Для Пятра Ветчанкі лес — не толькі месца працы, але і прастора, дзе ён знаходзіць душэўны спакой

Праздники и будни

Les_001

Восень славіць лесаводаў. Ды любая пара года для кожнага з іх працавітая і клапатлівая, з адметнай прыгажосцю і назіраннямі, напоўненая таямніцамі жывога свету. У сваіх уладаннях яны з любоўю заўважаюць кожную краску і сцежку, прыкмячаюць след асцярожнага звера. І з дня ў дзень імкнуцца да таго, каб гэтае багацце засталося наступным пакаленням.

Для памочніка ляснічага Савіцкага лясніцтва Пятра Ветчанкі яго зялёныя ўгоддзі, што раскінуліся больш як на восем з паловай тысяч гектараў, – не толькі месца працы, але і прастора, дзе ён знаходзіць душэўны спакой, суцяшэнне ў цяжкія хвіліны. Відаць, калі чалавек жыве ў гармоніі з прыродай, яна здольна настроіць яго на пазітыўны лад, прыдаць сіл, натхніць на добрыя здзяйсненні. А ў свой час, калі Пётр Пятровіч, аграном па адукацыі, працаваў яшчэ ў саўгасе «Савічы», нават і падумаць не мог, што некалі зменіць не толькі сферу дзейнасці, але і прафесію. Так распарадзіўся Чарнобыль.

Радыяцыйнае крыло зачапіла многія вёскі Брагіншчыны, адкуль пачалі эвакуіраваць жыхароў. Вакол панавалі страх, адчай і разгубленасць. Нязбытныя надзеі перасяленцаў на вяртанне пад родны дах, туга па малой радзіме выклікалі з’яўленне такой невядомай раней катэгорыі людзей, як самасёлы. Нямала было іх і ў Савічах. Але гаспадарка, дзе працаваў Пётр Ветчанка, сваю дзейнасць так і не аднавіла. Таму калі яму, жыхару бліжняй вёскі – Грушнае, прапанавалі ў чэрвені 1987 года пасаду бухгалтара ў Савіцкім лясніцтве, пакуль спецыяліст знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, не адмовіўся. Справа, нягледзячы на адсутнасць адпаведнай адукацыі і вопыту, аказалася даволі зразумелай і блізкай, бо заўсёды на вачах была работа бацькі, пад кіраўніцтвам якога працавала некалькі брыгад у саўгасе, і гэта ў тым ліку патрабавала складаць справаздачнасць аб вытворчай дзейнасці.

Руплівасць і скрупулёзнасць у выкананні даручанага, адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў, стараннасць новага работніка, які хутка ўвайшоў у курс справы, у калектыве адразу ж прыкмецілі. Таму і не дзіўна, што з выхадам на працу дэкрэтніцы прапанавалі застацца ў галіне, ужо ў якасці майстра лесу. Згадзіўся – і не пашкадаваў. З цягам часу глыбей унік у лясніцкую «кухню», атрымаў завочна сярэднюю спецыяльную адукацыю ў Полацкім лясным тэхнікуме. А работа на розных пасадах у гэтай сферы толькі паглыбіла веды на практыцы, дазволіла ўсвядоміць, наколькі важная місія людзей, якія звязалі сваё жыццё з такой высакароднай прафесіяй. Гэта дзякуючы іх вопыту і стараннасці любавацца прыродай і карыстацца яе дарамі могуць многія пакаленні.

Удумлівы і ўраўнаважаны, тактоўны і разважлівы, такі ж сабраны ў справах і ўседлівы ў вядзенні дакументацыі, Пётр Пятровіч працягвае працаваць у Савіцкім лясніцтве, адміністрацыйны будынак якога ўжо знаходзіцца ў Новай Грэблі. Яго душа па-ранейшаму просіць шуму соснаў, шапацення дуброў, святла бярозавых пералескаў… Нешта ўзвышанага і велічнага, што дае толькі прырода. Сёння ён перакананы: для яго лес, жыццё, прафесія – адно цэлае.

Нагрудны знак Міністэрства лясной гаспадаркі «30 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь» – узнагарода, якую Пётр Пятровіч заслужыў па праву.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *