Гісторыя ў асобах: іх прозвішчамі названы вуліцы Брагіна

Грамадства

Bragin_001

Шырокія і вузкія, доўгія і кароткія, прамыя і звілістыя… Як жывыя, пульсуючыя часткі нашага пасёлка, вуліцы з гадамі змяняюць сваё аблічча: абнаўляюцца, упрыгожваюцца паркамі і скверамі, аздабляюцца зелянінай і кветкамі, забудоўваюцца. І па-ранейшаму дапамагаюць людзям знайсці адзін аднаго, патрэбны дом ці кватэру, зарыентавацца на мясцовасці. А часам – і паглыбіцца ў мінулае, дакрануцца да сваёй гісторыі, бо нясуць імёны смелых і адважных герояў, знакамітых землякоў. Ды ці часта мы задумваемся: які след на брагінскай зямлі пакінулі гэтыя людзі?..

Мікалай Фёдаравіч МАХАЎ, ураджэнец Курганскай вобласці (Расія) – адзін з 209 воінаў 61-й арміі, якім 15 студзеня 1944 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры фарсіраванні Дняпра і ў баях на яго правабярэжжы, было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Bragin_004У ноч на 28 верасня 1943 года гвардыі сяржант Махаў павёў перадавую групу чырвонаармейцаў на штурм Дняпра ў раёне вёскі Жылічы. Абарону тут трымалі часці 251-й нямецкай пяхотнай дывізіі.

Не вытрымаўшы смелага на-ціску, на адным з участкаў першай лініі траншэй гітлераўцы пачалі адступаць. Невялікі плацдарм для высадкі нашых падраздзяленняў быў забяспечаны. За чатыры гадзіны Мікалай Махаў арганізаваў пераправу 120 байцоў са зброяй і боепрыпасамі, вывез на левабярэжжа дзясяткі параненых. Услед за штурмавым авангардам раку фарсіравалі іншыя воінскія падраздзяленні, расшыраючы і ўмацоўваючы заваяваны прыдняпроўскі плацдарм на тэрыторыі Брагінскага раёна.

Больш як два тыдні грымелі баі каля Дняпра. Выпрабаваныя ў жорсткай схватцы байцы аддзялення Махава атрымалі загад правесці разведку на подступах да вёскі Жылічы. Камандзіру хацелася правесці аперацыю непрыкметна, каб не ўвязацца ў бой і не ахвяраваць жыццямі байцоў. Але пазбегнуць сутычкі з ворагам не ўдалося. Заўважыўшы гэта, на падмацаванне разведчыкам кінуліся іншыя нашы аддзяленні. Быў бой, і была радасць чарговай перамогі. Але для салдат стралковага аддзялення Махава яна азмрочылася глыбокім смуткам аб загінуўшым камандзіру. Гвардзеец загінуў 18 кастрычніка 1943-га, у 22-гадовым узросце, і быў пахаваны каля рэчкі Пясчанкі, паблізу вёскі Жылічы. А 25 чэрвеня 1958 года астанкі героя перазахаваны ў Брагіне, у брацкай магіле воінаў, якія аддалі жыцці за вызваленне нашага раёна восенню 1943 года.

Bragin_003Bragin_002

Павел Сцяпанавіч МАМКІН – Герой Савецкага Саюза, адзін з вызваліцеляў Брагіншчыны.

Bragin_007Нарадзіўся ў 1922 годзе ў вёсцы Бурцава Аленінскага раёна Цвярской вобласці (Расія). Калі пачалася вайна, Паўла Мамкіна прызвалі ў армію і накіравалі на вучобу ў адно з ваенных вучылішчаў. Але скончыць яго юнаку не давялося. Складанае ваеннае становішча вымусіла камандаванне накіраваць курсантаў на фронт. Малады воін стаў кулямётчыкам.

У цяжкія дні 1942-га Павел Мамкін разам са сваімі сябрамі па зброі пазнаў горыч адступлення. Затым адважна змагаўся з ворагам каля сцен волжскай цвярдыні – удзельнічаў у акружэнні і разгроме ворага пад Сталінградам. Ратны подзвіг кулямётчыка быў адзначаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

У вераснёўскія дні 1943-га 77-я гвардзейская Чарнігаўская стралковая дывізія падышла да Дняпра на сумежжы Украіны і Беларусі, непадалёку ад Камарына. Камандзір кулямётнага аддзялення 221-га гвардзейскага стралковага палка гвардыі малодшы сяржант Павел Мамкін атрымаў загад пераправіцца ноччу са сваёй групай на правабярэжжа, захапіць там хоць невялікі плацдарм і агнём з кулямётаў падтрымаць фарсіраванне Дняпра іншымі падраздзяленнямі дывізіі.

Цёмнай ноччу смельчакі непрыкметна для ворага пераадолелі водную перашкоду. Справа і злева ўжо завязалася перастрэлка. Дзесьці непадалёку ад кулямётчыкаў чулася артылерыйская кананада. Мамкін зразумеў, што завязаўся жорсткі бой з гітлераўцамі на подступах да Камарына. Затаіўшыся паблізу ад ворага, група працягвала асцярожна рухацца ўглыб варожых баявых парадкаў. Смелага і раптоўнага ўдару кулямётчыкаў Мамкіна з фланга немцы ніяк не чакалі і таму не маглі вытрымаць яго. Байцы адразу ж захапілі пакінутыя ворагам траншэі. Апамятаўшыся, фашысты пайшлі ў атаку, маючы намер адбіць страчаную пазіцыю. Але гэта ім не ўдалося. Прыкаваўшы да сябе ўвагу фашыстаў, нашы кулямётчыкі далі магчымасць іншым падраздзяленням дывізіі паспяхова пераадолець раку, захапіць плацдарм на правым беразе. Затым ён стаў своеасаблівым трамплінам, з якога воіны палка і ўсёй дывізіі развівалі наступленне на Брагіншчыне і далей, на захад.

Але Паўлу Мамкіну не суджана было прайсці вызваліцелем па Беларусі. Падчас жорсткага бою асколак міны насмерць скасіў адважнага воіна.
Баявыя таварышы пахавалі гвардыі малодшага сяржанта Мамкіна і іншых загінуўшых байцоў і афіцэраў непадалёку ад Дняпра. А ў маі 1964 года астанкі іх былі перазахаваны ў брацкай магіле ў Брагіне.

Пётр Сяргеевіч ЖУКАЎ, Герой Савецкага Саюза, ураджэнец Брагіншчыны.

Bragin_005Нарадзіўся 22 студзеня 1921 года ў Мікулічах. У 1941-м скончыў Кіеўскае ваеннае пяхотнае вучылішча, і з першых дзён Вялікай Айчыннай быў на перадавой. Вайну прайшоў у пяхоце.

У 1944-м гвардыі маёр Жукаў камандаваў батальёнам 164-га гвардзейскага стралковага палка 55-й гвардзейскай стралковай дывізіі 28-й арміі 1-га Беларускага фронта. Змагаўся на Паўднёва-Заходнім, Паўночна-Каўказскім, Паўднёвым, Цэнтральным, 1-м Беларускім франтах. Удзельнічаў у вызваленні Новарасійска, Тамані, Керчы. Чатыры разы быў паранены, двойчы кантужаны.

Асабліва вызначыўся ў ходзе Бабруйскай наступальнай аперацыі пры вызваленні Беларусі.

25 чэрвеня 1944-га батальён Жукава прарваў нямецкую абарону ў раёне вёскі Пружынішчы Акцябрскага раёна і заняў другую лінію абароны ворага, адрэзаўшы яму шлях адступлення. На наступны дзень пад агнём праціўніка пераадолеў балота і фарсіраваў раку Трэмлю. Пасля 5-гадзіннага бою вызваліў вёску Любань. Былі адбіты тры контратакі праціўніка і захоплены стратэгічны ўчастак чыгункі. 27 чэрвеня гвардзейцы фарсіравалі раку Пціч (прыток Прыпяці) і захапілі плацдарм на яе заходнім беразе.

За тры дні наступлення ге-раічны батальён Жукава знішчыў больш як 350 гітлераўскіх салдат і афіцэраў. А сам камандзір 27 чэрвеня 1944 года атрымаў цяжкае раненне.

З узнагароднага ліста:

“За ўзорнае кіраўніцтва боем батальёна ў складаных умовах лясіста-балоцістай мясцовасці, за неаднаразовае праяўленне геройства ў баях за нашу Радзіму гвардыі маёр Жукаў дастойны прысваення звання Героя Савецкага Саюза”.

За асабістую храбрасць і мужнасць Пётр Сяргеевіч узнагароджаны таксама ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны, Чырвонай Зоркі, медалём “За адвагу”. Ёсць і палкаводчыя ўзнагароды: ордэн Аляксандра Неўскага і Суворава трэцяй ступені.

У пасляваенны час Пётр Сяргеевіч працягваў службу ў Савецкай Арміі. З 1953-га – у запасе. Жыў у Мазыры, працаваў інструктарам Палескага абласнога камітэта ДТСААФ, затым знаходзіўся на адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце.

Памёр 22 снежня 1967 года, пахаваны ў роднай вёсцы.

Імя Героя носіць вуліца не толькі ў Брагіне, але і ў вёсцы Любані.

Ужо пры падрыхтоўцы матэрыяла, калі ўзнікла неабходнасць у фотаздымку, звярнулі ўвагу на такую акалічнасць: на шыльдзе аднаго з дамоў па вуліцы, названай у гонар нашага знакамітага земляка, віднеецца надпіс «ул. им. Г.К. Жукова». Узнікае пытанне: чаму такія ініцыялы? Відаць, той, хто некалі ўстанаўліваў гэтую шыльду, і не задумваўся, што прозвішча Жукаў было не толькі ў легендарнага савецкага палкаводца Георгія Канстанцінавіча, а і ў ураджэнца Брагіншчыны. На такую недакладнасць павінны звярнуць увагу адпаведныя службы – гісторыя не павінна скажацца.

Bragin_006

Пётр Рыгоравіч ЗІНОВІЧ, камісар партызанскага атрада імя Катоўскага, сакратар Брагінскага падпольнага райкама КПБ(б). Да вайны – старшыня Брагінскай інваліднай арцелі “Чырвоны Кастрычнік”.

Bragin_008Партыйныя органы пакінулі гэтага камуніста ў тыле ворага для арганізацыі патрыятычнага падполля, і ён змог за кароткі час аб’яднаць вакол сябе былых работнікаў арцелі ў падпольную антыфашысцкую групу, якая да вясны 1942-га дзейнічала пад яго кіраўніцтвам.

У красавіку таго ж года Пётр Зіновіч з невялікай партызанскай групай, якую стварыў з дапамогай падпольшчыкаў, падаўся ў лубяніцкія лясы. І ў хуткім часе аб’яднаўся з патрыятычнымі групамі, што дзейнічалі ў вёсках Савічы і Мікулічы, а летам 1942-га арганізавалі партызанскі атрад імя Катоўскага. Пётр Зіновіч быў яго камісарам з сакавіка па лістапад 1943-га.

Пры Зіновічу і пасля яго адыходу ў лес падпольшчыкі арганізоўвалі рэгулярны прыём зводак Савецкага інфармбюро, якія распаўсюджвалі ў Брагіне і навакольных вёсках. Як, дарэчы, і складзеныя лістоўкі, заклікі. Па заданні партызан дабывалі зброю і боепрыпасы, перапраўлялі іх у атрад. Дапамагалі таксама з медыкаментамі, перавязачнымі сродкамі, адзеннем і пра-дуктамі, выратоўвалі моладзь і яўрэйскіх дзяцей ад выгнання ў Германію, разам з партызанамі ўдзельнічалі ў разгроме паліцэйскага гарнізона ў Брагіне, выконвалі іншыя даручэнні.

Створаны ў выніку аб’яднання партызанскіх груп атрад імя Катоўскага праводзіў баявыя аперацыі на тэрыторыі Брагінскага, Камарынскага і Хойніцкага раёнаў. А восенню 1943 года, падчас баёў за Днепр, партызаны ўсяляк дапамагалі наступленню Чырвонай Арміі.

Шалва Уладзіміравіч ЧАЛІДЗЕ, удзельнік вызвалення Брагіна.

Bragin_009Нарадзіўся ў 1908 годзе ў Грузіі. У гады Вялікай Айчыннай – камандзір стралковага палка.

23 лістапада 1943 года батальёны 111-га стралковага палка пад камандаваннем гвардыі палкоўніка Чалідзе з ходу фарсіравалі Брагінку і вызвалілі Брагін ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Узнагароджаны медалём “За адвагу”, ордэнамі Чырвонай Зоркі, Аляксандра Неўскага, Кутузава III ступені.

Памёр у 1960 годзе ў Тбілісі.

Bragin_0011Bragin_0010

Павел Іванавіч ШПЕТНЫ, Герой Савецкага Саюза, ураджэнец Брагіншчыны.

Bragin_0012Нарадзіўся ў 1913 годзе ў вёсцы Гдзень. У Чырвонай Арміі – з 1936 года, закончыў Слуцкае ваеннае пяхотнае вучылішча.

З ліпеня 1941-га па чэрвень 1942-га змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на Заходнім фронце, удзельнік Смаленскай вызваленчай і Маскоўскай бітваў. Са жніўня па лістапад 1942-га ваяваў на Сталінградскім фронце, удзельнік Сталінградскай бітвы, там быў паранены.

Вызначыўся камандзір узвода процітанкавых ружжаў 284-га гвардзейскага стралковага палка (95-я гвардзейская стралковая дывізія, 5-я гвардзейская армія, Варонежскі фронт) гвардыі старшы лейтэнант Шпетны ў Курскай бітве. 12-13 ліпеня 1943 года ў баі на Белгародскім напрамку з процітанкавага ружжа асабіста падбіў шэсць варожых танкаў. А калі скончыліся боепрыпасы, Пётр Шпетны, застаўшыся адзін, кінуўся са звязкай гранат пад танк праціўніка. Загінуў 13 ліпеня 1943 года.

З узнагароднага ліста:

“Камуніст Павел Шпетны прайшоў слаўны баявы шлях. Гэта цвёрды, рашучы камандзір, які праявіў у баях з ненавіснымі нямецка-фашысцкімі захопнікамі стойкасць і мужнасць, упэўненасць у перамозе, беззапаветную адданасць сацыялістычнай Радзіме. Сваё пачуццё глыбокай нянавісці да нямецкіх захопнікаў перадаў байцам свайго ўзвода.

12 і 13 ліпеня 1943 года ў жорсткіх баях за вышыню 226,6 ён са сваім узводам бранябойшчыкаў стаяў на абароне баявых парадкаў пяхоты ад нападу танкаў. Калі пачалася атака праціўніка, узвод бранябойшчыкаў сустрэў яе дружным і трапным агнём. Таварыш Шпетны сам узяў процітанкавае ружжо і адкрыў агонь па танках. Шэсць танкаў падбіў ён у гэтым баі. Ім былі зрасходаваны ўсе боепрыпасы, а танкі працягвалі яшчэ наступаць, яўна маючы намер падавіць гэтую несакрушальную агнявую кропку. Прыціснуўшы да грудзей процітанкавыя гранаты, таварыш Шпетны чакаў, пакуль пойдзе ненавісны вораг. Танк падышоў, і выбух гранат спыніў яго. Так загінуў верны сваёй мэце і пачуццям мужны і сціплы камандзір”.

Пахаваны Павел Шпетны ў брацкай магіле ў Сяле Карташоўка Прохараўскага раёна Белгародскай вобласці.

Поле бою, на якім здзейснілі свой подзвіг Пётр Шпетны і яго байцы, носіць назву «Поле Шпетнага», і на ім усталяваны мемарыяльны знак.

Bragin_0013Bragin_0014

Сяргей Яўстратавіч КРАЎЧАНКА, ураджэнец Брагіна (1890), актыўны ўдзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, арганізатар партызанскай барацьбы супраць нямецкіх акупантаў у 1918 г.

Вядома, што ён – адзін з кіраўнікоў палітычнай дэманстрацыі рамеснікаў і сялян, якая праходзіла 28 сакавіка 1917 года ў Брагіне пад лозунгамі “Уся ўлада Саветам!”, “Зямля – народу”. Уваходзіў у склад валасной партыйнай ячэйкі.

З падпісаннем 3 сакавіка 1918 года грабежніцкага Брэсцкага мірнага дагавора большая частка Беларусі, у тым ліку Брагіншчына і Камарыншчына, трапілі ў зону германскай акупацыі. Тут былі ліквідаваны рэвалюцыйныя парадкі. Акупантам паслужліва дапамагалі мясцовыя чарнасоценцы, правыя эсэры, кулакі. Часта па іх даносах кайзераўцы тварылі тэрор і насілле, бязлітасна распраўляліся з сельскімі актывістамі. Старшыню Брагінскага валаснога выканкама Сяргея Краўчанку немцы трымалі пад замком і без ежы пяць дзён.

З мэтай мабілізацыі насельніцтва на барацьбу з акупантамі і паляпшэння кіраўніцтва дзеяннямі партызанскіх фарміраванняў валасныя партыйныя камітэты стварылі спецыяльныя баявыя органы – рэвалюцыйныя камітэты. У іх склад увайшлі кіраўнікі партыйных ячэек, найбольш аўтарытэтныя мясцовыя партыйцы таго часу, у ліку якіх быў і Сяргей Краўчанка.

16 жніўня 1918 года ўсю ўладу ў валасцях Брагіншчыны і Камарыншчыны ўзялі ў свае рукі рэвалюцыйныя камітэты. У Брагіне такі орган узначальваў Сяргей Яўстратавіч. А ўжо ў 1919-м, калі рэўкамы склалі свае паўнамоцтвы, ён – старшыня Брагінскага валаснога выканнаўчага камітэта.

Памёр у 1920 годзе.

Піліп Восіпавіч СКАРАХОД, ураджэнец Брагіна (1885), актыўны ўдзельнік рэвалюцыі 1905-1907 гг. і грамадзянскай вайны.

Bragin_0015У 1906 годзе значыўся ў складзе Брагінскай групы сацыял-дэмакратаў, якую паліцэйска-жандарскі корпус спрабаваў прыцягнуць да дазнання за арганізацыю сходак у Бабчыне і іншых населеных пунктах.

Са стварэннем сялянамі ў сакавіку 1917 года новых органаў улады – выканаўчых камітэтаў і міліцыі – Піліп Скараход стаў у Брагіне першым начальнікам валасной міліцыі. З чэрвеня таго ж года – у складзе валасной партыйнай ячэйкі.

Пасля Кастрычніцкага ўзброенага перавароту ўлада ў Рэчыцкім павеце перайшла ў рукі Саветаў рабочых і сялянскіх дэпутатаў. За няпоўны месяц, ад 25 кастрычніка да 20 лістапада1917 года, яна стала рэальнасцю на ўсёй тэрыторыі Гомельшчыны і Мазыршчыны, у тым ліку ў брагінскай і іншых мясцовых валасцях. Быў створаны Брагінскі валасны рэўкам на чале з Піліпам Скараходам.

У перыяд, калі Брагіншчына і Камарыншчына трапілі ў зону германскай акупацыі, баявымі справамі аб сабе заявілі партызанскія атрады. У Брагінскай воласці такі атрад дзейнічаў на чале са Скараходам, і вось аб чым сведчыць толькі адна з іх баявых аперацый, якая была наладжана супраць германска-гетманаўскага гарнізона ў Брагіне і Касачове 6 кастрычніка 1918 года.

Дзень быў кірмашовы, і на рынкавую плошчу з’ехалася многа людзей, асабліва падвод з сенам. Прыкладна ў палавіне дня з гэтых вазоў вылезлі ўзброеныя партызаны і пачалі вылоўліваць паліцэйскіх казачкоў і нямецкіх салдат. Аперацыя прайшла паспяхова. Але раптам з боку маёнтка Касачоў немцы адкрылі моцны кулямётны абстрэл. Партызаны павялі наступленне на ворага і пасля бою, які доўжыўся да самага вечара, адступілі. У гэтым баі народныя мсціўцы захапілі нямала зброі і боепрыпасаў, хоць і самі панеслі страты.

Добрая слава ішла пра конны партызанскі атрад пад камандаваннем Піліпа Скарахода, які ўжо налічваў больш як 300 байцоў, і ў 1920-м, калі разгарнулася барацьба з польскімі акупантамі.

Памёр Піліп Восіпавіч у 1922 годзе.

Bragin_0017Bragin_0018Bragin_0016

Ціт Антонавіч МАНЖОС, ураджэнец Брагіна (1894), удзельнік грамадзянскай вайны, партызанскага руху ў 1918-1920 гг., Вялікай Айчыннай вайны.

Адзін з бальшавікоў, пад кіраўніцтвам якіх 28 сакавіка 1917 года ў Брагіне праходзіла палітычная дэманстрацыя рамеснікаў і сялян. З прыходам кайзераўцаў займаўся падпольнай дзейнасцю.

У 1919-1920 гг. Ціт Манжос прымаў актыўны ўдзел у баях супраць белапалякаў, пятлюраўцаў і белагвардзейцаў. У 1921-1925 гг. узначальваў Брагінскую валасную партячэйку, працаваў старшынёй Ручаёўскага валвыканкама, у Рэчыцкім павятовым камітэце партыі.

Пасля заканчэння ў 1931 годзе Ленінградскага інжынерна-эканамічнага інстытута з’яўляўся загадчыкам вытворчасці абутковай фабрыкі “Скараход”, працаваў ва Усерасійскім савеце народнай гаспадаркі.

Загінуў у верасні 1944-га пад г. Тарту (Эстонія). Узнагароджаны ордэнамі Славы III ступені, Айчыннай вайны I ступені (пасмяротна).

Раман Карпавіч САБАЛЕНКА, беларускі пісьменнік, ураджэнец Брагіншчыны.

Bragin_0019Нарадзіўся 15 кастрычніка 1907 года ў сям’і селяніна-бедняка ў вёсцы Сабалі. Скончыў Гомельскі педагагічны тэхнікум.

З аўтабіяграфіі:

“У нашым тэхнікуме было нямала хлопцаў, якія любілі літаратуру і самі спрабавалі пісаць. Я зайздросціў ім добрай чалавечай зайздрасцю. А сам колькі ні пісаў вершаў, нічога не выходзіла. І толькі калі ў 1927 годзе Гомельшчыну далучылі да Беларусі і ў нашым тэхнікуме пачалося выкладанне на роднай мове, я адчуў, што гэта мая мова, на якой я і здолею пісаць”.

З 1930 да 1941 года Раман Сабаленка працаваў літаратурным супрацоўнікам, стыль-рэдактарам, загадчыкам аддзела абласной газеты “Палеская праўда” (потым “Гомельская праўда”). Адначасова вучыўся на вячэрнім аддзяленні Гомельскага педагагічнага інстытута. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

У пасляваенны час працаваў у рэдакцыях баранавіцкай абласной газеты “Чырвоная звязда”, рэспубліканскай “Калгасная праўда”, часопіса “Маладосць”, штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”. Друкаваўся з 1928 года.

У 1935 годзе ў часопісе “Полымя” была надрукавана першая паэма Рамана Сабаленкі “Брагінь”. Ён з’яўляецца аўтарам зборнікаў вершаў “З родных крыніц” (1950), “Мая эстафета” (1954), аповесцей і апавяданняў “Жменя зярнят” (1957), “Сустрэчы” (1958) і інш. Аповесці “Юнацтва ў дарозе”, “Выпрабаванне сталасці” і “Былое застаецца ў сэрцы” склалі трылогію “Іду ў жыццё”.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі і медалямі.

Памёр Раман Карпавіч 13 мая 1975 года.

Bragin_0020Bragin_0021

Васіль Іванавіч ІГНАЦЕНКА, ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ураджэнец Брагіншчыны.

Bragin_0022Нарадзіўся 13 сакавіка 1961 года ў Спярыжжы. Скончыў Гомельскае СПТВ-81, працаваў электраманцёрам. У 1982-1986 гг. – камандзір аддзялення пажарнай часці №6 г. Прыпяці. Уначы 26 красавіка 1986-га адзін з першых прыняў удзел у тушэнні чацвёртага рэактара Чарнобыльскай АЭС. Памёр ад апраменьвання 13 мая таго ж года.

Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, адзнакай прэзідэнта Украіны “За мужнасць”. А ў 2006 годзе яму пасмяротна прысвоена званне Героя Украіны з удастойваннем ордэна “Залатая Зорка” – за гераічны подзвіг у імя цяперашніх і будучых пакаленняў, асабістую мужнасць і самаахвяраванне, праяўленыя пры ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Апрача Брагіна, вуліцы ў гонар нашага земляка названы ў Мінску і Беразіно.

Bragin_0023Bragin_0024

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *