Пасаду галоўнага эканаміста ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Пераможнік” Ніна Рудабелец займае з 2003-га

Грамадства

ikanamict

Пасаду галоўнага эканаміста ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Пераможнік” Ніна Рудабелец займае з 2003-га. Да гэтага паспела папрацаваць у розных калектывах. Спецыфіку прафесіі ў такой складанай галіне, як сельская гаспадарка, спасцігала ў калгасе “XVIII партз’езд”. Узначальваў яго Уладзімір Шубянок. Цэнтральная сядзіба, вёска Крыўча, была мнагалюдная і ажыўленая. На жаль, з 2002 года гаспадарка перастала існаваць, яе далучылі да суседняй (зараз – ААТ “Малажынскі”). Ніна Іванаўна і яе калегі часова апынуліся, як яны кажуць, на біржы. Непрацяглы час была задзейнічана ў “Чамярыскім”, а потым перайшла ў “Пераможнік”, на пастаяннае месца работы.

Сёння ў раёне спецыялістаў з такім стажам засталіся адзінкі. Яна ды Наталля Анапрэенка з ААТ “Камарынскі”. Ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання – Валянціна Дзегцярэнка, Ала Гардзейчык, Уладзімір Кавалёк. Тым больш каштоўны іх веды і прафесіяналізм. А пачынала Ніна Іванаўна сваю кар’еру ў раённым спажывецкім таварыстве. У наш раён ураджэнка Ельскага раёна прыехала пасля вучобы ў 1978-м. У яе дружная і працавітая сям’я. Муж, Аляксандр Іванавіч, на сваім “Газоне” некалькі год запар выходзіў пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва сярод вадзіцеляў, занятых на адвозцы зерня ад камбайна. Жанчына можа ганарыцца трыма сынамі і дачкой. А яшчэ яна бабуля пяцярых унукаў, прадаўжальнікаў слаўнага роду Рудабельцаў. Няхай усім шчасціць у жыцці!

На пачатку работы ў “Маяку Палесся” лёс звёў мяне з цудоўнымі эканамістамі. Большасць з іх ужо на заслужаным адпачынку. Гэта Тамара Тарасаўна Філон, Святлана Рыгораўна Шаўчэнка, Валянціна Кодзіеўна Шпандарук, Ганна Леанідаўна Лявоненка, Джэма Міхайлаўна Пуліна, Любоў Іванаўна Раманюк, Вольга Піліпаўна Барысенка, Валянціна Віктараўна Свірыдзенка, Віктар Віктаравіч Ганчар. Дырэктар ААТ “Брагінка” Тамара Сямёнаўна Кудан – таксама эканаміст па прафесіі. Багатая практыка, веды і асабістыя якасці дапамагаюць ёй паспяхова кіраваць сельгаспрадпрыемствам.

Вопытныя, мудрыя, гэтыя людзі па-ранейшаму жывуць інтарэсамі калектываў, з якімі былі звязаны не адно дзесяцігоддзе. У час работы перажывалі за поспехі на вытворчасці, аддавалі рабоце шмат сілы. З імі лёгка было весці размову, да ўсяго спецыялісты дасканала ведалі становішча спраў на кожным участку, людзей. З некаторымі сустракаюся як з добрымі знаёмымі і зараз.

Са святам эканаміста вас, паважаныя! І няхай у вашых сем’ях пануюць любоў і злагада, узаемаразуменне. Моцнага ўсім здароўя, удачы, новых поспехаў і добрага настрою.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *