Сяргей Чыгарэўскі: майстэрства стажу не мае

Сельское хозяйство

malozhin_1

Пра вопытных і ўмелых механізатараў, да ліку якіх адносіцца Сяргей Чыгарэўскі, марыць кожны кіраўнік. Пабольш бы такіх на вытворчасці, і тады многія праблемы адпалі б самі сабой. Аналагічнай думкі прытрымліваюцца і спецыялісты ААТ “Малажынскі”, дзе працуе наш герой.

У родныя мясціны Сяргей вярнуўся пасля службы ў арміі і адразу ж уключыўся ў работу. Спачатку эксплуатаваў МТЗ-82, потым перасеў на энерганасычаны трактар МТЗ-3022. На такой магутнай тэхніцы штогод дабіваецца высокай выпрацоўкі. Рыхтуе глебу пад сяўбу яравых і азімых культур, уздымае зябліва і на сельгасмашынах замежнай вытворчасці, якую дырэкцыя бярэ ў арэнду ў адказны перыяд сельгасработ.

У час падвядзення вынікаў раённага спаборніцтва сярод маладых механізатараў прозвішча Сяргея Чыгарэўскага, як правіла, называюць у ліку лепшых. Доўжыцца так не адзін год. Расце прафесійнае майстэрства хлебароба, яго аўтарытэт сярод калег, кіраўніцтва. З таго дня, як прыйшоў у гаспадарку, мінула сем гадоў. Нямала паспеў зрабіць за гэты час для павышэння ўрадлівасці глебы і ўраджайнасці сельгаскультур. Наперадзе новыя рэкорды і дасягненні, прызнанне і павага.

Калі ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Малажынскі” будуць ствараць летапіс працоўнай славы (хочацца ў гэта верыць), магчыма, сярод прызнаных майстроў хлебнай нівы будзе значыцца і Сяргей Чыгарэўскі. Ён яшчэ малады, і шанс праславіць сваё прозвішча, гаспадарку ў яго ёсць.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *