Успамінамі аб адпачынку ў палатачным лагеры “Новы бераг” яшчэ доўга будуць дзяліцца юныя жыхары раёна

Грамадства

Novy berag_000

Свежы подых паветра, шыкоўныя краявіды на беразе Дняпра і аблашчаная цёплымі сонечнымі промнямі водная гладзь. Сама прырода нібы запрашае: затрымайся, лепшага адпачынку і не пажадаеш. А якое раздолле дзецям! Хочаш – купайся, хочаш – закідвай у блакітную акваторыю вудачку ці аддавайся гульням пад адкрытым небам. Кожны з чатырох дзён, якія пашчасціла юным жыхарам раёна правесці на аблюбаваных камарынскіх прасторах, быў насычаны не толькі забавамі, але і адметнымі падзеямі, цікавымі сустрэчамі, карыснымі і пазнавальнымі мерапрыемствамі. Менавіта тут з 19 па 22 ліпеня ў чарговы раз раскінуўся палатачны лагер “Новы бераг”.

Поспех гэтага праекта, які больш чым дзесяць гадоў таму ініцыіраваў і ўвасобіў у жыццё пры падтрымцы прыхаджан евангельскай царквы “Благодать” пастар Юрый Куніцкі, пераўзышоў усе чаканні. Эмоцыям і радасці, душэўнаму парыву дзяцей не было межаў ужо пасля першай арганізацыі такога адпачынку. Таму і не дзіўна, што са шчырым жаданнем дзяцей сустрэцца ў такой жа цёплай атмасферы зноў узмацнялася і жаданне вернікаў працягваць добрую ініцыятыву. Палатачны лагер стаў кожнае лета збіраць сяброў. А з цягам часу да гэтай справы, за якой бачыцца не толькі выдатны варыянт занятасці дзяцей, але і выхаваўчы эфект, прафілактыка негатыўных з’яў у падлеткавым асяроддзі, далучыліся прадстаўнікі раённай улады, дзяржаўных структур. Іх аб’яднала агульная мэта – даць падрастаючаму пакаленню дастойны жыццёвы арыенцір, накіраваць на правільную дарогу: без алкаголю, тытуню, наркотыкаў і неабдуманых учынкаў, якія могуць пакалечыць лёс, прывесці да бяды.

Вось і сёлета праграма ў палатачным лагеры была насычанай і змястоўнай: з экскурсіямі, гутаркамі, каманднымі спаборніцтвамі, гітарнымі акордамі і песнямі каля кастра. Сумаваць у яднанні з прыродай, акружэнні сяброў і неабыякавых дарослых, з якімі ўстанавіліся даверлівыя адносіны, не даводзілася ні хвіліны.

У дзень нашай сустрэчы дзеці якраз з ахвотай падзяліліся сваімі ўражаннямі ад наведвання пагранічнага паста, дзе іх знаёмілі з асаблівасцямі абароны дзяржаўнай мяжы. Самыя бойкія і непаседлівыя атакавалі батут, што з’явіўся ў лагеры дзякуючы спонсарскай падтрымцы шведаў. Шквал вясёлых выкрыкаў і нястрымны азарт суправаджаў рухавыя гульні, якія арганізавала для юных асоб Наталля Лапцева з Хойнік. Яна, дарэчы, тут у адказе за культурна-масавую работу.

Novy berag_002Novy berag_004Novy berag_005Novy berag_006Novy berag_008Novy berag_017Novy berag_016Novy berag_027Novy berag_028

А найбольш смелыя, спрытныя і фізічна вынослівыя акружылі педагога Андрэя Харэцкага, каб разам з ім спасцігнуць асновы тэхнікі горна-пешаходнага турызму. Гэтаму накірунку дзейнасці, дарэчы, настаўнік фізічнай культуры, які зараз выкладае ў Мінску, прысвяціў ужо больш як дваццаць гадоў – зацікавіўся яшчэ са студэнцтва. І змог захапіць ім не аднаго падлетка. Плюсаў, як лічыць сам Андрэй Пятровіч, у спартыўным турызме шмат: у працэсе заняткаў выхоўваюцца пачуццё адказнасці, калектывізму, маральна-валявыя якасці, уменне працаваць у камандзе, прыходзіць адзін аднаму на выручку ў цяжкую хвіліну. Моладзь неаднаразова пад яго кіраўніцтвам накіроўвалася ў веласіпедныя паходы, падарожжы па гісторыка-культурных мясцінах роднай Беларусі. А ў павышэнні ўласнага майстэрства дапамагаюць горы Крыма, Карпат, Каўказа. Так што побач з такім чалавекам дзецям заўсёды цікава. Прыкметны і яго мэтанакіраванасць, і практычны склад розуму, і лідарскія якасці, і прага да здаровага ладу жыцця.

Novy berag_020Novy berag_009Novy berag_010Novy berag_011Novy berag_012Novy berag_013Novy berag_014Novy berag_015Novy berag_018Novy berag_019Novy berag_021Novy berag_022Novy berag_023Novy berag_024Novy berag_025Novy berag_026

Мастачка Таццяна Хілько, якая пражывае ў Бельгіі, ужо паспела пазнаёміць юных асоб са сваімі творчымі работамі. У Беларусі, адкуль сама родам, бывае як мінімум раз у год – у Гомелі засталіся бацькі. І менавіта падчас чарговага прыезду даведалася пра палатачны лагер “Новы бераг”, да якога маюць дачыненне людзі, што ідуць па жыцці з верай у Бога.

Novy berag_003

А вось псіхолаг Ірына Гарыст з Гомеля прыехала ў Камарын, каб пагутарыць з падлеткамі аб дружбе і каханні, закрануць далікатнае пытанне – чысціні дашлюбных адносін. І ўжо з першага погляду прыкмеціла: атмасфера ў лагеры сяброўская, усе дзеці занятыя. Спрыяльны мікраклімат садзейнічае таму, каб усебакова развівацца і выхоўваць у падрастаючага пакалення высокія маральныя якасці.

Асаблівая ўвага, як і належыць, – выкананню правілаў бяспекі на вадзе: інфармацыі на даную тэму на стэндах дастаткова. Аб гэтым паклапаціўся старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Мікалай Катлабай, які не толькі штодня нагадваў юным рамантыкам: свавольствы на блакітнай гладзі недапушчальныя, але і пакатаў іх на катэры. Ад жадаючых адбою не было.

Novy berag_037Novy berag_038Novy berag_029Novy berag_030Novy berag_031Novy berag_033Novy berag_034Novy berag_035Novy berag_036Novy berag_039Novy berag_0340

А ў цэлым за сезон у лагеры з выхаваўчымі і прафілактычнымі мэтамі пабывалі мясцовыя работнікі культуры, цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, ПАСЧ №2 раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Побач з дзецьмі кругласутачна знаходзіліся намеснік старшыні камісіі па справах не-паўналетніх Вольга Ясінская, старшы ўчастковы інспектар ІСН Брагінскага РАУС Валерыя Кудрэнка і яе калега Віталь Варанец, настаўніца Брагінскай школы Марына Протчанка. Прыехаў пацікавіцца справамі, настроем дзяцей, многіх з якіх добра ведае, былы работнік Брагінскай школы, аддзела адукацыі Ігар Пятрэня. А ўсе гаспадарчыя клопаты штогод бярэ на сябе Аляксандр Зыкаў, супрацоўнік мясцовай пажарнай аварыйна-выратавальнай часці.
Novy berag_041Novy berag_001Novy berag_007Здаецца, кожны год, як адзначае Юрый Куніцкі, паўстаюць пытанні: “Ці варта працягваць? Ці зможам? Адкуль прыцягнуць сілы і сродкі?”, але зноў і зноў знаходзяцца людзі – чулыя, міласэрныя, неабыякавыя да дзіцячых лёсаў, якія і працягваюць руку дапамогі. Сёлета свой уклад у агульную справу, акрамя вернікаў, унеслі прадстаўнікі дзяржаўных службаў, грамадскіх аб’яднанняў, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, індывідуальныя прадпрымальнікі. Таму ўсё і атрымалася. А лепшай падзякай за арганізацыю адпачынку, стараннасць, матэрыяльную падтрымку сталі яркія ўражанні дзяцей і іх шчырая надзея на паўтарэнне такіх прыемных і радасных момантаў.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *