На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх абмеркавалі, чым заняць дзяцей летам

Грамадства Территория закона

Deti00

Пакуль дзеці яшчэ з нецярплівасцю чакаюць цёплых летніх дзянькоў, дарослыя ўжо занепакоены, чым заняць школьнікаў у час самых працяглых канікул.

Каб узгадніць свае планы, задумы і намеры ў даным напрамку, на чарговае пасяджэнне сабраліся прадстаўнікі камісіі па справах непаўналетніх. Патрэбна менавіта цяпер, да завяршэння навучальнага года, усё прадугледзець, улічыць да драбніц: ад варыянтаў занятасці юных асоб да стварэння бяспечных умоў для іх адпачынку і працы. Пад пільным наглядам павінны заставацца дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, стаяць на розных відах уліку. А такіх у нашым раёне налічваецца звыш сямідзесяці.

Як можна было даведацца з выступленняў, гэтым летам плануецца арганізаваць на базе ўстаноў адукацыі 14 лагераў, 11 з якіх – дзённага знаходжання, два – працы і адпачынку і адзін – вандроўны профільны. У іх умацуюць сваё здароўе, правядуць вольны час з карысцю, далучацца да разнастайных мерапрыемстваў 310 дзяцей. Прадугледжана таксама работа аздараўленчых пляцовак. У жадаючых будзе магчымасць уключыцца ў спартыўныя спаборніцтвы, што наладжвае ФСК “Ураджай”.

Многія вучні накіруюцца за межы раёна, каб атрымаць санаторна-курортнае лячэнне. Толькі ў чэрвені, напрыклад, 130 чалавек прымуць дзіцячыя рэабілітацыйна-аздараўленчыя цэнтры “Жамчужына” і “Лясная паляна”, а таксама санаторый “Белоруссия” (Юрмала).

Што ж датычыць другаснай занятасці, то сёлета з Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва на гэтыя мэты выдзелена 11 800 рублёў. І адзін з дзевяці задуманых працоўных праектаў быў рэалізаваны ў перыяд вясновых канікул, а астатнія прыпадаюць на лета. У адных выпадках гэта рэстаўрацыя кніжнага фонду, у другіх – рамонт мэблі ці пашыў пасцельнай бялізны: колькасць занятых такімі справамі наблізіцца да 90 чалавек.

Яшчэ 100 старшакласнікаў як мінімум плануецца працаўладкаваць пры садзейнічанні раённага камітэта ГА “БРСМ”.

Не зменіць сваёй традыцыі і калектыў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, які штогод арганізоўвае для сваіх выхаванцаў адпачынак у турыстычным лагеры. Сёлета ў ім правядуць некалькі летніх дзён 120 чалавек.

І, вядома ж, свае мерапрыемствы прапануюць дзецям установы культуры. Не спыняць дзейнасці гурткі, спартыўныя секцыі, клубы па інтарэсах… Усё – дзеля насычанага, змястоўнага адпачынку, дзе павінна быць месца і творчым справам, і любімым захапленням, і цікавым сустрэчам.

Каб не дапусціць здзяйснення падлеткамі правапарушэнняў і злачынстваў, паставіць заслон пажарам, папярэдзіць няшчасныя выпадкі і засцерагчы непаўналетніх ад шкодных звычак, разгорнецца маштабная работа ў рамках міжведамаснай праграмы “Клопат”.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *