Ніна Рыжык працуе ў пачатковых класах Малажынскай школы больш як трыццаць пяць гадоў

Праздники и будни

m_0000001_001

У кожнай прафесіі свае адценні, спецыфічныя рысы. Але справа педагога – асаблівая, вельмі складаная і адказная. Не толькі таму, што патрабуе пастаяннага творчага гарэння, самаўдасканалення, душэўных сіл і намаганняў, але і таму, што настаўнік павінен быць прыкладам для ўсіх і ва ўсім. Затое і ўзнагарода адпаведная, найбольш важная і каштоўная: святло чыстых дзіцячых вачэй.

Ніна Іванаўна Рыжык вельмі любіць іх, дапытлівых, бойкіх, гарэзлівых хлопчыкаў і дзяўчынак. Ды і не можа быць інакш: больш як трыццаць пяць гадоў працуе ў пачатковых класах Малажынскай сярэдняй школы. Дзеці адчуваюць цеплыню яе вялікага сэрца.

Менавіта побач з Нінаю Іванаўнай для многіх вучняў усё было ўпершыню: урачыстая лінейка, спасціжэнне новага, вандроўка па чароўнай краіне пазнання. А колькі патрэбна цярплівасці, стараннасці і вытрымкі, каб настроіць юных асоб, яшчэ такіх някемлівых і недасведчаных, на вучобу, выклікаць у іх жаданне гартаць адну за другой старонкі невядомага, надаць станоўчы імпульс руху да ведаў.

Можа, гэта крыху і дзіўна, але аб прафесіі настаўніка ў дзяцінстве, як прызнаецца сама жанчына, яна не марыла. Калі ў 1976 годзе закончыла восем класаў Малажынскай школы, паўстаў выбар: куды пайсці вучыцца? Хацелася аднаго: каб бліжэй да роднага парога – будзе магчымасць часцей наведвацца дамоў. Таму і вырашыла паступаць у Лоеўскае педагагічнае вучылішча. І хто б мог падумаць, што выпадкова абраная прафесія возьме ў палон, дапаможа спазнаць, якое вялікае шчасце – вучыць дзяцей і вучыцца разам з імі, паказваць маленькім асобам шлях да цікавых адкрыццяў, маральных вышынь, духоўнага і фізічнага ўдасканалення. А потым ганарыцца сваімі вучнямі, якія сталі дастойнымі людзьмі.

Не толькі для школьнікаў, але і для ўласных пяцярых дзяцей Ніна Іванаўна заўсёды была прыкладам працавітасці, чалавечай мудрасці і раз-важлівасці, вернасці аднойчы выбранай справе. Таму і раслі ўсе ў атмасферы любові, узаемаразумення, павагі. А ўзнагародай за дастойнае выхаванне сыноў і дачок стаў ордэн Маці. Двое з дзяцей таксама выбралі дарогу настаўніцтва: атрымалі вышэйшую адукацыю ў Мазырскім педагагічным універсітэце і зараз працуюць на Брагіншчыне.

Сёлета Ніна Іванаўна – у ліку тых, чые прафесіяналізм і стараннасць, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення адзначаны граматай упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама. Работа з дзецьмі стала для яе тым асяроддзем, дзе яна адчувае сябе настолькі добра, упэў-нена і камфортна, што хочацца тварыць, напаўняць жыццё малых цікавым, светлым і радасным. А ўзамен за гэта жанчына атрымлівае зарад бадзёрасці, пазітыву і масу станоўчых эмоцый. Нездарма са школай не развітваецца дагэтуль, працягвае і ў пенсійным узросце працаваць, цяпер ужо – у якасці выхавальніцы.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *