібліятэкара Надзеі Коцур.

Ад райвыканкама будуць заахвочаны галоўны захавальнік фондаў музея Надзея Мялешка і дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Галіна Карпенка, раённага Савета дэпутатаў – намеснік дырэктара РДК Валянціна Раманюк і загадчык сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Раман Цеслянок.

– Вашы пажаданні калегам напярэдадні Дня работнікаў культуры…

– Самыя найлепшыя: моцнага здароўя, добрага настрою, творчага натхнення, цікавых ідэй, плённай працы. І найчасцей атрымліваць шчырыя ўсмешкі, падзяку ад людзей, жыццё якіх вы напаўняеце святочнымі фарбамі, духоўнасцю, дабром і прыгажосцю!

Гутарыла Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *