Дажынкі-2017: узгадваем гарачыя дні жніва і тых, хто шчыраваў на хлебнай ніве

Праздники и будни Сельское хозяйство

dazhynki-2017

Абласныя дажынкі прайшлі на мінулым тыдні ў Жыткавічах. Наш раён, а таксама Мазырскі і Буда-Кашалёўскі адзначаны за высокія паказчыкі ў культуры землекарыстання і ў якасці заахвочвання атрымалі новыя “Нівы-Шаўрале”.

Пераможцамі рэспубліканскага агляду-конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў” прызнаны ААТ “Чамярыскі” (дырэктар – Аляксандр Кот) і “Камарынскі” (дырэктар – Рыгор Анапрэенка). Яны ўзнагароджаны дыпломамі, а ў якасці заахвочвання – трактарамі “Беларус-МТЗ-82”.

Машынна-трактарныя паркі ААТ “Малажынскі” і “Брагінскі” папоўніліся новымі кормараздатчыкамі.

А ў суботу, 9 снежня, мы будзем вітаць удзельнікаў раённых дажынак.

У час уборкі зерневых і зернебабовых супрацоўнікі рэдакцыі былі ў полі разам з хлебаробамі Брагіншчыны з першага да апошняга дня адказнай кампаніі, наведалі кожную гаспадарку, бачылі працоўны энтузіязм людзей і іх адносіны да нялёгкай працы. Сёння, калі прыпарушаная лёгкім снегам зямля адпачывае да вясны, прыемна ўзгадаць гарачыя дні жніва і тых, хто шчыраваў на хлебнай ніве, выказаць ім яшчэ раз словы глыбокай павагі і падзякі.

Старт уборачнай далі камарынцы. Яшчэ ў пачатку ліпеня яны апрабавалі камбайны на рапсавых палях, якія займалі 413 гектараў. Лідзіраваў па намалоце на той момант Валерый Касцючэнка на тэхніцы айчыннай вытворчасці. На адвозцы рапсу быў задзейнічаны Міхаіл Яўсеенка.

Гэтае сельгаспрадпрыемства дало і першага вадзіцеля-тысячніка. Ім стаў Аляксей Тамілка. Да другога жніўня ён паспеў даставіць да месца перапрацоўкі 1079 тон зерня. Потым Валянцін Бельчанка і Уладзімір Петруненка пераўзышлі гэты паказчык, і ўсе трое прымалі віншваванні і падарункі ад першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Васіля Шэйкі на хлебнай ніве. Такога гонару ўдастоіўся і адзін з найбольш вопытных механізатараў “Камарынскага” Іван Давідзенка. Крыху пазней віншавалі камбайнераў Валерыя Касцючэнку і Віталя Сафіенку, якія намаліцілі 1075 тон і 1002 тоны адпаведна, вадзіцеля Максіма Скідана (перавёз 1001,5 тоны).

Не быў абдзелены ўвагай малады камбайнер Аляксандр Мішчанка, спаборнічаць з якім няпроста. Акрамя таго што ён – сапраўдны гаспадар поля, дык яшчэ і апантаны ў рабоце, неабыякавы да вынікаў сваёй дзейнасці хлебароб.

Хлебаробы ААТ "Камарынскі" з узнагародамі і падарункамі
Хлебаробы ААТ «Камарынскі» з узнагародамі і падарункамі

Клопаты аб вырашчаным ураджаі з камарынцамі дзялілі механізатары ААТ “Брагінаграсэрвіс” Мікалай Марчанка і Анатоль Шубянок. З бункера свайго камбайна выдалі 1073 тоны збожжа.

Калі ўжо размова зайшла пра шэфскую дапамогу, нельга не ўзгадаць маладзёжны экіпаж у складзе Дзяніса і Генадзя Шкурко, старшага пажарнага і пажарнага ПАВЧ №1 Брагінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. У час водпуску выратавальнікі не першы год садзяцца за штурвал КЗС-10К і жнуць каласавыя ў ААТ “Імя Жукава”. І сёлета, і ў 2016-м яны запісалі на свой рахунак больш чым па тысячы тон намалочанага зерня.

Дзяніс і Генадзь Шкурко
Дзяніс і Генадзь Шкурко

Прадстаўнікам РАНС было на каго раўняцца. Мясцовыя майстры хлебнай нівы паказалі, на што здатныя. 27-ы сезон убіраў збожжавыя Рыгор Раманюк, памочнікам у яго быў Аляксандр Раманюк. Прыемна ўсведамляць, што да пачэснай і ганаровай справы – уборкі хлеба – у “Імя Жукава” далучаюць маладых. Сяргей Прыходзька і Сяргей Раманюк працавалі са сваімі сынамі – Арцёмам і Анатолем. Сяргей Ігнаценка пачынаў жніво з Віталем Грамовічам, а калі той перасеў за руль энерганасычанага трактара, адказную кампанію завяршаў з Сяргеем Герасіменкам. Свой уклад у агульны каравай гаспадаркі ўнёс экіпаж у складзе Аляксандра Раманюка і Уладзіміра Герасіменкі.

Рыгор Раманюк
Рыгор Раманюк

Цэняць у гэтым сельгаспрадпрыемстве вадзіцеляў МАЗаў Генадзя Шкурко, Уладзіміра Шахніцкага, Аляксандра Смальцара, Міхаіла Раманюка. Кожны з іх перавёз больш чым па тысячы тон збожжа. З не меншым стараннем працаваў на аўтамашыне ЗІЛ Іван Раманюк. Уборачная кампанія прайшла тут арганізавана, і ўжо на 14 жніўня былі зжаты апошнія гектары збожжавых.

Прадстаўнікі сталёвай гвардыі ААТ “Пераможнік” якасна рыхтаваліся да сур’ёзнага экзамену, таму па тэмпах уборкі адразу выйшлі ў лідары і завяршылі абмалот каласавых першымі ў раёне – 12 жніўня. Як, дарэчы, і летась, і пазалетась. Вось прозвішчы камбайнераў і іх памочнікаў: Міхаіл Дарошчанка і Аляксандр Рак, Мікалай Дарошчанка і Аляксей Крус, Сяргей Сідарок і Аляксандр Бухавец, Уладзімір Карпенка і Сяргей Катлярэнка, Васіль Боркін і Андрэй Жураў.

Сяргей Сідарок
Сяргей Сідарок

Чамярысцы, акрылёныя мінулагоднімі дасягненнямі на хлебным масіве і высокімі намалотамі, да сяўбы ранніх яравых прыступілі 4 сакавіка, прадэманстраваўшы аператыўнасць і гаспадарскі падыход да рамонту сельгасмашын (у гэтым пераканаліся ўдзельнікі раённага семінара, які прайшоў на базе гаспадаркі). Па валавым намалоце сёлета ААТ “Чамярыскі” спачатку было на ўзроўні 2016-га, але ж мінулагодняга паказчыка не дасягнула. Уборку зерневых вялі сем экіпажаў, планку ў тысячу тон перасягнулі чатыры: Рыгор Сніцарэнка і Марыя Фалей, Іван Клімовіч і Пётр Сніцарэнка, Павел Ткачук і Вячаслаў Салдаценка, Канстанцін Алішэўскі і Міхаіл Салдаценка.

Рыгор Сніцарэнка
Рыгор Сніцарэнка
Марыя Фалей
Марыя Фалей

Высокае майстэрства прадэманставалі вадзіцелі-тысячнікі Сяргей Філон, Рыгор Малочка, Міхаіл Аладка, Уладзімір Ярошка.

Сяргей Філон
Сяргей Філон

Зерневыя і зернебабовыя ў ААТ “Брагінка” ўбіралі тры экіпажы, найлепшыя вынікі – у Дзмітрыя Коваля і Мікалая Міроненкі (яны былі адзначаны за старанне прафсаюзнымі лідарамі раёна). А ўвогуле дырэкцыя сельгаспрадпрыемства па-дзякавала і ўручыла падарункі ўсім, хто вёў абмалот збожжавых, адвозіў хлеб новага ўраджаю на зерняток.

Лік камбайнераў-тысячнікаў на жніве-2017 адкрыў Мікалай Дзегцярэнка з ААТ “Брагінскі”. З гэтай нагоды віншавалі яго, а таксама вадзіцеляў-тысячнікаў Дзяніса Кузакова і Пятра Максімчыка старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ганна Бабрынёва і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Балобан. Песняй віталі герояў жніва работнікі раённага дома культуры. Дарэчы, Дзяніс Кузакоў на аўтамашыне МАЗ-551605 перавёз за сезон 2313 тон зерня.

Пётр Максімчык, Мікалай Дзегцярэнка і Дзяніс Кузакоў
Пётр Максімчык, Мікалай Дзегцярэнка і Дзяніс Кузакоў

Да ліку тых, хто дасягнуў на ўборцы чатырохзначнай лічбы, далучыліся Сяргей Жураў і яго памочнік Дзяніс Казлоў, сямейны экіпаж у складзе бацькі і сына Аляксандра і Уладзіміра Кацубаў, вадзіцель Юрый Савенка. Эстафету прынялі маладыя хлебаробы – старшы камбайнер Сяргей Рэбка і камбайнер Яўген Шубянок.

Сяргей Жураў і Дзяніс Казлоў
Сяргей Жураў і Дзяніс Казлоў
Аляксандр і Уладзімір Кацубы
Аляксандр і Уладзімір Кацубы

У ААТ “Малажынскі” высокімі намалотамі зноў нагадалі пра сябе неаднаразовы пераможца раённага і абласнога спаборніцтваў Андрэй Гуз, які сёлета працаваў разам з Русланам Чарнянком, бацька і сын Уладзімір і Валерый Харко, Іван Харко і Арцём Чарнянок. Больш чым па тысячы тон зерня перавезлі вадзіцелі Аляксандр Анікеенка, Фёдар Пяхота, Аляксандр Кудранок, Сяргей Чарнянок, з маладых – Віктар Сапоненка.

Не ўсе з тых, каго ўзгадалі ў гэтым артыкуле, будуць адзначаны на раённых дажынках, але кожны заслугоўвае павагі за шчырую працу, пасільны ўклад у каравай Брагіншчыны, дабрабыт раёна.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *