Хлеб – наша галоўнае багацце, клопат аб ім праяўляюць усе службы

Сельское хозяйство

Збожжавыя палі ААТ “Брагінка” і “Брагінскі” мяжуюць. Пад’язджаючы да ўчастка, дзе працавалі камбайны, можна было адчуць водар зерня новага ўраджаю.

У такую спёку яно ўжо высахла на корані. Дзякуй ніве, якая вытрымала перапады тэмператур, недахоп вільгаці і начныя замаразкі. А што колас шчуплаваты, дык не ўсё залежыць ад тых, хто рыхтуе плошчы і сее, даглядае пасевы. Людзі зрабілі ўсё на сумленне, інакш не адзначалі б што год лепшых механізатараў “Брагінкі” на дажынках і па выніках работы на пасяўной.

Зерневыя і зернебабовыя ўбіраюць тры экіпажы. Дзмітрый Коваль працуе на камбайне, які сельгаспрадпрыемства набыло ў 2008-м годзе. Ва ўмелых руках Дзмітрыя Віктаравіча стэпавы карабель – сёмы сезон.

Дзмітрый Коваль
Дзмітрый Коваль

Пачынаў спасцігаць навуку хлебароба ён разам з галоўным інжынерам гаспадаркі Вадзімам Давыдзенкам, быў у яго памочнікам. На час жніва спецыяліст садзіўся за штурвал камбайна, жаў і малаціў, заадно і рыхтаваў сабе змену. Вадзім Мікалаевіч і зараз побач, праўда, задача ў яго не менш адказная – рыхтаваць кармы.

А на дапамогу вяскоўцам не першы год прыходзяць жыхары райцэнтра. Дзмітрый Музычэнка, напрыклад, бярэ ў гэты час водпуск, каб далучыцца да ганаровай справы – уборкі хлеба. Можна было назіраць, як спрытна рухаецца па полі яго стэпавы карабель. Адразу бачна: працуе вопытны камбайнер.

Механізаваныя атрады, як і асобныя прадстаўнікі ААТ “Брагінаграсэрвіс”, таксама задзейнічаны на хлебным і кармавым палях. Рабочы дзень трактарыста Юрыя Капура пачынаецца ў 6 гадзін. Пакуль камбайны выйдуць на хлебную ніву, ён паспявае падвезці зялёную масу на жывёлагадоўчыя фермы. Потым ва ўмяшчальны прычэп яго трактара пасыплецца намалочаная збажына, якую неабходна адвезці на зернеток.

Юрый Капур
Юрый Капур

Дзяжураць каля ўборачных агрэгатаў і прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Хлеб – наша галоўнае багацце, клопат аб ім праяўляюць усе службы.

На належным узроўні ў “Брагінцы” арганізавана гарачае харчаванне. Аб гэтым паведамлялася ў папярэдніх нумарах, калі асвятляўся ход пасяўной.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *