Дабрачынная акцыя “Дарогай выселеных вёсак” прайшла ў раёне

Праздники и будни

Яе арганізатары – Брагінскі раённы дом культуры і аўтаклуб.

Veski_1

Красавіцкай раніцай жыхары Двара Савічаў сабраліся каля пустуючага дома, потым да іх далучыліся людзі з Савіч, Грушнага і нават Просмыч. Вяскоўцам была прадстаўлена насычаная, змястоўная канцэртная праграма. Вядучыя перш за ўсё адзначылі, што, нягледзячы на цяжкасці, і тут ёсць гаспадары, у якіх і дамы ў парадку, і сядзібы дагледжаныя. На жаль, з кожным годам колькасць насельніцтва змяншаецца. У Двары Савічах пражываюць у асноўным людзі сталага ўзросту (каля 30 чалавек). Да чарнобыльскай катастрофы тут працавалі лесапільня, фельчарска-акушэрскі пункт, школа, бібліятэка, дом культуры, дзіцячы садок. Трагедыя прымусіла многіх пакінуць родны край, пераехаць у больш чыстыя мясціны.

Карэннае насельніцтва – людзі мужныя, яны не скарыліся ні перад чым. У час акцыі паказалі, што ўмеюць не толькі працаваць, але і весяліцца ад душы. Як толькі пачулі гукі музыкі, некаторыя з іх пакінулі свае агароды задавальненнем удзельнічалі ва ўсіх конкурсах, гульнях, танцавалі, актыўна падпявалі самадзейным артыстам. Шмат праблем у гэтых людзей, мудрых і адданых малой радзіме, але, нягледзячы на ўсе паслячарнобыльскія выпрабаванні, яны захавалі моц духу, аптымізм, шчодрасць душы і любоў да творчасці.

Veski_2Veski_3

У суседнім н.п. Грушнае нараджаюцца дзеці, вёска жыве і ў яе ёсць будучыня. Вялікую дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства прадстаўнікам раёна аказалі супрацоўніца тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна Клімовіч і прадаўшчыца магазіна Жанна Залужная.

Пасля творчай сустрэчы вяскоўцы ад усяго сэрца дзякавалі загадчыцы аўтаклуба Але Злыдзенцы, самадзейным артыстам Валянціне Раманюк, Святлане Корхавай, Маіне Сяргейчык, Любові Дубатдзел, Наталлі Нікіценцы, Алене Уласенцы, Пятру Савянку, Івану Корхаву за добры настрой, хвіліны радасці, якія даставілі, увагу і шчырыя пачуцці.

У раёне ёсць населеныя пункты, у якіх няма стацыянарных устаноў культуры. Да іх адносіцца і в. Хракавічы. Агітбрыгада аўтаклуба 1 мая наведалася і сюды. Нягле-дзячы на гарачы веснавы час, каля мясцовага магазіна сабралася каля 50 чалавек рознага ўзросту. Нават лавы з сабой людзі прыхапілі. Разам спявалі, дзякавалі за канцэрт, запрашалі прыязджаць часцей.

Канцэртная брыгада Камарынскага спартыўна-культурнага цэнтра пад кіраўніцтвам Таццяны Лысенкі пабывала ў гэтыя дні ў вёсцы Гдзень, некалі знакамітай і шматлюднай. Атмасфера сардэчнасці, прызнання, павагі панавала і тут. Людзі засумавалі без сапраўднага свята, адпачынку і душэўных песень.

На ўсё жыццё Чарнобыль застанецца нашым болем. На забруджаных тэрыторыях жывуць ураджэнцы раёна, якія, як ніхто іншы, маюць патрэбу ў дапамозе. Чулыя, душэўныя, яны засталіся на роднай зямлі, каб сагрэць яе цеплынёй і пяшчотай, вылечыць ад ранаў і адрадзіць жыццё.

“Мы не толькі арганізоўваем змястоўны, цікавы адпачынак насельніцтва ў найбольш пацярпелых вёсках Брагіншчыны, але і хочам раскрыць творчы патэнцыял кожнага жыхара”, – расказала загадчыца арганізацыйна-метадычнага аддзела дома культуры Любоў Дубатдзел. Дарэчы, яна – ініцыятар многіх праектаў, якія паспяхова рэалізаваны ў нашым раёне і садзейнічаюць развіцццю духоўнай культуры, заснаванай на традыцыях і сучасных каштоўнасцях беларускага народа, выхаванню нацыянальнай самасвядомасці, патрыятызму. Адзін з іх – “Кніга памяці”, куды ўвайшлі творы юных аўтараў.
Прадмову да зборніка напісала Любоў Аляксандраўна.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *