У сваёй сям’і Алена Быстрык стварыла асаблівую атмасферу ўзаемавыручкі і калектывізму

Праздники и будни

0001

Напэўна, няма такой сферы дзейнасці, якая б не скарылася таленту, энергіі, здольнасцям нашых жанчын. І гэта пры тым, што яны ніколі не забываюць пра сваю найпершую місію – нараджэнне і выхаванне дзяцей.

Добрая і ўважлівая, чулая і спагадлівая, прывабная і аптымістычная… Усе гэтыя эпітэты ў поўнай меры можна аднесці да фельчара Мікуліцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Алены Быстрык. Калі прыехала сюды па размеркаванні пасля заканчэння Гомельскага медыцынскага вучылішча, мясцовыя жыхары сустрэлі ветліва. Дапамаглі асвойтацца і прынялі як сваю. Тым больш што работа на сяле маладога спецыяліста не бянтэжыла. Сама таксама родам з вёскі, але суседняга Хойніцкага раёна. Калі здарылася чарнобыльская трагедыя, новым месцам жыхарства стала Рагачоўшчына, дзе ўжо і заканчвала школу. А ў 1998 годзе, пасля набыцця адпаведнай адукацыі, пачала працаваць у Мікулічах, тут і засталася. Дасканала ўжо ведае не толькі сваю справу, але і ўклад жыцця кожнай мясцовай сям’і, характар і звычкі сваіх падапечных, што дапамагае знаходзіць з імі агульную мову.

Пад пастаянным патранажам фельчара – малыя дзеці, цяжарныя жанчыны, інваліды, адзінокія састарэлыя… Плюс прыём пацыентаў, тэлефонныя выклікі, комплекс прафілактычных, супрацьэпідэмічных, санітарна-гігіенічных мерапрыемстваў – клопатаў у медыцынскага работніка заўсёды шмат. Але душэўных сіл, жыццёвай энергіі, настойлівасці і рашучасці хапае, каб паспяхова сумяшчаць працоўную дзейнасць з мацярынскімі абавязкамі. У Алены Леанідаўны – пяцёра дзяцей.

Старэйшая дачка Юля пайшла па слядах матулі: зараз навучаецца ў медыцынскім каледжы. Сын Андрэй – будучы заатэхнік. А васьмікласніца Святлана пакуль яшчэ не вызначылася з дарогай пасля школы, але, як і ў сястры, ужо цяпер праяўляюцца яе арганізатарскія здольнасці і лідарскія якасці. Бойкасць і кіпучую энергію больш накіроўвае ў заняткі спортам. Такой жа жвавасцю вылучаецца і самая малодшая – трохгадовая Ксенія. А вось Дзяніс нават у сваім пяцігадовым узросце добра ведае: будзе камбайнерам! Гарачы інтарэс у яго выклікае тэхніка.

У сваёй сям’і, дарэчы, Алена Леанідаўна стварыла асаблівую атмасферу ўзаемавыручкі і калектывізму, таму тут не цураюцца працы, не дзеляць работу на мужчынскую і жаночую. Выкананне хатніх абавязкаў на роўных, клопаты старэйшых пра малодшых успрымаюцца як норма. І гэта вельмі дапамагае жанчыне ў найбольш напружаныя, складаныя моманты, не дазваляе парваць трывалую нітачку любові, даверу, падтрымкі і апоры.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *