Аляксею Чыстабародаву даручаны адказны ўчастак работы, якую неабходна выконваць бездакорна

Грамадства Праздники и будни

Mol_001

На Брагіншчыну юнак прыехаў у лютым 2017-га. Месца працы выпускнік Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі выбраў невыпадкова: хацеў усур’ёз заняцца пытаннямі землеўпарадкавання, быць сярод людзей, а не сядзець у кабінеце над стосам папер у якім-небудзь бюро. У раёне якраз не хапала спецыяліста яго профілю, таму Аляксея прынялі з задавальненнем, выдзелілі аднапакаёвую кватэру на першым паверсе новага дома ў надзеі, што прыжывецца.

Наўрад ці ўяўляў малады чалавек, з якімі праблемамі давядзецца яму сутыкнуцца ў першыя ж месяцы і якую адказнасць на сябе ўзяць. Начальнік землеўпарадкавальнай службы хутка звольніўся, і ўвесь цяжар работы лёг на плечы маладога спецыяліста. Тэорыя – гэта адно, а практыка – другое, хутка зразумеў Аляксей і пачаў глыбей унікаць у сутнасць справы. Давялося ў працэсе работы і вучыцца, і прымаць самастойна рашэнні, і затрымлівацца на працы.

У сераду, калі мы сустрэліся з ім, увесь час не змаўкалі службовы і мабільны тэлефоны, на факс паступалі новыя паведамленні, а пад дзвярыма сваёй чаргі чакалі наведвальнікі. У кожнага – няпростая сітуацыя, якая патрабавала разбору і ўмяшання. Аляксей Віктаравіч (ён зараз выконвае абавязкі начальніка) цярпліва тлумачыў, супакойваў і даваў парады.

Мне спадабалася, што ў яго адносінах да людзей няма абыякавасці. Грамадзяніну (ён хацеў узяць участак пад гароднінныя культуры), параіў, што лепш зрабіць, каб гэтую зямлю можна было аформіць як уладанне, што перадаецца ў спадчыну: развіваць асабістую падсобную гаспадарку. На гэтыя мэты пэўная плошча выдзяляецца.

У раёне зараз вядуцца маштабныя рамонтныя работы, будаўніцтва ферм, добраўпарадкаванне тэрыторый. Без землеўпарадкавальнай службы тут не абысціся, як і пры навядзенні парадку пасля зносу пустуючых дамоў і вытворчых памяшканняў, што адслужылі свой век. Пры выяўленні недахопаў выдае прадпісанні, а калі яны не ліквідаваны, складае пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях. А гэта ўжо – штраф. Прызнаецца: у такія моманты спачатку адчуваў сябе ніякавата, але ж потым супакоіўся. Нягледзячы на маладосць, яму даручаны адказны ўчастак работы, якую неабходна выконваць бездакорна.

На землеўпарадкавальным факультэте акадэміі Аляксей вывучаў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі і Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Імі зараз і кіруецца ў паўсядзённай практыцы, каб не дапусціць памылак, усё зрабіць правільна і нікому не нашкодзіць. На першым курсе ўсёй групай уступілі ў грамадскае аб’яднанне “БРСМ”, чым малады спецыяліст ганарыцца.

У нас юнаку падабаецца ўсё: шчырыя і адкрытыя людзі, адносіны да яго як да кампетэнтнага работніка, змены, што адбываюцца на вачах у вонкавым выглядзе старажытнага Брагіна, цудоўная прырода. А што такую працоўную загартоўку атрымаў, дык гэта толькі на карысць. Для службовага росту ў далейшым спатрэбіцца.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *