Дзень падпісчыка

Грамадства

Марыя Давыдоўская і Алена Давыдоўская
Марыя Давыдоўская і Алена Давыдоўская

КРЫЎЧА

Нават у думках не дапускаю, што ў хуткім часе могуць закрыць аддзяленне сувязі ў Крыўчы. Гэта будзе вялікай несправядлівасцю ў дачыненні да тых, хто тут працуе, і ў адносінах да тых, каго абслугоўваюць. А гэта – жыхары трох вёсак: Аляксееўкі, Крыўчы і Пераносаў. Найбольш шматлюдная па сённяшніх мерках – Аляксееўка, бо тут налічваецца 60 двароў. У апошніх дзвюх засталося па 20. Загадчыца аддзялення сувязі Валянціна Атадзерэсе расказала нам, што план падпіскі яны выконваюць. Агульны тыраж складае 272 экземпляры. Улічваючы невысокія заробкі сельскіх працаўнікоў, пенсіі, падпіску на цэнтральныя і мясцовае выданні афармляюць спачатку на месяц, а потым працягваюць яе. Робіцца гэта ў асноўным на даму. У выйгрышы застаюцца і падпісчыкі, і сувязісты.

Па словах Валянціны Дзмітрыеўны, у “Маяка Палесся” ёсць прыхільнікі, якія сябруюць з раёнкай даўно. З адной з іх – Людмілай Губар – нам пашанцавала сустрэцца ў той дзень. Жанчына якраз зайшла на пошту. Людміла Тарасаўна пасля выхаду на пенсію працягвае працаваць на Аляксееўскай ферме, цікавіцца справамі як сваёй гаспадаркі, так і раёна. Вялікі дзякуй ёй за вернасць нашаму выданню, за годна пражытыя гады і стараннасць.

Алена Галяк
Алена Галяк

Асноўная нагрузка па арганізацыі падпісной кампаніі кладзецца на плечы паштальёна Алены Галяк. “Яе муж таксама цікавіцца толькі вашай газетай”, – зазначыла Валянціна Дзмітрыеўна. Да 1999 года тут было тры паштальёны, зараз разносіць газеты і часопісы, дастаўляе прадукты вяскоўцам адна Алена Іванаўна.

На Крыўчанскім аддзяленні сувязі можна набыць канцыля-рскія тавары, бакалею, пасце-льныя прыналежнасці, нават нешта з адзення. Без перашкод аплаціць крэдыты і паслугі, заказаць тавар поштай. Усё цывілізавана, даступна, як і мае быць.
Валянціна Атадзерэсе – чалавек цікавы, творчы, з шырокім кругаглядам. Дома ў яе багатая бібліятэка. Класічную літаратуру, айчынную і зарубежную, збірала не адзін год. У вольны час любіць чытаць. Родам з в. Пераносы. На малую радзіму вярнулася з мужам, румынам па нацыянальнасці. Адсюль і такое незвычайнае для нашых мясцін прозвішча. Не зважае ўжо на тое, што называюць і пішуць яго не заўсёды правільна. Маладзейшыя прадстаўнікі Бра-гіншчыны з павагай называюць яе цёця Валя. Адчуваецца, што работу сваю жанчына любіць, даражыць ёй. Паназіраўшы, як размаўляе з людзьмі, як рыхтуе пошту да адпраўкі, міжволі прыходзіш да думкі, што на месцы Валянціны Дзмітрыеўны не кожны справіўся б. У гэтыя дні Алена Іванаўна знаходзіцца ў водпуску, таму яе абавязкі выконвае загадчыца аддзялення. Поспехаў ім, а таксама падпісчыкам раёнкі. І, вядома, няхай яшчэ доўгі час функцыянуе ў Крыўчы аддзяленне сувязі.

МАЛАЖЫН

Пагутарыць адразу з работнікамі Малажынскага аддзялення сувязі не ўдалося. Па той колькасці наведвальнікаў, якія выстраіліся да іх у чаргу, зразумелі: гэта аграгарадок, і насельніцтва тут пражывае намнога больш, чым у Крыўчы. Ды і запыты ў вяскоўцаў больш разнастайныя. Завіталі мы на пошту ў другі раз тады, калі работнікі сувязі разбіралі пошту, адпраўляючы ў сумкі часопісы, стосы газет. Марыя Давыдоўская накіруецца з перыёдыкай у Малажын і Громкі, жыхароў якіх абслугоўвае дванаццаты год. Прыхопіць і тавары, якія заказалі пенсіянеры. Каму – цукар, муку, каму – салодкасці ці пральны парашок.

Патрэбы ў кожнага свае. Работай паштальёна людзі задаволены. Раіса Іванова з Малажына гаварыла пра Марыю Пятроўну з вялікай павагай. Ад імя аднавяскоўцаў выказвала ёй словы падзякі.

Валянціна Атадзерэсе
Валянціна Атадзерэсе

Калега Алена Давыдоўская адправіцца ў Бераснёўку, Красную Паляну, а таксама да тых падпісчыкаў Малажына, якія пражываюць на яе ўчастку.
Здавалася б, на цэнтральнай сядзібе, дзе сканцэнтраваны ўстановы культуры, адукацыі, кантора мясцовай гаспадаркі, падпіску праводзіць лягчэй, чым на перыферыі, але ж паштавікі прытрымліваюцца іншай думкі. Якраз мясцовая інтэлігенцыя “Маяк Палесся” часам забывае выпісаць. Прозвішчы спецыялістаў не назвалі, ды пры жаданні можна высветліць гэта і самім. Няўжо ім не цікава, як ідуць справы ў суседзяў, хто з прадстаўнікоў калектыву ў лідарах або адстае, што неабходна зрабіць, каб палепшыць свае вынікі і вывесці жывёлаводаў і аператараў машыннага даення, механізатараў у лік пераможцаў спаборніцтва? Неяк дзіўна атрымліваецца: простыя людзі, пра якіх расказваем на старонках выдання, аказваюцца больш свядомымі і не такімі абыякавымі да таго, што адбываецца навокал, чым іх начальнікі.

У Малажыне была Святлана Марчанка, якая ўзначальвае Хойніцкі РУПС. Яна таксама занепакоена ходам падпісной кампаніі і выказала сваё меркаванне наконт яе арганізацыі. Дарэчы, работай сваіх падначаленых задаволена. Не пагадзіцца са Святланай Уладзіміраўнай нельга. Людзі і сапраўды працавітыя, надзеленыя пачуццём адказнасці. А план падпіскі выканаюць. Яны ведаюць, як гэта зрабіць.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *